8...
— Кажа ён учора мне пад вечар...— плачучы, расказвала цёця Галя — у кажушку, са спушчанай на шыю пуховаю хусткаю (толькі што з дарогі), з пачырванелымі вачыма і са слязьмі на шчоках,— («Палягчэла мне, Галя. Ідзі дадому, пчол паглядзі: вот-вот вылецяць жа... Ды бульбу пачынай перабіраць — хутка вярнуся, дык будзем разам садзіць... Прывет настаўнікам і дзецям перадай... Дачцэ напішы, а сыну скажы, каб не журыліся: хварэю, бо мая такая старасць, а ім жыць ды жыць трэба...» Усцешвае ён мяне так, а маё сэрца так і чуе бяду: недарэмна ён так гаворыць... Астатнія дні па многа разоў яму то горшала, то лепшала. Калі лепшала, дык ён усё ўсміхаўся... А гэта зноў палепшала, але я мала радуюся... Чую бяду...— цёця Галя плача.— Думаю: «Не, сёння не пайду дадому. Застануся каля яго...» Развіталіся нанач, але я не пайшла, засталася ў калідоры, села ў крэсла і сяджу. Сама не іду больш у палату, баюся, падыду і папрашу дзяжурную: «Зірні, міленькая, ці яшвы ён». Сходзіць, паглядзіць, кажа: «Жывы. Але не спіць. Ляжыць і пазірае ў столь. Думае». А пад раніцу, калі я ўжо і прыдрамала крыху, выбягае з палаты сусед. Мусіць, па дзяжурную, убачыў мяне, дык да мяне: «Цётачка, здаецца, памірае ваш Алесь Трахімавіч...» Я бегма туды. Бачу: туман у яго на вачах. Але пазірае на мяне, здаецца, пазнаў, што гэта я, зарадаваўся, працягнуў руку і гэтак нямоцна паціснуў яе. Хацеў, здаецца, падпяць маю руку яшчэ і пацалаваць, але не данёс, выпусціў... І заплюшчыліся яго вочы, ад твару адліла ўсякая чырвань... Навек...— прамовіла і зноў у плач.
«Божа! — падумаў Васілец, аглушаны гэтаю навіною.— Бедны Алесь Трахімавіч! Мілы Алесь Трахімавіч! Ну, чаму табе доля не дала яшчэ пажыць? Хай бы ты болей не працаваў, толькі жыў, быў побач. І то было б лягчэй — ты жывеш... Але няма... Як бы адразу нешта апусцела... Аж боязна: а як жыць, працаваць без Алеся Трахімавіча?..»
У невялікай Зубковай хаце і ўночы, і вось цяпер, удзень, было цесна: сабралася шмат народу. З усіх бліжэйшых вёсак. Сваякоў, сяброў, а найбольш — знаёмых. Старых, сталых і маладых.— Шмат — надта дзяцей — стаяла ў сенцах, на дварэ.
Алесь Трахімавіч — у чорным касцюме, у белай кашулі, са складзенымі на грудзях бледнымі, з сінімі жыламі рукамі — ляжаў у труне пасярод пакоя. Застылы, бледна-жаўтаваты твар яго быў, здаецца, мала і зменены.
«Як і жывы Алесь Трахімавіч,— думаў Васілец, стоячы з Ларысаю і пазіраючы на нябожчыка. Ля яго, ля крэсла, на якім стаяла і гарэла свечка, стаялі на каленях і плакалі цёця Галя, рослы сын і гэтакая ж рослая дачка гаспадароў.— І такі ж твар адухоўлены. Нібы задумлівы. Пра тое, як яшлося, як яшчэ жыць... І, здаецца, крышку гарэзны: Алесь Трахімавіч ніколі не паказваў, што яму цяжка, што ён сумуе... Паглядзіш век на яго і здзіўляешся: невычэрпная крыніца радасці, натхнення, бадзёрасці... Аж, выходзіць, вычэрпная: усё, выходзіць, на зямлі не вечнае...»
Балелі ногі, балела галава: усе настаўнікі — а з імі Васілец і Ларыса — былі тут і ўночы. На хвілінку схадзілі дадому памыцца, крышку перакусіць і вось зноў вярнуліся — праводзіць калегу ў далёкую дарогу. На вечны спачын.
Васілец зірнуў лявей і правей труны: там стаялі Іван Сямёнавіч, Вяртун і Вольга Піліпаўна. У мужчын слёзы на вачах, Вольга Піліпаўна плача наўзрыд, кусае вусны. Амаль увесь час хустачкі ля вачэй Ліліі Іосіфаўны, Маі Сцяпанаўны і Ірыны Васільеўны. Моршчыліся, раз за разам выціралі слёзы такія, здавалася, спакойныя, як Уладзімір Пятровіч і Таццяна Сяргееўна... Уткнуўшыся ў яго плячо, плакала Ларыса. Наўзрыд.
І Васілец чуў: сціскаецца нешта ў горле, душыць і наступае такі адчай, такі боль, што няможна больш вытрываць. Хочацца закрычаць, а то нават і завыць і пайсці. Пайсці куды глядзяць вочы. Далей, далей ад такога гора. Але ногі як прыраслі. Ды і ведаеш: нікуды не пойдзеш. Слёзы з вачэй. Як ручайкі. Туманяць, засланяюць вочы. І нясцерпны боль: ну, чаму так? Мілы і родны Алесь Трахімавіч!
«Выходзіць, усё на свеце не вечнае,— зноў і зноў думаў пра гэта, што сёння найбольш уразіла, было неадчэпным.— Маладосць, каханне, радасць, праца, шчасце, словам, жыццё... Значыць, і я не вечны, а смяротны. Прыйдзе некалі час — і я вось так буду ляжаць, і мяне не будзе... Страшна! Вельмі страшна нават пра гэта падумаць! Але ж гэта вечна. І жыццё не прападзе: нехта прыйдзе на тваё месца малады, здаровы. Выходзіць, цяпер нам, маладым, трэба рабіць за Алеся Трахімавіча. І не горш. Горш няможна: тады ўсё ў Міланьскай школе пойдзе назад... А як працаваць лепш за такога майстра, якім быў Алесь Трахімавіч? Значыць, трэба шмат думаць, шукаць, дзярзаць. Працаваць лепш, чым працаваў дасюль. Разумней, больш, з большаю ахвотаю і любоўю. Аддаваць усяго сябе школе... Калі хочаш пайсці па сцяжыне Алеся Трахімавіча і не занядбаць яго справу, калі хочаш і сам пакінуць добры след у жыцці... Вось так. Здаецца, я вельмі пасталеў за гэтую бяссонную ноч, паразумнеў, многае адчуў і зразумеў у такім простым, але і вельмі нялёгкім жыцці, упершыню адчуў: няпроста яго пражыць. Напраўду, мудра кажуць: жыццё пражыць — не поле перайсці. Але вось Алесь Трахімавіч здолеў разумна пражыць сваё жыццё, хоць сам не раз казаў: можна было і іначай, яшчэ больш удумней, жыць... Дык вось якое яно ўсё няпростае гэтае простае!..»
...Сабраліся хаваць Алеся Трахімавіча пасля полудня.
Калі Іван Сямёнавіч, Міхась Рыгоравіч, яшчэ два вяскоўцы паднялі трупу на плечукі і паціху пайшлі з хаты, цёця Галя — ужо ў кажушку, у ботах, пастарэлая і пасівелая за апошнія суткі, з чырвонымі вачыма — зноў адчайна і жалобна загаласіла, учапілася за труну.
— Каму ты, Алеська, кніжачкі гэтыя пакідаеш, як яны будуць без цябе? — плакала яна.— Як жа хатка гэтая будзе без цябе, як жа я буду жыць?
Яе супакойвалі, прасілі так не адчайвацца, «бо ўсё роўна Алеся Трахімавіча не падымеш ужо», яна і сама гэта добра разумела, але галасіла і галасіла. Калі праз натоўп, які расступіўся, вынеслі трупу, цёця Галя плакала, прыгаворвала, а пасля спатыкнулася і ўпала ля парога. Павел, які ішоў крышку ззаду, першы праціснуўся, падхапіў яе пад рукі, адчуўшы, якая яна цяжкая, прыхіліў на лаўку, убачыў, што цёця Галя белая-белая на твары, з заплюшчанымі вачыма.
Людзі -закрычалі — і ў хату ўбег гаспадароў сын, хуценька дастаў з кішэні загадзя пакладзеную туды бутэлечку нашатыру, адкаркаваў яе, паднёс маці да носа. Тая раскрыла рот, пасля чмыхнула і расплюшчыла вочы.
— Трымайся, мамка,— плаксіва папрасіў высокі, плячысты сын, узяў яе пад руку і павёў у сенцы, і яна, чапляючы нагою за нагу, ішла, амаль павісаючы на сынавай руцэ.
— Алеська мой,— зноў, апрытомнеўшы, загаласіла цёця Галя,— і хатка наша неперакрытай застаецца, і пчолкі нашы сіротамі сталі... Што ж ты нарабіў, Алеська?
Яна пазірала на цэглу, што ляжала пад страхою, на вуллі, якія стаялі ў садзе, і гэта, можа, для яе было памяццю па мужу.
Труна ўжо стаяла на машыне са спушчанымі бартамі, на ёй стаяў і невысокі столачак. Сын памог маці ўзлезці на машыну, пасадзіў на столак, ля яе прымасціў сваіх і ленінградскіх — сестрыных — хлопчыкаў, якія стоена і нават з нейкім неразуменнем пазіралі на труну, знаёмага маўклівага дзеда ў ім, на людзей, якія запоўнілі ўвесь двор.
Машына паціху кранулася, і за ёю пайшлі родныя, за імі — настаўнікі, за настаўнікамі — астатнія людзі.
На дварэ было мокра. Снегу ўжо амаль не бачылася, ён ляжаў толькі ў лагчынках, дзе быў стары лёд, а так зямля была мяккая, мокрая.
Павел, несучы ў руках шапку, ішоў побач з Ларысаю, слухаў і сцінаўся ад плачу і жалобнай музыкі, якую зайграў духавы аркестр, як толькі рушылі ад хаты.
Наперадзе спыніліся і стаялі тутэйшыя і не тутэйшыя грузавікі, міланьскія падводы з мукою для фермы, уверсе было хмурнае, нізкае неба, якое сеялася дробненькаю снежна-дажджавою імжою. Шафёры і возчыкі прыпыняліся, выходзілі на вуліцу і, зняўшы шапкі, стаялі, сумна пазіралі на абабітую жалобным палатном труну, з якой бачыўся поўны і спакойны Алесь Трахімавіч, які ўжо не пазіраў у сырое неба, не глядзеў на людзей, што праводзілі яго ў апошнюю дарогу.
Нечакана з-за мокрых хмар выбліснула сонейка, выплыла на прагал, гайданулася, як на хвалях, і паплыло, засвяціла самотна, халаднавата, але ўсё ж чуйна, напамінаючы, што да людзей усе шпарчэй і шпарчэй ідзе вясна, новае жыццё...
— І сонейка ты ўжо не бачыш...— загаласіла, закрыла белы твар такімі ж белымі рукамі цёця Галя.— А так ты яго чакаў... Гаварыў: пацяплее — і стану на ногі... Стаў...
Ад бяссонніцы ў Паўла ныла галава, цяпер самі ліліся слёзы, хоць ён усё яшчэ не верыў, куды і чаго ідзе, здавалася, што ўсё гэта нешта не на самай справе, але вось машына павярнула на вішнёўскую дарогу, і шафёр ля школы засігналіў, як паказаў, што нябожчык навек развітваецца з ёю, якой аддаў лепшыя свае гады.
Паволі машына, а за ёю і вялікі натоўп людзей падыходзілі да міланьскіх магілак, якія былі злева,— значыць, усё гэта было не сном, а самаю што ні ёсць праўдзіваю яваю...
Ля магілак, абгароджаных новым плотам, усаджаных высокімі соснамі, машына спынілася, і яе адразу абступілі людзі, якія ішлі следам.
Тыя ж людзі, якія выносілі труну з хаты, і цяпер знялі яе з машыны, а з імі і Павел разам, панеслі па сцежцы ў глыб магілак. Праходзілі ля многіх старых і новых помнікаў з зоркамі і крыжамі, хутка падышлі да кавалкаў мёрзлай зямлі і дзвюх горак свежага жоўтага пяску, між якіх бачылася глыбокая яма.
Труну асцярожна апусцілі і паставілі ля ямы, і Павел з нейкім жахам зірнуў у яе, убачыў жоўтае глыбокае дно, на якое насыпалася крышку зверху чарнаватага пяску, з болем зірнуў на знаёмы жаўтавата-васковы твар, складзеныя на грудзях рукі, бліскучыя чорныя туфлі, што былі звязаны белым бінтам. Труну абступілі родныя.