«...Остаток египетского плотолюбия, которое не могши продлить жизни телесной, при всех мудрствованиях своих нашло способ продолжить существование трупов человеческих, известных у нас под именем мумий».
Падкрэсліў я сілу прастаты, падумаўшы: якое моцы дурман патрэбен, каб праз столькі стагоддзяў прагрэсу муміі зноў пайшлі ў моду — у марксісцкія маўзалеі!..
* * *
Нехта, дый не адзін, са смакам i нястомна хваліцца сваімі баямі, a па-сапраўднаму мужны Федзя Янкоўскі ў сваёй ціхай шчырасці ганарыўся перад сябрамі перш за ўсё тым, што ў тых мясцінах, дзе ён партызаніў, камандуючы разведкай, людзі ўспамінаюць дабром i самога яго, i ягоных бравых разведчыкаў.
Так было ў чэрвені восемдзесят другога, калі мы, група пісьменнікаў, прымалі ўдзел у адкрыцці мемарыяльнага знака Сымону Рак-Міхайлоўскаму ў яго роднай Максімаўцы на Маладзечаншчыне. Людзей з наваколля сабралася многа, i нямала было сярод ix Федзевых знаёмых па днях i начах вайны. Яго сустракалі з пашанай, прыязна гутарылі з ім, i яму было вельмі прыемна, спакойна за перажытае ў народзе i з народам ліхалецце. Так ён, са сваёй натуральнай, дабрадушнай сціпласцю, i выступаў перад людзьмі i там, перад бацькоўскай хатай Сымона Аляксандравіча, i ў іншы час, у іншым месцы — перад рабочымі камбіната мастацкай керамікі ў Радашковічах, дзе таксама былі мужчыны i жанчыны, што памяталі прафесара камандзірам разведкі, дзяліліся з ім успамінамі.
Часамі мне, трэба прызнацца, нават i думалася, што добры сябар мой трошкі зачаста ганарыцца гэтым i пасля нашых сумесных сустрэчаў з людзьмі ў яго былых партызанскіх мясцінах, i ўспамінаючы сустрэчы іншыя, без мяне, i пішучы пра гэта ў сваіх «абразках»... А цяпер вось, пяты ўжо год без яго, мне так добра прыгадалася тая яго заслужаная, высакародная гордасць, тое, чым можна, трэба ганарыцца.
Тым больш што ён бачыў i іншыя паводзіны некаторых партызан, як бачыў ix i я, i да таго, як пайсці ў лес самому, i там, у атрадах, i ў «раёне», дзе мы, таксама разведчыкі, амаль штоночы, бліжэй i далей бывалі. Пішучы слова «некаторыя», такое звычнае ў славутым колішнім сацрэалізме, усміхаюся разам з вялікім знаўцам роднага слова, згадаўшы мудра i церпка народнае: «За адным сёрам — усім сорам». I за тых «некаторых» прыходзіцца слухаць або чытаць тое, чым так ахвотна казыраюць рупліўцы ачэрнівання партызанскай барацьбы, усенароднага супраціўлення фашызму.
* * *
Такая грэшная думка: Чаму гэта тыя, што ў вайну пагінулі, абавязкова ўсе лепшыя за тых, што таксама мужна ваявалі, былі цяжкапараненыя, але ім проста пашчасціла вярнуцца жывымі?
А так жа гаворыцца, пішацца: лепшыя. З пашаны. «А всё же, всё же, всё же»? Усе так. Толькі ж, можа, не трэба гэта механічна паўтараць, зачаста i нават бяздушна?..
* * *
Чырвоная нітачка залатой... проста разумнай сярэдзіны, якая ўецца, шукагочы, пульсуе паміж мноствам аднабокіх праўдаў, сцвярджаючы галоўную — пра чалавечнасць, мір, дружбу паміж народаMi, клічучы толькі туды.
* * *
Ранішняя радыёперадача «Вясковыя ростанi». Іўеўскія жанчыны гутараць з журналісткай на такой свабоднай, натуральна прыгожай роднай мове, што люба слухаць. Каб не ix справядлівыя скаргі ды недаўменне... Адна сказала:
— На раніцы прачынацца страшна... Такое настала жыццё.
* * *
У нагах бабулінай магілы — сталая ўжо, ладная бяроза, так нядаўна, здаецца, пасаджаная ўнукам, які быў тады студэнтам, а сёння ўжо i акадэмік. Ён гэта i паказаў мне яе, красуню-бярозу, каля роднай магілы.
А побач — другая магіла ў агароджы, чужая ў мностве незнаемых. I надпіс на помніку, прозвішча — упершыню такое для мяне ды ледзь не да ўсмешкі, тут непрыстойнай,— Татачка. Нейчы, вядома ж, горка аплаканы бацька.
Бываюць жа такія дробязі, як для разрадкі ў спаважлівай сумоце. Як тыя чэхаўскія, у страшнай тэлеграме, «хохороны вторник»...
* * *
Учора позна ўвечары, па радыё — афрыканскія вершы Гумілёва. I лёгка-журботная думкаадчуванне: якая ж яна вялікая, Афрыка, а я ўжо яе не пабачу!.. Клічнік тут — ціхі, лагодны.
У пяцьдзесят восьмым годзе «Литературная газета» прапанавала мне паехаць на тры месяцы спецыяльным карэспандэнтам па трох краінах, калі не памыляюся, Гане, Малі i Конга, аднак разумны, прыязны Якаў Уладзіміравіч, галоўны лекар нашай літфондаўскай паліклінікі, рашуча запрагэставаў: пасля маёй «блакады сэрца», з якою я пад кіраўніцтвам мілай Каці Цалуйка, спецыялісткі па лячэбнай фізкультуры, змагаўся ўвесь папярэдні год, ехаць у афрыканскую спякоту — легкадумна, небяспечна.
* * *
Салжаніцын, «Апрель Семнадцатого».
Будзь ты хоць тройчы нобелеўскі лаўрэат, але проза гэтая — не мастацтва. Толькі што працы было ў яго вельмі многа, што працаваў ён заядла. Але ж чытаецца ад гэтага не лягчэй. Хоць трэба, i буду. Каб i думку сваю мець, i інфармацыяй пакарыстацца.
...Кончыў!.. У гэтай прэітэнцыёзнай абэржы ёсць i жывейшыя раздзелы, аднак ix параўнаўча мала, i яны так завалены глыбамі мнагаслоўя, што нават i цярплівейшаму з чытачоў, ды ў дажджлівай вясковай сумоце, месцамі хацелася проста пераступіць цераз «тягомотину», тым больш калі яна надрукавана на шырокай часопіснай старонцы, дый не адной, бязлітасным петытам, які не для старых вачэй. ГТалавіну яго дваццацітомніка займае «Красное колесо». Цяжка ўявіць мноства мужных, якія ўсё гэта адолелі або калі-небудзь адолеюць. А ён жа як быццам i скардзіўся, у «Литгазете» ці ў «Известиях», гаворачы, што вось прыехаў, а большасць расіян не чытала гэтых твораў...
Ажно Кірыла Арлоўскі прыпомніўся. Як ён абураўся на адной сустрэчы ў ягоным «Рассвете»: «Что же вы за журналисты — я говорю, а вы не записываете?!» I рука без далоні, пакладзеная на кнігу пра яго, напісаную нейкім, не памятаю, бойкім масквічом, i важныя словы: «Книга, на которой будут учиться поколения...» Маштабы, вядома ж, далека не тыя — добры, мужны, заслужаны пісьменнік i распешчаны афіцыйнай славай сельгас-чэкіст... Тут больш падыходзіць Горкі ca сваім «Самгіным», пра які таксама можна сказаць: «тяжелый случай»...
Словам, як ні ўздымайся, сціпласць усё-такі абавязвае ўсіх.
...Разоў некалькі ён публічна абяцаў не лезці ў палітыку, а вось жа на сваім марудна-доўгім шляху вяртання,— нібы Майсей з Егіпта, сорак гадоў па пустыні,— у Маскву цераз Далёкі Усход, Сібір ды еўрапейскую Расію, прэ свой добранадзейны, тапорна даўні шавінізм, як быццам гэта — не палітыка...
* * *