— Навагрудак у аб'яціях сонца!..
Апоўдні, калі мы вярталіся ў Мінск, туманец яшчэ слаўся, поўз над свежай раллёю, каля маладога, густога ельнічку прыдарожнай ахоўнай паласы. Радасны сум асенняга, небезнадзейнага завядання, пра які яшчэ трэба бясконца пісаць.
Любуючыся красой палёў, думаў пра нейкага дзядзьку з вунь таго хутара ці з гэтай во вёскі: як жа ён успрымае ўсё гэтае хараство? Проста жыве ў ім, у спакоі шчаслівага спажыўца? Як птушка?
А хто ж тады песні складаў народныя?
А мы адкуль узяліся — тыя, што пішам?..
I сапраўды, гэта ж вельмі цікава — які Багрым быў аўтарам выдатных вершаў, што сталі народнымі песнямі. Скажам, «А ў полі вярба» або «Ой, я п'яна, я п'яна»... Вельмі цікава i вельмі крыўдна, што ні да нас, за выключэннем самых блізкіх таго аўтара, ні мы, ні пасля нас — ніхто не ведаў i не будзе ведаць.
Гэта — не адкрыццё, не сцверджанне вядомага, проста я адчуў гзтую загадку чамусьці небывала востра i хвалююча, як быццам на мяжы нейкага шчасліва-еумнага натхнення, нейкай патрэбнай задумы.
Гледзячы на партрэты тых, што жылі даўно.
Яны не толькі жылі, але ж i адчувалі сябе без нас зусім нармальна, i нават не здагадваліся, што мы, іменна такія, як мы ёсць, персанальна калісьці будзем.
Чуў калісьці: «Гадованае дзіця памерла». I тут пра беднасць, пра цяжкую беспрасветную працу. Страшная ёмкасць народнага слова.
У нашу вёску, яшчэ калі я быў малы, Тургенеў прыйшоў зусім выпадкова. У старой, добра такі патрапанай рускай хрэстаматыі, што нейкім цудам трапіла ў адну з суседскіх хат, я прачытаў яго «Щи» і, здаецца, трохі пазней — «Певцов».
З тых дзён я памятаю... з тых дзён мяне хвалюе вобраз старое маці, забітай горам i галечай. Я вырастаў у цяжкай сялянскай працы, сярод бяспраўных i прыгнечаных, якія ведалі цану пасоленай капусце, бачыў шмат старых маці, выпетраных працай i нягодамі. Адну з ix любіў i люблю, ужо даўно толькі па памяці. I тая, з высахлай рукой, з суровым воблікам — тургенеўская маці вось ужо больш за сорак гадоў стаіць перада мною як вобраз да сцішнаты прыгожы, абагулена народны.
З дзён маленства я памятаю i спеў Яшкі-Турка. Дзіўна — я i дагэтуль амаль не ведаю песню, якую ён спяваў, але ў душы маёй яна пяе — руская «удаль», шырыня, туга i шчымлівая радасць надзеі, ужо не толькі рускай... Помню, бачу даўно адлюстраваную ў хлапечым сэрцы белую чайку на марскім беразе, у промнях вячэрняй зары. Боль i мара. I гэта было мне вельмі знаёма. Было i застаецца.
Нядаўна я — першы i, хутчэй за ўсё, адзіны раз у жыцці — быў на радзіме Івана Сяргеевіча. Хадзіў па дарожках старога, залаталістага парку, стараўся пазбягаць людзей, быць толькі з ім, у тым ціхім, таямнічым свеце, які жывіў калісьці яго геній. Не ведаю, ці вінавата сіла першых дзіцячых уражанняў, ці вінавата маё працоўнае, чарнахлебнае паходжанне, аднак мне i там, пад спрадвечнымі дрэвамі Спаскага, раней за ўсё i больш за ўсё ўспаміналіся «Запіскі паляўнічага» — ярка разнастайнае, шматпакутнае, любімае насельніцтва, зямля i неба, дні i ночы гэтай несмяротнай кнігі. I — з іншай кнігі — вобраз рабацягі-маці ў яе найвялікшым горы, але ўсё ж такі... Так, так — капуста ўсё ж такі пасолена!..
Каб убачыць гэта на ўсю глыбіню i паказаць на стагоддзі, патрэбны былі дзве рэчы — вялікае чалавечае сэрца i вялікая агульналюдская культура. Яны шчасліва спалучыліся ў яшчэ адным сыне Расіі. Не толькі для яе — для ўсіх, ва ўсім свеце, куды ўжо прыйшло i куды яшчэ прыйдзе непаўторна па-руску цудоўнае слова Тургенева.
У Спаскім-Лутавінаве.
Блукаў па парку, выходзіў у поле. Пад пошум залатой лістоты ўгары, пад шамаценне яе пад нагамі, гледзячы ў загадкавы гушчар, а пасля на прасторы парэзаных ярамі ды падвяселеных перелескамі палёў, думалася — як быццам сумна, нават трохі абыякава:
Што ж, зямля — i тут як зямля. Апяяць яе толькі трэба як след. Урабіць словам.
Ён гэта i зрабіў.
Таму вось мы i ходзім, i любуемся.
З выступлення француза на тургенеўскім вечары:
«Слава яго нікому не перашкаджала».
Там жа, у Вялікім тэатры, занатаваў гэта з прыпіскай: «Так трэба жыць».
Не пра славу, вядома,— пра сціпласць.
...Званы над каўнаскай плошчай, што вельмі па-свойму вызвоньваюць украінскі «Рушнічок» i неапалітанскую «Санта Лючыя». Першы снег пад нагамі, першыя сняжынкі ў ціхім паветры лістападаўскага поўдня. I ад гэтага звону, i ад белай пяшчотнасці на нас сышла ледзь не дзіцячая радасць жыцця, спалучаная з вопытам, болем i сумам перажытага за многія гады. Так мы стаялі — некалькі беларусаў, літоўцаў, рускіх, украінцаў, латышоў — каля магілы Саламеі Нерыс. Зняўшы шапкі, пад гукамі зачараваных званоў, у нячутнасці малапрыкметных, гулліва-павольных сняжынак.
Сонечны гоман балтыйскай хвалі. Пуховыя дзюны Ніды. Вольны разгон сучасных магістралей. Велічнае маўчанне красамоўнай гісторыі — Тракайскі замак над азёрамі. Заводы, электрастанцыі, новыя дамы, якім не брыдка побач з гмахамі мінулага. Шырокі, быстры брод лясное Дубісы, на беразе якое — вядро з дробным уловам, а далей — чысты, ціхі хутарок, дзе мы начавалі, дзе нас, людзей падарожных, прыгрэлі невымушанай прыязнасцю.
Спакойна паўнаводная, сонечна мудрая плынь народнай эпапеі Данелайціса, што так натуральна, па-сваяцку нагадвае нашу «Новую зямлю».
Жалобная Маці Пірчупіса, смутак якое так горка, глыбока пераклікаецца з болем Бацькі, на руках якога забіты фашыстамі сын,— пераклікаецца з нашай Хатынню, сімвалам пакут i мужнасці народа-партызана.
Светлыя вочы вясковай работніцы, літоўскай дзяўчыны, у нацыянальным уборы якое так многа ад жыццядайнай зеляніны родных палеткаў, a ў песні пра рамунйле-рамоначкі так многа i нашай спрадвечнай, непераможнай сардэчнасці.
Песня Чурлёніса, песня жыццю, цудоўна заключаная ў цесныя рамкі яго жывапісных шэдэўраў. Звонкія пералівы казачна яскравых вітражоў. Слова паэтаў i празаікаў, вобразы кіно — сведчанне зайздроснай велічы душы народа, толькі колькасна невялікага. Шчырасць друга, з якім пры сустрэчы можна пагаварыць пра ўсё. Звычайная ветлівасць — у магазіне, на вуліцы, у шавецкай майстэрні — штодзённая празаічная ветлівасць, што памагае ўваходзіць у светлы настрой...