— Адолееш...— адказала яна.— А Вяртун, настаўнікі, а вёска? Ты хоць пра гэта падумаў? Хоць змены і трэба было чакаць, калі цвяроза ўсё ўзважыць, але...
— Я не змог адмовіцца...
— І як ты будзеш кіраваць сваімі ж калегамі, равеснікамі?
— Не ведаю...
Ларыса задумалася. Здаецца, захвалявалася больш, чым ён сам у райана.
— Ну, а колькі ж табе, таварыш завуч, будзе выходзіць?
«Не, яна думае глыбей, як я там думаў...»
Васілец адказаў.
Ларыса спачатку са здзіўленнем зірнула на яго, як гадаючы: ён гаворыць праўду ці жартуе? Калі ўбачыла, што сказаў сур'ёзна, аж жахнулася. Зірнула на яго ўжо з нейкім страхам і нібы з папрокам: ну што ж ты такі бесталковы?!
— Вот пра яго ты мала падумаў...— толькі прамовіла яна, кіўнула на сына.— Ты ж ужо бацька, сем'янін, дык павінен так і думаць.
«А я напраўду думаў там, як хлопец... Толькі потым, як Селядцоў сам загаварыў пра плату, дык я ўспомніў, што сем'янін...»
Васілец з павагаю зірнуў на Ларысу: якая ты, Ларыса, ужо сталая! Маці!
Яна ж не вытрымала яго позірку: можа, і па-свойму зразумела яго. Адышлася. Пачала зноў прасаваць бялізну. Ды, відаць, думала, гадала, як яны будуць жыць далей.
— Селядцоў сказаў, што налета будзе для настаўнікаў большая плата...— прамовіў Васілец, перадаў слова ў слова тое, што пачуў ад загадчыка.
— Ну што ж, таварыш завуч...— з хвіліну памаўчаўшы, усміхнулася Ларыса, зноў зірнула на яго. Здаецца, засаромелася за свой нядаўні страх. Падышла, пацалавала яго ў шчаку.— Хоць табе будзе і цяжка, але я рада за цябе. Што ты ў мяне гэтакі разумны, што цябе так паважаюць! Удачы табе! А я ўжо буду табе памагаць...
— Дзякую,— прамовіў ён, тулячы яе.— З табою я нічога не баюся, усё адолею...
Яны пацалаваліся. Усміхнуліся. А потым, абдымаючы адно аднаго, яшчэ доўга стаялі побач і абое пазіралі на свайго сына. Той гэтаксама пазіраў на іх і, здаецца, усміхаўся ды падміргваў...
9...
Назаўтра Васілец наўмысна ішоў на работу пазнавата: хацеў прыйсці, пабыць хвіліну-другую ў настаўніцкай і адразу падацца на ўрок. Каб не бянтэжыцца перад настаўнікамі, каб не быць доўга сам-насам з Вертуном.
Стаяла позняя раніца, але на дварэ было яшчэ цемнавата. З бяссонечнага, заслоненага суцэльнай навіссю неба ціха сыпаўся снег.
Калі выйшаў на міланьска-сульскую дарогу, Васілец трапіў у гурт дзяцей. Тыя па двое, па трое ці яшчэ купней ішлі ў школу. Здаецца, віталіся з ім сёння неяк больш сарамліва, як нават пазаўчора.
У вёсцы было цёпла. Пахла дымам, смажаным, вараным. На шчасце, ні з кім не сустрэўся.
Сталых людзей ён убачыў толькі ля школьнай агароджы. На рагу — на аўтобусным прыпынку. Там стаяла з сем ці восем мужчын і кабет. Ля іх ляжалі на снезе поўныя сумкі, некаторыя мужчыны трымалі пад пахамі згорнутыя і звязаныя мяхі.
— Добры дзень!— услед за дзецьмі сказаў і Васілец, стараючыся хутчэй абмінуць знаёмых людзей, не пазіраць ім у вочы.
— Павел Мікалаевіч! — затрымала яго тутэйшая паштарка — маці трох міланскіх вучняў. Падышла, прыпынілася.— Гавораць, што вы ўжо завуч. Гэта праўда?
— Ну і вашыя людзі! — усміхнуўся Васілец. Але на запытанне не адказаў.
— Дык праўда ці не?
— Праўда. Вяртун адмовіўся болей быць, дык вось назначылі мяне.
Сказаў так і пачуў: ззаду адразу загаманілі людзі.
— Малады ж яшчэ, а ўжо завуч...