«Аж дзіва,— падумала Лілія Іосіфаўна,— усе нашы дзяўчаты, хоць і не зайздросцяць майму лёсу, але чамусьці шукаюць у мяне паратунку: да мяне прыходзіла са сваім смуткам, са сваімі трывогамі Ларыса, калі была дзяўчынаю і яе Васілец быў у войску, мне ж прыходзілася памагаць у горы Маі Сцяпанаўне, калі ў яе не ўсё клеілася з Васілём, я ж супакойвала і Ірыну Васільеўну, што не маю замахаў на Пецю, да мяне ж у бядзе знайшла сцежку і гордая красуня Таццяна Сяргееўна... Як я ўсё роўна прыёмнік усяго гора, усёй бяды на свеце... А хто ж мне калі паможа? Ці ўсе думаюць, што я мала думаю пра сябе, пра свой лёс?»
12...
— Хоць усе нашы цяпер і адпачываюць, а мы з табою, калега, давай яшчэ пакумекаем пра школу,— сказаў Іван Сямёнавіч, калі ўтульна сеў за свой стол, скінуў пінжак, павесіў яго сабе за спіну, на крэсла.— Хоць дарэмна я пад старасць распусціўся, ліберальнічаю, паадпускаў вось усіх. Гэта для дзяцей канікулы, а для настаўнікаў якія канікулы? Трэба, каб усе былі ў школе, чыталі, пісалі календарныя і іншыя планы, падправілі табліцы, вучыліся пускаць кіно. А то ёсць кінаапарат, а пускаць яго ўмеюць лічаныя людзі. Але просяць во: пусціце з'ездзіць то да мамы, то да бабулі...
Васілец маўчаў: сёлета ён з Ларысаю ды з сынам мусіў застацца на канікулы ў Міланьках, а ў тыя гады, калі быў вольны, як арол, з вялікаю ахвотаю і сам, засумаваўшы, ездзіў і да сваіх, і да Ларысіных бацькоў, браў гэтаксама загадзя на канікулы і білеты ў сталічныя тэатры.
— Хочацца і да матак, і да бабуль з'ездзіць... — усміхнуўся Васілец.— Бо, на вялікі жаль, і бабулі, і маткі не век жывуць... Ды і ў Міланьках пакуль што няма ні тэатра, ні кнігарні, ні універмага...
— Ты ўжо кіраўнік, калега, дык павінен іначай думаць. Стражэй,— павучыў Іван Сямёнавіч.— Раз трэба для школы, для парадку, каб былі тут, дык трэба. І ўсё тут. Будзь строгі — і ўсё будзе па-твойму. Будзе парадак усюды. Яшчэ ж сам помніш: за мною заўсёды быў добры парадак. Гэта апошнія гады я крыху расклеіўся, усё пусціў на самацёк. А пускаць не трэба... І не бойся мець непрыяцеляў, бо яны ўсё роўна заўсёды будуць. Будзеш строгі — злоснікі, крыўднікі будуць, станеш мяккі — насмешнікі, хітруны завядуцца...
Васілец прамаўчаў.
— Але гэта ўсё між іншым, калега, толькі добрая парада старога вераб'я маладому... — усміхнуўся Іван Сямёнавіч, прыгладзіў рукою зусім сівыя рэдкія валасы на галаве.— Я паклікаў цябе дзеля другога. Нам трэба з табою, калега, паднавіць перспектыўны пяцігадовы план і скласці план работы на гэты навучальны год,— прамовіў ён і ўсміхнуўся, бо ўбачыў, канечне, што Васілец здзівіўся: прайшла ўжо амаль палавіна вучобы, а толькі цяпер складаць план? — Магу прызнацца, калега, чаму так... Цябе павінны былі назначыць завучам яшчэ з першага верасня, вось я і думаў яшчэ тады: прыйдзеш да мяне ў намеснікі і возьмешся за гэта са свежым розумам, з маладымі сіламі, па-творчаму, бо мой і розум ужо прытупеў, і прывык я да шаблонаў... Ды і тыя часта не знаходзяцца... Але мяняўся загадчык райана, тваё назначэнне затрымлівалася — вось план і не пісаўся. Вось цяпер маеш вольны час, дык і вазьміся за гэта, калега. А то наскочаць інспектары, дык не ацярэбімся тады ад прачуханцаў... А яны ні мне, старому, ні табе, маладому, не трэба.
— Я ж не ведаю, што і як пісаць,— прызнаўся Васілец.
— Пакажу, памагу — і навучышся. Усяму навучышся...— прамовіў Іван Сямёнавіч, адчыніў шуфляду стала і дастаў тоўсты сшытак у рудых вокладках,— Вось пазалетась, як ты служыў, быў я ў абласным інстытуце ўдасканалення настаўнікаў на семінары дырэктараў васьмігадовых школ, дык тое-сёе запісаў з таго, што цяпер самае сучаснае ды моднае.
Ён дастаў з кішэні акуляры, начапіў на нос і паглядзеў на першую старонку, потым адгарнуў з палавіну, відаць, пранумараванага сшытка.
— Вось табе і план работы школы,— сказаў ён, пазіраючы ў сшытак,— Адзінаццаць раздзелаў. «Уводзіны». Напішаш, чаго мы дабіліся ў тым годзе, чаго хочам у гэтым. Пафантазіруй, распішы як трэба. Вось далей раздзелы: «Выкананне закона аб усенавучы», «Работа з педагагічнымі кадрамі», «Навучальна-выхаваўчая работа», «Пазакласная выхаваўчая работа з вучнямі», «Кіраўніцтва і кантроль за навучальна-выхаваўчай работай», «Работа з бацькамі, з грамадскасцю», «Спартыўна-масавая і гігіенічная работа»... Так... Ну, апошні раздзел — «Умацаванне навучальна-матэрыяльнай базы школы» — я сам складу, бо яшчэ лепш за цябе ведаю, што трэба нам купіць, што можна дастаць, а што няможна. А табе тут ёсць процьма парад,— ён падаў Васільцу свой сшытак.— Пішы, што было ў нас, што павінна было быць, што будзе... Не бойся падсыпаць гучных слоў. Чым паболей... Такі план зляпі, каб быў як звон. За добры, хоць, можа, і не зусім пад сілу, план ніколі нас не паганяць. Калі і даб'ешся чаго, дык пахваляць: малайцы, усё было задумана! Вось яшчэ дам табе ў помач...
Іван Сямёнавіч адсунуўся разам з крэслам ад стала, нагнуўся і, чырванеючы ад натугі, пачаў даставаць з правай тумбы дубовага стала старыя школьныя журналы. Збоку на іх выцвілым чарнілам бачыліся розныя лічбы: «1947», «1953», «1956», «1964», а гэтаксама і іншыя. Некаторыя журналы — надта тыя, што былі ўжо даўнія,— былі зжаўцелыя, абгрызеныя мышамі і пахлі цвіллю.
— Вось, калега, усе нашы школьныя планы за маё дырэктарства,— усміхнуўся Іван Сямёнавіч, як дастаў і з другой тумбы і паклаў на стол гару журналаў, чмыхнуў і абцёр далонь аб далонь.— Усё трымаю, неяк шкода выкідаць! Ды падумаеш: гэта ж гісторыя ўжо. Твая гісторыя! І на ёй твой подпіс!.. — Вось,— ён разгарнуў адзін стары журнал,— «Дырэктар школы Рагатка І. С.». Гісторыя! Але ўсе журналы я табе не дам, бо тут ужо,— ён са смуткам паківаў уверх-уніз галавою,— на сёння шмат непатрэбных цытат, прозвішчаў, усякай лішніцы, ад якой мы пакрысе адвыкалі... А ўсё было... І цытаты, і прозвішчы грымелі! І ўсё потым уміг счэзла! Дам я табе журналы з 1964 года, гэта надзейна на сённяшні дзень,— ён адабраў з сем навейшых журналаў, падаў Васільцу, а астатнія паскідаў назад у тумбы стала.— Перагледзь, бо ў нашай рабоце і трэба пераемнасць. Знойдзеш якую цікавую задуму, дык не бойся перапісаць, бо ўсё добрае — век добрае. Я тут шмат паўтараў з году ў год. Але і асвяжы, канечне, сваім маладым розумам. І ўсюды перасыпай словамі «сучаснасць», «навуковасць», «праблемнасць», «кабінетная сістэма навучання», новыя праграмы, новыя патрабаванні». Усё ясна? — і хітравата ўсміхнуўся.
— Ды разумею вас... — адказаў Васілец, адчуваючы, што ўсе канікулы праседзіць ля стала: трэба будзе яшчэ напісаць і свае — завучаўскія ды каляндарныя — планы. Адно суцяшэнне, што будзе ўжо ведаць, як трэба пісаць план работы школы.
— Тады яшчэ адна гамонка, дарагі калега,— Іван Сямёнавіч дзьмухнуў па стале, дастаў з верхняй шуфляды стала лісты паперы, што яшчэ пазаўчора аддаў яму Васілец.— Вось, як я і прасіў, як і павінен гэта рыхтаваць завуч, ты зрабіў для райана справаздачу за другую чвэрць і за першае паўгоддзе. Але такой ведамасці ў раён няможна пасылаць. Чаму? — усміхнуўся ён.— Сам не здагадваешся? Не? Адгадка простая. Шмат двоек, троек, мала чацвёрак і пяцёрак... Мы не можам усё гэта так паказваць. Мне ж галаву на адыход мой на пенсію адкруцяць...
— Я склаў справаздачу па ведамасцях класных кіраўнікоў,— адказаў Васілец.— Нічога сам не прыдумляў.
— Я ж табе даваў копіі ведамасцей за той год за першае паўгоддзе, прасіў зірнуць, што сёлета, а што летась было... — ужо з незадавальненнем прамовіў Іван Сямёнавіч.— Разумееш, трэба, каб сёлета хоць на адну тройку, хоць на адну чацвёрку, але каб было лепш, як летась. Рост трэба. А я вось падрахаваў — ну, гэтак, як было і летась. Так што перапішы, Павел Мікалаевіч, падпішы — і мы пашлём... — і ён падаў яму паперы, усміхнуўся: — Недзе разы са два, а то і болей у якой двойкі ці тройкі не туды хвосцік ці вяршок загні — і ўсё будзе як трэба...
— Другую ведамасць я не магу падпісаць... — адказаў Васілец і папер не ўзяў.
Іван Сямёнавіч, прыжмурыўшы вочы, трымаў гэтыя паперы ў працягнутай руцэ. Праз хвіліну рука дробна задрыжала, а твар запунсавеўся. Потым Іван Сямёнавіч паклаў ля сябе паперы, прыгладзіў дрыготкаю рукою валасы, пацёр пальцам у куточку правага вока.
— Не ўпірайся. Перапішы і падпішы,— сказаў ён, зноў дзьмухнуў па стале.— Так трэба. І табе гэта навука на пазнейшае. Разумееш, трэба, каб былі зрухі... Калі баішся падпісаць адзін новую ведамасць, дык і я падпішу...
— Не, Іван Сямёнавіч, гэтага я рабіць не буду...
— Ды зразумей ты,— Рагатка абпаліў яго бязлітасным позіркам,— мне налета на пенсію ісці, і мне хочацца мець персанальную... А ты малады, здаровы, дык палепшыш яшчэ ўсё і на самай справе... І я ў твае гады палепшыў бы...
— Я не толькі пра гэта думаю, а яшчэ і пра іншае... — вытрымаўшы дырэктараў позірк і нават прымусіўшы таго апусціць галаву, сказаў Васілец.— Ды што мне гаварыць: вы самі ўсё лепш за мяне ведаеце...
— Ах, ты вось пра што! — ухмыльнуўся Іван Сямёнавіч.— Не будзь наіўны, калега... Ты вось толькі пачынаеш яшчэ стала жыць, працаваць, дагэтуль начытаўся ўсяго, наслухаўся, дык таму такі і яршысты... Такі і я некалі быў... Але я ўжо, лічы, трыццаць гадоў кірую гэтай школкай, у такіх пераплётах быў, што маладому пра гэта і не снілася... І сёння ўжо ведаю: не раз трэба рабіць тое, што не варта было б рабіць... Думаеш, ты не будзеш? Ты, маўляў, з новага цеста, пры новых вятрах жывеш... Будзеш, усё будзеш. Бо нікуды не дзенешся. Паскачаш-паскачаш, паяршышся, дык раз-другі ў адно, у другое месца паклічуць ды запатрабуюць: ты нам не свае ідэі ды ілюзіі давай, а вынікі! Дык знойдзеш сцежачку, каб гэтыя добрыя вынікі мець. Бо без зрухаў, поспехаў няможна... Будзеш мець іх — будзе і пахвала... Сядзеш у прэзідыум, пафарсіш на дошцы Гонару, грудзіну нечым упрыгожыш... Гэта я пад старасць не надта дабіваўся гэтага, бо не хацеў лішняй увагі, лішніх камісій... А было чым пахваліцца, каб усе настаўнікі тут працавалі, якіх сюды прысылалі. Былі сярод іх, прабач за такія словы, можа, і не табе, калега, раўня: цяпер яны лепшыя дырэктары ды завучы некаторых школ... Чаго адзін толькі Алесь Трахімавіч быў варты!.. Можна было на ўсю рэспубліку праславіцца. І цяпер праз пару гадоў будзе чым пахваліцца, калі захочаш. Захочаш... Бо слава, пашана гэтыя вельмі ж жаданыя ў маладым узросце, як глыткі вады ў смагу. Здаецца, піў бы і піў бы. Дык перапішаш справаздачу ў падзяку за тое, што вучу цябе вуму-розуму, веды перадаю?
— Не,— адказаў Васілец.
— Я і адчуваў, што ты ўпарты! — хмурна прамовіў Іван Сямёнавіч, забраў паперы, буркнуў: — Некалі ўспомніш мяне... Паколешся, паяршышся ды і пагладчэеш, памякчэеш... Ну ладна, сам ва ўсім разбяруся... А ў нас з табою ёсць яшчэ адна закавыка. Усе цяпер усюды трубяць пра кабінетнае навучанне, нібы гэта ледзь не самае лякарства зрабіць і разумных, і няздольных дзяцей выдатнікамі. Калі нешта не клеіцца ў якой школе, дык, маўляў, уся бяда ў тым, што няма класа-кабінета... Па мове, па матэматыцы ці па фізіцы кабінетаў мы пакуль што зладзіць не можам, а вось па біялогіі зможам. Паставім, што маем, назбіраем усякіх жучкоў ды матылькоў. Дык вось, калега, каб не з'елі нас за адсталасць, за «ненавуковую» работу, падскоч ты каторага дня ў Галінавічы ды зірні, што там за цуда гэткае — клас-кабінет на біялогіі, бо галінавіцкі дырэктар, як толькі нехта выдумаў, а райана падхапіла гэтую ідэю, адзін з першых пачаў усклікаць на ўсіх нарадах, што кабінетная сістэма дае толькі адны чацвёркі ды пяцёркі... А я тым часам падумаю, які клас вызваліць пад кабінет... Зладзім яшчэ гэта, ды трэба хутчэй уцякаць, пакуль разумнікі з навукова-даследчых інстытутаў яшчэ чаго не выдумалі... Божа, колькі чаго яны і за маю работу ні выдумлялі, ні раілі! І раздзельнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак, і каменціраванае пісьмо, і вось праблемнае навучанне, кабінетнае... Пайду са школы, але навек верыць буду, што найлепш навучыць дзяцей звычайны ўрок. Ды здольны настаўнік. А гэта — тэлевізары, кіно, табліцы, кабінеты!.. — ён усміхнуўся.— Але маўчу! Каб не лічыў мяне адпетым рэтраградам... А лічы, што і я за навуку, за ўсё новае... З'ездзі, словам, зірні, што там за дзіва такое, што за лякарства ад двоек ды троек...
— З'езджу,— ужо са спачуваннем да дырэктара адказаў Васілец.
13...
... — Хай настаўнікі першае слова скажуць! — усміхнулася суседка, гаспадыніна сваячка.— Галоўная ж на гэтым свяце Ірына Васільеўна — настаўніца...