Злы ён быў, твой Сава. Злы, як рысь. Прашамкае старая ў расчырванелы п'яны тварык Цiмы. Той не адкажа, Цiма засне, паклаўшы галаву на бедны жалобны стол.
Ядзя
У Ядвiгi Александровiч укралi дачку...
Здарылася тое ў Магiлёве, у 1940 годзе. А ў горадзе на Дняпры сям'я Александровiчаў апынулася прымусова. Яе выслалi з вёскi Рудзiца, што ў Койданаўскiм раёне, якi з ласкi Сталiна ды Пiлсудcкага зрабiлi польскiм рэгiёнам. Выслалi з-за драбязы, хоць i наважвалiся выслаць сур'ёзна, i не ў беларускi абласны цэнтр, а ў галодную Расею, за Урал.
Бацька Ядзi, Ян, трымаў кузню i жыў заможна. Вясковая кузня на той час, як аўтарамонтная майстэрня зараз, а можа i больш. Ну, хто такi селянiн без каня? Нi ўзараць, нi пабаранаваць, нi дроў на зiму прывезцi. А чаго варты непадкаваны конь? Дзяцей на падворку пакатаеш, i больш нiчога з яго не возьмеш. Дык на баране цi кабане дзецям весялей пракацiцца. Хто-хто, а дачка Яна Александровiча пакаталася на конях. Ледзь не кожны дзень прыводзiлi iх да кузнi. Лiха iх бярэ, з гнутымi падковамi: цi адна адвалiцца, цi другая пачне па зямлi ляпаць, а iх, жалязяк, на аднаго каня ажно чатыры падавай. "Добра, што не шэсць!" — жартаваў каваль Ян Александровiч. А майстра быў адмысловы, ён вам i замок можа выштукаваць, згубiш ключ — не адчынiш, i жырандолю выкаваць, i крыж з прамянiстым сонцам на магiле паставiць. Нораў, праўда, меў татарскi, блiсне гругановым вокам — не падлазь. Наравiстасць i ўпартасць да Ядвiгi перайшла; што ж тут дзiўнага, дзiця ў кузнi гадавалася, бацька ёй на сняданак гусiнае яйка на вуголлях у жалезнай конаўцы варыў. Але ўпартых i наравiстых чамусьцi паважаюць. Любiлi i шанавалi каваля не толькi ў каталiцкай шляхецкай Рудзiцы, але i ў суседняй, бяднейшай, праваслаўнай вёсцы Бакiнава.
Той самай вёсачцы, з якой паходзiць род слынных спадароў Шушкевiчаў. Адзiн з iх на школцы мемарыяльную дошку прышрубаваў, маўляў, тут вучыўся беларускi паэт Станiслаў Шушкевiч, i ўсё такое астатняе. Дошчачка, праўда, нягеглая, на фанерцы намаляваная, толькi паэт не вiнаваты, ён сумленна пiсаў заяву ў Саюз пiсьменнiкаў, каб выдзелiлi грошы на бронзавую дошку. Адмовiлi паэту Станiславу. А цяпер кiраўнiкi таго ж Саюза пiсьменнiкаў пiшуць просьбу паэтаваму сыну, старшынi Вярхоўнага Савета. А Станiслаў Станiслававiч Шушкевiч iм адмаўляе. I правiльна робiць. Трэба ж было ў свой час павесiць бронзавую дошку ў Бакiнаве. У той самай вёсцы, дзе паважалi каталiкi Яна з Рудзiцы, самавiтага гаспадара, якi не пiсаў заявы ў калгас, а жыў з кузнi i невялiкага надзелу зямлi. Дый колькi трэба працавiтаму чалавеку, калi ў сям'i толькi трое: жонка Ганна, дачка Ядвiга i сам гаспадар? Трэба не трэба, а самы лепшы дом у Рудзiцы паставiлi Александровiчы. Праз добры дом i пачалiся бядоты.
"Александровiчы — кулакi! Iх трэба высяляць! Каваль эксплуатуе ў кузнi хлопца, Бронiка Кiсяля!" — думалi i казалi мясцовыя прыхiльнiкi камунiстычнага ладу. Толькi парабаваць Александровiчаў нескладана. Але хто тады коней у тым жа калгасе падкуе? Хто бароны i плугi адладзiць? Да каго пойдзеш па замок, каб замкнуць гербавую пячатку? Прыбяжыш да дзядзькi Яна i папросiш, i ў чарзе дзень-другi пачакаеш. "Усiм трэба, — ухмыльнецца ён у чорныя падкручаныя вусы. — Чым ты лепшы?" Не раскулачылi бальшавiкi Александровiчаў, але злосць прыхавалi.
Толькi i каваль, як той казаў, у шапку не соп. Задумаў ён на сваёй зямлi замацавацца яшчэ больш трывала. План склаў просты, але па-татарску жорсткi. Недарма ж у жылах Александровiчаў цякла азiяцкая кроў. У пашпартах яны як каталiкi былi запiсаныя палякамi, але душу мелi тутэйшую. Што той пашпарт? Кардонка размаляваная з паперкамi праштэмпеляванымi. Толькi ведаў каваль сiлу паперы, да якой прыкладалiся дзяржаўныя пячаткi. Ён i хацеў выкарыстаць папяровую моц. А шлях абраў такi: выдаць белатварую рыжую прыгожую Ядзю замуж за чырвонага афiцэра-памежнiка Уладзiмiра Глобуса. Памежнiк месяцы са тры як пачаў заляцацца да Ядвiгi. Мяжа ляжала зусiм побач з Рудзiцаю, пад Негарэлым. Да заставы ад вёскi i кiламетра не было. Вось афiцэрык i панадзiўся на вячоркi прыходзiць. Сумна ў казарме, а тут гармонiк, танцы i дзяўчаты. Быў спадар Глобус хоць i невысокi, але дужы i зграбны, i адукацыю цывiльную паспеў займець — фiнансавы тэхнiкум скончыў.
Усю ноч бацька з дачкою прагаварылi, зачынiўшыся ў кузнi. Не хацелася Ядзi iсцi за праваслаўнага, дый у дадатак бальшавiка. Але сям'я — перш за ўсё. Дый афiцэр, што нi кажы, а не салдат. Вось i згулялi ў Рудзiцы сумнаватае вяселле.
I года не мiнула пасля гулянкi, а ў Ядвiгi нарадзiлася дачка, Нiначка, якую i ўкралi ў Магiлёве...
А пасля вяселля Уладзiмiр Глобус пераехаў жыць у светлы i вялiкi дом Александровiчаў. Каваль жа супакоiўся, бо верыў, што нiякая паскудзiна яго з роднага дома не пагонiць. Толькi iнакш лёс Александровiчаў павярнуўся.
У суседзяў Кiсялёў таксама мелася грымець вяселле. Бронiк, якi ў кузнi за памочнiка хадзiў, вырашыў узяць дзяўчыну з Бакiнава. I браў яе старэйшы сын Кiсялёў не проста, а насуперак бацькам i Ядзi, каб адпомсцiць, бо адну яе, рыжую, кахаў. А вяселле, я мяркую, — справа сур'ёзная. Да яго загадзя рыхтуюцца, похапкам не зробiш, каб не асарамацiцца. А што на вяселлi галоўнае? Маладая з маладым, госцi, ну, i чарка з закускаю. Чаго-чаго, а закускi ў Рудзiцы, дзякуй Богу, хапала. Варта ж толькi згадаць рудзiцкi кiндзюк, гэта калi ў свiны сiкуновы пухiр набiваюць каўбаснае начынне — мяса, сэрца, дробна накрышанае сала, ныркi, часнок з кменам. А потым гэты круглы, як гарбуз, выраб падсушваецца на гарышчы. Ядуць кiндзюк на вялiкае свята. Александровiчы на вяселлi паставiлi на стол ажно тры кiндзюкi! Але колькi з'ясi, калi запiваць не будзеш? А ў суседняй беларускай Польшчы, як на грэх, налiўка i вiно таннейшыя, а гарэлка з самагонкаю каштавалi больш.
Старэйшы з Кiсялёў — Вацлаў — угаварыў старэйшага з Александровiчаў — Яна — прагуляцца па лесе за мяжу. Намянялi дзядзькi гарэлкi ў яўрэйскай манапольцы. А калi вярталiся, дык сутыкнулiся лоб у лоб з бальшавiцкiм памежнiкам. Каб не Янаў зяцёк, Уладзiмiр Глобус, пасадзiлi б дзядзькоў гадоў на пятнаццаць, тады якраз такiя тэрмiны любiлi прызначаць зашпiленыя на ўсе гузiкi пракуроры. Але ж недарма стары каваль думаў i маракаваў, калi дачку любую замуж выправiў. Выпусцiлi памежнiкi небаракаў кантрабандыстаў, але мясцовым уладам загадалi iх раскулачыць i выслаць.
Трэба ж было бальшавiкам некага i некалi раскулачыць у Рудзiцы, калi паўсюль тое дурное коцiцца. У Александровiчаў забралi кузню i дом, а ў Кiсялёў — хату ды сталярню. Ляснулася вяселле! Гаспадароў вывезлi ў таварным вагоне ажно ў Архангельскую вобласць, а сем'i, дзякуючы намаганням афiцэра Глобуса, пакiнулi ўсё ж у Беларусi.
Ядзя ўладкавалася на магiлёўскую швачную фабрыку i сказала, што Глобусавай нагi больш не будзе ў яе хаце. А Уладзiмiр не паверыў i ўсiмi праўдамi i няпраўдамi дамогся пераводу на службу ў магiлёўскi банк. Толькi Ядвiга сапраўды не пусцiла свайго мужа на парог. "Бацьку майго адправiў у архангельскi лес, а сам да мяне прывалокся. Стаiць i не пачырванее. Сораму ў цябе няма i не будзе..." — "Пра дачку падумай", — спрабаваў пярэчыць Уладзiмiр, але ўсе ягоныя пярэчаннi скончылiся грукатам дзвярэй.
Вось таму i падумала Ядзя пра Глобуса, як прапала дачка Нiначка, i паляцела ў банк, i ўсчынiла такi лямант, што, пэўна ж, увесь Магiлёў чуў. Ядвiга крычала, што ўсе вайскоўцы — нелюдзi, што Божачка iх пакарае — маланкамi спалiць i громам паб'е, а калi ёй дачку не вернуць, яна возьме сякеру i пасячэ афiцэра Уладзiмiра Глобуса на дробную драбнiцу. Банкаўскiя кабеткi ледзь супакоiлi раз'ятраную жанчыну, ледзь угаварылi глытнуць хоць бы кроплю вады. Збляднелы Глобус бажыўся дрыжачым голасам: "Не краў я дачкi. Далiбог не краў. Мацi да мяне прыязджала з Жылiхава. Тыдзень пажыла... Толькi нашто ёй тваё дзiця?" — "Яна! Яна дзiця звезла!" — захлынулася здагадкаю Ядзя, узрадаваўшыся, што хоць нешта праяснiлася.
Толькi на чыгуначны вакзал яна спазнiлася, цягнiк на Мiнск з гадзiну як ад'ехаў. Але ж мацi за сваё дзiця нi ў якай бойцы не адступiцца. I таму ў Мiнску Ядзя чакала цягнiка на пероне. А даехала яна ў сталiцу на спадарожных...
О, гэтыя спадарожныя машыны! Колькi разоў яны выратоўвалi нас!
А ў свой час дапамагалi яны i сем'ям Александровiчаў i Кiсялёў.
Увосень 1941 года, калi ўсе канчаткова зразумелi: распачатая вайна бальшавiкоў з фашыстамi зацягнецца надоўга, i было зусiм няясна, хто выйдзе з калатнечы ў пераможцы, цi то немцы, цi то расейцы, — вось тады каваль Ян i сталяр Вацлаў уцяклi з Архангельскай вобласцi i дабралiся на спадарожных машынах да сваякоў у горад на Дняпры. Маскалi спрабавалi ўтрымаць Магiлёў, але ўрэшце туды прыйшлi германцы. Фронт пасунуўся далей, а Кiсель з Александровiчамi знайшлi пабiты грузавiчок, адрамантавалi, пакiдалi ў кузаў транты i рушылi на захад. Грузавiчок, што працаваў не на бензiне, а на драўляных цурках, ледзь дапыхкаў да Мiнскага раёна, i кацёл трэснуў, заглух назаўсёды. Дзе пешкi, дзе на падводзе, а дзе на спадарожных дабiралiся сем'i ў сваю цiхую Рудзiцу. I дабралiся на радасць аднавяскоўцам, што больш як два гады пакутавалi без каваля i сталяра.
Новыя ўладары свету вярнулi Александровiчам i кузню, у якой так нiхто i не распалiў горн без гаспадара, i зямлю, i дом, дзе камсамольчыкi паспелi зладзiць клуб — знеслi перагародкi i паставiлi ў покуце сцэну. Сыплючы лаянку ў доўгiя падкручаныя вусы, рахманы каваль раскiдаў камсамольскую сцэну, парабiў наноў перагародкi, адрамантаваў сёе-тое з мэблi, паставiў новыя замкi, i сям'я зажыла цiха-мiрна i працавiта.
Яшчэ скажу, што Александровiчы i Кiсялi перад самай вайной паспелi параднiцца. Ядвiга, калi ганяла банкiра Глобуса, ужо мела намер пайсцi за Бронiка Кiсяля. Вяселля не рабiлi, Бронiк незаўважна перайшоў жыць да Ядзi, i ў iх нарадзiўся Вiцечка, толькi вось пражыло дзiця адно месяц i памерла ад запалення лёгкiх. Бронiк сам зрабiў труну i занёс пад пахаю на могiлкi.
А праз якi тыдзень у Ядвiгi ўкралi дачку. I звезла яе афiцэрава мацi, бо, як тлумачыла яна на мiнскiм пероне раз'юшанай нявестцы: "Ты ж, Ядзечка, жанчына зусiм маладая. Знайшла сабе роўнага мужчыну i жывi з iм. А дзецi ў вас яшчэ знойдуцца. Жыццё наперадзе. А ўнучку я i сама выгадую. Ёй у нашым Жылiхаве лепей будзе, чым у вашым Магiлёве. Яна ж толькi замiнаць будзе. Аддай Нiну мне..." Не аддала Ядвiга дачкi Нiны, вярнулася з ёю ў Магiлёў, а там новая бяда чакае: Бронiка забралi ў бальшавiцкае войска i пагналi на Фiнскi фронт.
I хай каму будзе за дзiва, але скажу, што праз сем месяцаў, ужо ў Рудзiцы, Ядвiга падаравала Нiне другога брата — Антона. З двума дзецьмi на руках Ядвiга перабралася ў Койданава, дзе на былым яўрэйскiм пляцы Кiсялi паставiлi дом.
Яўрэяў немцы выбiлi, дамы абрабавалi i спалiлi, i засталiся на ўскрайку мястэчка нiчыйныя сады i гароды. Кiсялям у якасцi кампенсацыi за "жыдоўска-бальшавiцкi, як пiсаў беларускi фашыст Ганько, тэрор" немцы прапанавалi абгарэлы сад разам з падмуркам, бо iхную сталярню камунiсты збяёдалi, а хату разабралi i распрадалi на дровы. "Каб яны ўчадзелi з тых дроў", — казала Маня, жонка старэйшага Кiсяля. Можа, яе праклёны i даляцелi з Магiлёва ў Койданава, бо яўрэяў i камунiстаў немцы пачалi страляць у першы дзень, як толькi прыйшлi.
Пэўна, яўрэi ведалi, як абыходзiцца немец з iхнымi суродзiчамi ў Польшчы, i вось знайшоўся адзiн хлопчык, вось i зняў ён са сцяны бацькаву паляўнiчую стрэльбу, залез на гарышча i праз маленькае акенца пальнуў у афiцэра вялiкай i непераможнай Германii. Стрэлiў, трапiў i забiў вайскоўца, якi вёў у Койданава цэлы атрад узброеных шарагоўцаў. Полымя тады ўсю вулiцу i выкацiла. Хлопчыка разам з сям'ёю i суседзямi пастралялi. I засталiся на ўскрайку мястэчка чорныя пляцы, якiя немцы пачалi раздаваць сялянам з навакольных вёсак.
Прыблiзна тое самае здарылася i ў Рудзiцы. Польскi партызан забiў, засек шабляю койданаўскага палiцыянта, якi прыйшоў да сваякоў на хрэсьбiны. Рудзiцкiя сяляне, зразумеўшы, чым гэты iнцыдэнт скончыцца, уцяклi: хто ў блiзкi лес, хто ў Койданава да сваякоў, а хто i ў Бакiнава да знаёмых. У вёсцы пазаставалiся толькi старыя. I калi наранiцу фашысты ачапiлi вёску, дык па ўсiх хатах назбiралi толькi дзевяць мужчын дый кабет з дзецьмi чалавек дваццаць. Старэйшаму Александровiчу, якi не захацеў кiнуць кузню, пашанцавала... У абозе, што прыйшоў у Рудзiцу з немцамi, знайшоўся знаёмы мужчына — каваля Яна ведалi далёка. Мужчына i рызыкнуў сказаць кавалю, каб той сеў на ягоны воз, нiбыта i ён абознiк. Толькi не ўседзеў Ян Александровiч на возе, калi немцы пачалi страляць у аднавяскоўцаў, ускочыў, крычаць пачаў, што няма сярод людзей польскiх партызанаў, лаяўся, нават бiцца да салдат кiнуўся. Збiлi старога каваля, зацягнулi ў гумно, дзе на гнiлой саломе ўжо ляжалi пастраляныя мужчыны, зачынiлi гумно i падпалiлi. Ян апрытомнеў, спрабаваў ратавацца, зашыўся пад нябожчыкаў, пад гнiлую салому... Ён i не згарэў, ён задыхнуўся ў куродыме. Пахавалi яго разам з астатнiмi пакутнiкамi на могiлках, у брацкай магiле, на беразе цёмнай ад торфу рэчкi Рудзiцы. Пасля пажару вёска адбудавалася толькi напалову, большасць сем'яў перабралася ў Койданава на яўрэйскiя гароды, чаго-чаго, а iх у мястэчку яшчэ хапала.
Пахаваўшы бацьку, Ядзя два доўгiя, як дарога з Магiлёва, гады чакала Бронiка. А каб неяк пракармiць дзяцей, пачала браць замовы на шытво. Мусiць, у тыя часы яна i палiць пачала; хаваючыся, яна курыла мужчынскiя папяросы, а дым выпускала ў печ. Палiла яна толькi з ранiцы, дзве-тры папяросы ўзапар, пакуль гатавалася сняданне. Гэтая звычка застанецца ў яе да самае смерцi. I ў свае сорак i ў пяцьдзесят Ядвiга будзе ўставаць на золку, раней за ўсiх, i нашча выпальваць пару-тройку доўгiх папярос. А Бронiк, якi нiколi ў жыццi не закурыць, так i не даведаецца, што ягоная Ядзя купляла кожную нядзелю пачак папярос.
Так i Нiна не даведаецца ад мацi, што сталася з яе бацькам Уладзiмiрам Глобусам. Значна пазней, калi ўжо ў васьмiдзесятых гадах Нiна Глобус, прозвiшча яна так i не зменiць, нават выйшаўшы замуж, паедзе ў Жылiхава i дазнаецца, што Уладзiмiр Глобус прайшоў дзве вайны, фiнскую i германскую, вярнуўся ў сваё мястэчка, дзе да самай смерцi — а памёр ён у 1961-м — працаваў загадчыкам пашпартнага аддзялення. Нiна i ў думках не папракне сваю мацi за тое, што нiколi не расказвала пра бацьку, хоць з айчымам Бронiкам адносiны складуцца ў яе несалодкiя.
А тады, калi Бронiк быў на фронце, а Ядвiга адна гадавала дзяцей, Нiна любiла сядзець каля швачнае машынкi i сачыць, як плыве пад iголкаю тканiна. Шыла Ядзя майстравiта, хутка i грошы брала невялiкiя. Праўда, што да шытва, дык у Койданаве i да германскай вайны i пасля працавала вялiкая швачная фабрыка. Але замоваў у Ядвiгi ўсё адно хапала. Вайна, дзе ты накупiшся апранах? Вось i перакройвалi, перашывалi, перанiцоўвалi па два-тры разы адны i тыя ж рэчы.