Якраз выйшаў з кабінета Вяртун, са здзіўленнем ды нібы з пакутаю зірнуў і ўбачыў, што Васілец пасміхаецца. Быў чырвоны-чырвоны, што пераспелы памідор. Чырвонымі былі шчокі, лоб, вялікія залысіны. Васільцу стала брыдка, што ён спакойна пачуў сакратарчыпы словы пра Вертуна.
— Цяпер табе...— кіўнуў Вяртун Васільцу галавою, хацеў яшчэ нешта сказаць, але, відаць, не мог болей гаварыць ад разгубленасці ці пры сакратарцы. Можа, падумаў, што Васілец і сам пра ўсё здагадаецца. Толькі хутка акінуў позіркам пакой-прыёмную, як не ведаў, за што зачапіцца вокам. Сакратарка гэтаксама не змагла вытрымаць яго позірк, апусціла галаву і пачала друкаваць.
Васілец моўчкі падаўся ў кабінет.
Зайшоў.
Селядцоў сядзеў за сваім сталом.
Да яго на бліскучай, пакрытай лінолеумам падлозе, ляжала доўгая малінавая, з дзвюма зялёнымі палосамі па краях дарожка, ля сцен стаяла шмат такіх — руда-зялёных,— як і ў прыёмнай, крэслаў. Над загадчыкам у вялікай пазалочанай раме вісеў партрэт Янкі Купалы.
Загадчык — пажылы, з невялікаю, стрыжанаю «пад вожык» галоўкаю, з прамым доўгім носам, з густымі рыжымі бровамі, у сінім касцюме і сінім світэры — сядзеў за бліскучым сталом. Ля яго абапал стаялі два мяккія крэслы.
— Можна? — запытаў з парога Васілец.
— Заходзьце, калі ласка, Павел Мікалаевіч,— мяккім, як жаночым, голасам адказаў загадчык. Галавы не падняў, нешта пісаў.
Але паказаў рукою: садзіся насупраць яго ў мяккім крэсле.
Васілец сеў.
— Ну, як жывяце, Павел Мікалаевіч? — запытаў, тут жа дапісаў і падняў галаву. І, не чакаючы адказу, зноў загаварыў: — Добра выглядаеце, Павел Мікалаевіч! Свежы, юны, прыгожы! Такі, якім бачыў вас і летам, на канферэнцыі.
— Ды які там свежы,— усміхнуўся Васілец.— Старэем пакрыху.
— Якая яшчэ старасць у вашыя гады?! Самая маладосць! — усміхнуўся.— Сама дзярзаць! — гаварыў і вельмі націскаў на гукі «о»: быў, як гаварылі, з Валагодчыны, партызаніў тут, палюбіў тутэйшую дзяўчыну і застаўся ў гэтым горадзе.— Настаўніц любіце, гарэлку п'яце?
— Не,— усміхнуўся Васілец.— Хіба пазней...
— Ну-ну! — як прыстрашыў Селядцоў.— Мы вось некаторых дырэктараў ды завучаў здымаем за гэта... Я чуў, што вы якраз сціплы мужчына, бацькам сталі вось, сына маеце... Віншую, жадаю ўсякага вам дабра! — а калі Васілец падзякаваў, запытаў: — Ну, як там жыве сябрук мой, дырэктар саўгаса? Усю бульбу выбраў? Не змарозіў?
— Выбраў,— адказаў Васілец,— і мы амаль усёй школай тыдняў з два памагалі.
— Ну, а як там другі мой сябрук, Іван Сямёнавіч? Не крыўдзіць ён там вас, моладзь?
Васілец не ведаў, як сябе паводзіць: ці адказаць з жартам, гэтак, як гаварыў з ім Селядцоў, ці расказаць тое-сёе, што было і ёсць у школе.
— Не, не крыўдзіць,— прамовіў ён.
Селядцоў, здаецца, зразумеў: ён толькі што гадаў, што гаварыць, а пра што лепш змоўчаць, і, ўжо не чакаючы ад яго навін, як апраўдаўся:
— Івана Сямёнавіча я даўно ведаю, яшчэ з партызан. Вельмі разумны, начытаны, умее кіраваць, але, можа, залішне для дырэктара далёкай ад раёна школы капрызны ды самалюбівы! Не ўмеў вось раней утрымаць у школе добрых настаўнікаў, усё набіраў новых, маладых... Цяпер, пад старасць, прысмірэў крыху, ужо не баіцца за сваю пасаду, за аўтарытэт, дык пакідае і па некалькі гадоў моладзь у школе... Так?
— Я не так ужо многа працую з Іванам Сямёнавічам, каб ведаць яго палітыку...— усміхнуўся Васілец.— Але сёлета на яго напраўду няма чаго скардзіцца...
— Здаецца, дыпламат! — кіўнуў галавою Селядцоў.— Але вы, Павел Мікалаевіч, не падумайце, што я паклікаў вас толькі дзеля гэтай размовы... Не...— ён не дагаварыў, зірнуў на стол і ўзяў з яго адну паперыну.— Вось толькі што ваш завуч, Вяртун, падаў заяву, каб яго звольнілі з гэтай пасады...
Селядцоў падаў гэты ліст — і Васілец убачыў Вертуноў сёння чамусьці няроўны почырк. Ім было напісана: «Прашу зволіць па ўласнаму жаданню», а ў правым баку ліста былі Селядцовы словы: «Удовлетворить просьбу Вертуна М. Г.».
«Як так? — аж забілася сэрца. Моцна, балюча.— Што ж будзе цяпер з Вертуном? Гэта ж такі сорам для яго!..»
— Ну што вы на гэта скажаце, Павел Мікалаевіч? Чакалі ці не чакалі такога?
— Не чакаў...— прызнаўся Васілец.
— Але ж у душы адчувалі: рана ці позна, але будзе такое? Бо не мае права Вяртун быць далей завучам... І гэта вы там найлепш бачылі. Так?
Васілец прамаўчаў, пазіраў на паперыну. Не звычайная была гэта паперка, а важная, строгая: яна рашала чалавечы лёс. Вертуноў лёс.