«Ніхто і не ведае, што ў мяне сёння за дзень...— падумала Лілія Іосіфаўна.— І добра. Менш увагі. Нашто, каб усе зналі, што мне ўжо дваццаць восем гадоў, што з усіх маладых я тут самая старэйшая... Была б, можа, нейкая крыўда, каб мяне, адзіную дачку, не павіншавалі бацькі. Але ніякай крыўды на іх няма, а, наадварот, прыемна: бацька і маці прыслалі пасылку, дзе былі мае любімыя цукеркі асарці, вось гэтыя кофта, боты, кулон, спадніца. Праўда, на паштоўцы, што сёлета падпісала маці, былі, як і тыя гады, усякія сардэчныя словы, але на гэты раз былі і дзве нечаканкі. Маці віншавала, але не назвала нідзе, колькі мне гадоў, і, па-другое, на гэты раз яна не жадала, каб я «хутка выйшла замуж за любімага чалавека», як зычыла раней. Відаць, маці ўжо не верыць у гэта... Ну, і такой бяды! Пражыву ж неяк і адна... Не буду так адчайвацца, як адчайвалася летась...»
— Вось гэта Лілія Іосіфаўна! — цмокаў усё Іван Сямёнавіч.— Не пазнаць! Так і свеціцца ўся нейкім святлом...
«І ён, стары чалавек, гэта ўбачыў! — здзівілася Лілія Іосіфаўна».
Лілія Іосіфаўна дастала з сумкі кіпу сшыткаў, падала іх Васільцу.
— Вось, Павел Мікалаевіч, правераныя ізлажэнні шасцікласнікаў,— сказала яна,— а вось,— і тут жа яшчэ падала лісток паперы,— запісана, колькі якіх ацэнак, на якія правілы памылкі.
— Дзякую,— адказаў той, усё ўзяў.— У мяне ёсць два вольныя ўрокі запар, дык я ўсё разгледжу, а потым пагаворым па вашых уроках.
— Добра,— згадзілася яна.
«Не прызнаюся-такі, які ў мяне сёння дзень...» — падумала зноў яна, хоць у душы і хацела, каб нехта ўведаў пра гэта, павіншаваў...
...Нарада настаўнікаў мовы пачалася пасля ўрокаў.
Застаўся паслухаць, пра што будуць гаварыць, і Сліж: такая вось нарада была першы раз за апошнія гады.
— Вам, Лілія Іосіфаўна, першае слова,— калі ўсе паселі, сказаў Іван Сямёнавіч. Сам ён не збіраў ніякіх нарад, акрамя педсаветаў, але згадзіўся на гэтую, калі яму сказаў пра гэта Васілец.
— Ну, што я магу сказаць? — спакойна пачала гаварыць яна.— Што думала, хацела ды ведала, тое старалася даць на сваіх уроках, на якіх быў Павел Мікалаевіч. Мне вельмі спадабалася, што завуч сам рыхтаваўся да гэтых урокаў, спачатку пагаварыў са мною, што павінна гэтая тэма даць дзецям, як яе вывучаць. Яшчэ спадабалася, што завуч на шмат урокаў запар ішоў не так «падлоўліваць» на нейкіх дробязях, а хацеў убачыць, як я працую, хацеў памагчы мне. Таму працавала я гэтыя два тыдні з хваляваннем, але і з добрым настроем...
— Вось што значыць, калі завуч малады, прыгожы! — пажартаваў Іван Сямёнавіч,— Ужо ад аднаго гэтага ў настаўніц настрой падымаецца...
Дзіва: Лілія Іосіфаўна сёння не засаромелася ад такога жарту. Толькі ўсміхнулася. Заўважыла, што засаромеўся іншы чалавек. Вяртун. Апусціў галаву, пачаў з нервовасцю кусаць пазногці на левай руцэ. Сліж зларадна ўсміхаўся аднымі вачыма і неўпрыкметку для ўсіх па-змоўніцку і як па-сяброўску штурхаў каленам Васільца — той сядзеў якраз паблізу.
Лілія Іосіфаўна яшчэ расказала, што і дзеля чаго яна рабіла на кожным уроку, як дзеці напісалі ізлажэнне.
— Хто выступіць? — калі яна сціхла, паглядзеў на ўсіх Іван Сямёнавіч.— Давай, Рыгоравіч. Маеш жа што сказаць, столькі гадоў робячы ў школе...
Ад гэтых дырэктаравых слоў Вяртун яшчэ болей зачырванеўся.
— Я ж не быў на гэтых уроках...— потым прамовіў ён, і, відаць, усе адчулі, што яму цяпер вельмі няёмка. А то і сорамна.— Ды першы раз за апошнія дзесяць гадоў буду выкладаць мову і літаратуру...
— Ну, як ведаеш,— адказаў Іван Сямёнавіч.— Давай тады ты, таварыш завуч,— і з усмешкай зірнуў на Васільца.
«Ці не помсціць за што Іван Сямёнавіч Вертуну? — падумалася Ліліі Іосіфаўне.— Ці Вяртун зацяўся, крыўдзіцца? Змяніўся ж зусім...»
Васілец паружавеў, падсунуўся бліжэй да дырэктаравага стала. Відаць, хваляваўся: як-ніяк гэта была не толькі гутарка пра яе ўрокі, але і яго першая сур'ёзная проба завучаўскіх сіл.
— Як мне раілі завуч Галінавіцкай дзесяцігодкі, у райана ды ў педкабінеце,— прамовіў Васілец, чамусьці стараючыся ні на кога не пазіраць, а глядзеў на стол, на свае паперы, хоць з іх і не чытаў,— завучу трэба не толькі кожны дзень два ці тры разы знянацку, ні з таго ні з сяго хадзіць на нечыя ўрокі, а найбольш трэба старацца загадзя ведаць, на чые трэба схадзіць урокі, дзеля чаго...
Усе моўчкі слухалі, як чакалі: ну, як павядзе па-новаму работу малады завуч?
— Раілі завучы, метадысты перш за ўсё франтальны кантроль,— хваляванне ў Васільца, здаецца, пакрысе супакойвалася.— Гэтак можна праверыць, як выкладаецца мова і матэматыка ў нейкім адным класе, а то і ва ўсёй школе, франтальна абзорным можна праверыць, да прыкладу, як бывае паўтарэнне на ўроках. Вось вывучэннем сістэмы работы настаўніцы Ліліі Іосіфаўны мы пачалі тэматычны кантроль... Як мы ўсе ведаем, як гэта заўсёды гаворым на педсаветах, наша школа каторы ўжо год «вырашае праблему актывізацыі мысліцельнай дзейнасці вучняў», дык трэба нам паўней уведаць, як гэта бывае на ўроках матэматыкі, фізікі, хіміі, геаграфіі... Абагульняюча-класным спосабам можна праверыць, да прыкладу, чацвёрты клас, паглядзець, як у ім ідзе прадметнае павучанне, што там упершыню...
— Вельмі правільна! — не ўтрымаў, перапыніў Іван Сямёнавіч.— Даруй, Павел Мікалаевіч, што перабіваю, але хачу сказаць, каб чулі ўсе: праграму для сябе як для завуча ты намеціў добрую і прадуманую. Вось іменна: нам трэба старацца, каб метадычная работа была планавая і навуковая!
— Калі задумалася паглядзець, як выкладае Лілія Іосіфаўна ўрокі мовы ў шостым класе,— перачакаўшы, пакуль дагаворыць дырэктар, загаварыў зноў Васілец,— дык хацелася ведаць, што і як вывучаецца на ўроках: мова ці толькі граматыка? А разам з тым хочацца ведаць, як з гэтым і па ўсёй школе?.. Ад гэтага ж залежыць, ці добра нашы вучні пішуць, складна думаюць, могуць кеміць, ясна выказваць свае думкі не толькі на ўроках мовы і літаратуры, але і на ўроках матэматыкі, фізікі, гісторыі, біялогіі... Дзеля гэтага стараўся прыкмеціць, як і па чым настаўніца рыхтуецца да ўрокаў, якія ў яе метады і прыёмы, што яна вылучае галоўным на ўроку, як і што паўтарае з пройдзенага, як злучае навуковасць з эмацыянальнасцю, якую праводзіць работу па фармаванню ў вучняў паняцця літаратурнай нормы беларускай мовы... Пабываўшы запар на некалькіх ўроках, прагледзеўшы вучнёўскія ізлажэнні, хочацца з радасцю сказаць: Лілія Іосіфаўна стараецца і любіць, умее працаваць, і шмат чаму ў яе можна павучыцца...
Яна з увагаю слухала — Васілец хваліў і хваліў яе. Ад радасці яна аж не ўсё разумела. Не таму, што іменна яе хваляць, а таму, што яе работа падабаецца, што бачаць і паважаюць яе шчырасць.
— Есць яшчэ для Ліліі Іосіфаўны і праблемы, ёсць ёй яшчэ над чым падумаць...— пасля, пад канец сваёй гаворкі, сказаў Васілец.— Вось, напрыклад...
«Раней, калі пачыналі гаварыць пра гэта, я саромелася, а то і з болем перажывала, што яшчэ нечага не дарабіла. Цяпер, слухаючы Васільца, не саромлюся. Адчуваю: ён малады, але ўжо шмат ведае і штосьці раіць мне рабіць іначай, лепей...»
— Ліліі Іосіфаўне трэба яшчэ глыбей прадумаць, як праводзіць работу над памылкамі, бо вучні зноў і зноў робяць іх на тыя ж правілы, што яны ўжо праходзілі. І пасля таго, як была ўжо работа над гэтымі ж памылкамі... Трэба шукаць новыя віды работ... Усім нам, моваведам...