— Ну, лезце, Павел Мікалаевіч, у свой кут,— папрасіла яго гаспадыня, бачачы, што госці стоўпіліся ля сталоў, не садзяцца.
— Не, дзякую,— адмовіўся ён.— Я туды ўжо не палезу. Пасяджу вось тут з краю крыху і пайду дадому. Усё ж там Ларыса адна.
— І я не палезу, мне таксама дадому, да Андрэйкі, пара,— адмовілася ісці туды і Мая Сцяпанаўна, засталася ў парозе, ля Васільца.— Мой Васіль няхай сабе яшчэ пасядзіць, а мне пара дадому.
Калі крыху яшчэ пасядзелі, Васілец неўпрыкметку, каб усе не ўбачылі, што ён адыходзіць, падаўся ў сенцы апранацца. Следам за ім выйшла і Мая Сцяпанаўна.
Гаспадыня памагла ім у кладоўцы знайсці іхняе адзенне, напакавала стравамі іхнія сумкі і, просячы заходзіць яшчэ і заўтра, правяла да брамкі.
У цемнаце, на вуліцы, яны пайшлі ўдваіх з Маяй Сцяпанаўнай. З хаты чуўся ўслед ім гоман ды смех.
Ноч была і не цёмная, і не светлая: парою праз шэрыя касмылікі высокіх хмар выбліскваў, ярка асвятляў блакітнаватае паветра ды прасторы месяц. Калі зноў заплываў за хмары, не цямнела: можа, і таму, што цемень не паспявала ўстояцца.
Вось зноў выбліснуў месяц — на дварэ засвятлелася, як і ўдзень, бачылася выезджаная машынамі і санямі, ад таго цяпер бліскучая вуліца, бачыліся абапал яе ціхія, як застылыя на холадзе, блакітныя дамы, сады, платы. Месяц схаваўся за рэдзенькую хмарку — знік блакіт, усё злілося ў морак, а пасля і ў цемнату. Яна надта згусцілася ля лесу, стаяла цёмнаю сцяною і, здаецца, усё паўзла-паўзла сюды.
Неяк было нязвыкла ісці па вуліцы соннай вёскі з чужою жанчынаю. Васілец; усё яшчэ чуючы музыку, песні, меўшы добры настрой, думаў, што ідзе не па зямлі, а па воблаках: надта ж добра было на душы.
— Якая ноч! — усклікнула Мая Сцяпанаўна, з гарэзнасцю абсунула з галавы на плечы пуховую белую хустку, расшпіліла шыкоўнае чорнае футра.— Як хочацца спяваць! Хочаце, я ціхенька спяю нешта вам? Толькі дзеля вас аднаго... — яна ўзяла яго пад руку, прытулілася.— Якая ваша самая любімая песня?
Пасля рэзка, пацягнуўшы яго за руку, зайшла наперад, каб зірнуць у твар, пакаўзнулася, паехала на адной назе, перагнулася — і ён гэтаксама паслізнуўся, ледзь устояў на нагах ды ледзь яе ўтрымаў.
— Дзякую, Павел Мікалаевіч,— войкнуўшы, выпрамілася яна.— Але нядобрая прыкмета: падаю перад вамі...— пажартавала і, як убачыла, што ён змаўчаў, толькі ўсміхнуўся, зноў запытала: — Дык якую вы найбольш любіце песню?
— Мне шмат падабаецца песень,— адказаў ён.— Але чамусьці найболей люблю народныя, крышку сумнаватыя, нават самотныя, з нейкаю жальбою... Ды толькі цяпер такіх песень спяваць не трэба...
— Не трэба,— згадзілася Мая Сцяпанаўна.— Так і быць, памаўчым. Няхай у душы будзе песня!..
Яна прамовіла так, і Васілец напраўду адчуў, што ў душы ёсць гэтая песня, ёсць радаснае здзіўленне, нават нейкая вялікая тайна, і ад яе прыходзіла нейкая трывога.
— Божа мой, яны ўсе спяць, не бачаць такой загадкавай ночы, не маюць у душы такой песні! — моцна трымаючыся за яго локаць, тулячыся да яго пляча, прамовіла Мая Сцяпанаўна, пазірала на знаёмыя хаты, да якіх яны падыходзілі, міналі.— І сама не раз у такія ночы спала, не адчувала, што жыццё ідзе, уцякае і што яно цудоўнае!.. Гэта ж шчасце! Вы шчаслівы, Павел Мікалаевіч?
— Шчаслівы,— адразу ж адказаў Васілец, падумаў пра Ларысу, пра сына, пра любімую работу, пра гэтую сённяшнюю гулянку, пра гэтую вось ноч. Здзівіўся, што Мая Сцяпанаўна вось такая. Лічы, аднадумка. Дасюль ён думаў пра яе крыху іначай...
— Самы, самы шчаслівы на свеце?
— Ну, такога я не магу сказаць, бо ўсё ж шмат чаго мне яшчэ не хапае... — усміхаючыся, сказаў ён.— Ды і шмат што сам раблю не так, як трэба. У школе, у жыцці... Здаецца, стараешся працаваць, хочаш ва ўсім быць сумленным, але пройдзе час — і бачыш: не такі ты, дружа, і добранькі... Нешта не дарабіў, недзе схітрыў, некага не выслухаў, некага абразіў, а недзе, дзе трэба была смеласць, змоўчаў... А ўспомніш, як пачынаў тут працаваць, дык аж няёмка: тады здавалася, што я выключны, толькі я адзін стараюся, а ўсе астатнія не стараюцца, але мне зайздросцяць... А цяпер бачыш: старацца то стараўся, але быў наіўны і па-наіўнаму працаваў, што трэба біцца, старацца не толькі ў адзіночку, але і гуртам. Вось тады нечага і даб'ешся... Толькі цяпер, ужо крыху папрацаваўшы, пачынаю разумець Алеся Трахімавіча, чаму ён часта быў незадаволены, хацеў пачаць настаўнічаць спачатку... Так што не самы я шчаслівы, удалы на свеце... А вы? Шчаслівая? Самая шчаслівая?
— Я не ведаю... — прызналася яна.— Здаецца, крыху шчаслівая. Але здаецца: нешта вельмі важнае праходзіць міма. Блізка-блізка недзе, адчуваеш, а вось у рукі не даецца... Уцякае, абыходзіць, да некага другога схіляецца... Але ж не хочацца бачыць, што гэта іменна так, а хочацца кінуцца наўздагон, а то і апярэдзіць, зайсці насустрач... Марыць хочацца, жадаць лепшага... А вам так не хочацца?
— Хочацца,— адказаў Васілец.— Палохае іншы раз прыземленасць, цягне да паэзіі, узнёсласці... І мараў усякіх многа...
Мая Сцяпанаўна замаўчала. Прыціх і ён: якраз падышлі да хаты, дзе ў самы першы год кватаравала Ларыса, дзе ён прападаў, лічы, усе вечары, кахаўся, а пасля за крокаў дзвесце, калі спусціліся з горкі, мінулі цёмны вясковы могільнік, падышлі і да селішча, дзе яшчэ летась стаяла светлая хата, дзе яшчэ летась жыла тут Ларыса, была дзяўчынаю, і ён быў тут свой чалавек, пазнаў шчасце. Васільцу ўсё мігам напомнілася, што тут было, але разам з тым здалося: усё тое — даўні сон, што сам ён даўно ўжо не маладзенькі халасцяк, а бог ведае з якой пары ўжо жанаты, бацька. Але ўсміхнуўся. З сорамам. Пра сваё былое чамусьці заўсёды ўспамінаецца з нейкай цнатлівай сарамлівасцю... Нібы ў цябе ўсё не так было, як у людзей, а горш...
— А вось і мая блакітная маладосць! — усклікнула Мая Сцяпанаўна, калі яны моўчкі мінулі лагчыну, масток і зноў пачалі падымацца на горку, дзе справа ўжо непадалёку стаяла школа.
Мая Сцяпанаўна пазірала на зусім цёмную хату, што стаяла па правай руцэ. З вышыні цьмяна цадзіў святло месяц, высвечваў тыльную, нябачную адгэтуль сцяну, і ад хаты сюды, да вуліцы, ляжаў доўгі цень, што і зацямняў вокны, гародчык.
— Вы гаворыце так, нібы вам ужо сорак гадоў, а то і болей,— усміхнуўся Васілец.
— Сорак не сорак, але ўжо ці будзе тое, што было... — уздыхнула яна,— Ужо ж не вольная, бесклапотная дзяўчынка, а маці. Ужо думаю пра дзіця, пра дамашнюю работу, а не пра хлопцаў, пра гулянкі, маладое шчасце... Але як усё хутка тое маладое прайшло! — заківала галавою.— Як адзін дзень! Як хутка мы пасталелі! А помніце, Павел Мікалаевіч,— ажывілася,— аднойчы — так яшчэ нядаўна, але так ужо і даўно,— як толькі мы пачыналі тут настаўнічаць, мы ўночы сядзелі з вамі во тут па бярвеннях. Уцяклі ўдваіх з Вішнёўкі з танцаў, прыйшлі сюды і сядзелі. Помніце?
— Канечне, помню,— усміхнуўся ён, крышку саромеючыся за сваю такую некалешнюю гарэзнасць.
— І не толькі сядзелі, але і цалаваліся, з заміраннем сэрца чулі, як вярнуліся ўслед за намі Лілія Іосіфаўна і Ларыса Іванаўна... Вашая цяперашняя жонка тады магла б навекі прайсці міма вас, каб я, тады такая маладая, дурная, не выпусціла вас з рук...
— Я думаў, што вы ўжо даўно забыліся пра той адзін-адзіны вечар! — усміхнуўся Васілец.— Як-ніяк прайшлі ўжо не месяц, а гады з той пары. Колькі чаго было пасля таго!
— Такое не забываецца... Забудзецца на час, але потым успомніцца і ные... — са шчырасцю прызналася Мая Сцяпанаўна.