Зноў Гогаль. Тое, што само па сабе з маленства запамінаецца назаўсёды. Выйшаў пасля работы ў парк, i на хаду, у ціхай самоде згадаўся Жавакін: «...Дай-ка, думаю себе, пойду. Погода же показалась хорошею, по дороге везде травка». Хоць яна толькі яшчэ паказваецца. A ўсё ж лягчэй на стомленай душы.
* * *
Братэрства...
У паломніцкіх нататках Мікалая Крыштофа Радзівіла [6], чытаючы пра сярэднявечнае марское i сухапутнае зверства — ад Ерусаліма Да Рыма, а потым па радыё слухаючы пра мярзоцце «дзедаўшчыны», пра крывавую тузаніну ў Закаўказзі, на Паміры, у былой Югаславіі, пра тэрарызм ужо i ў Маскве, пра разбой i гвалт i ў «лагоднай», «сінявокай», «спрадвеку талерантнай» Беларусі,— страшна i часам проста не верыцца, што калі-небудзь i ў нас, i ў суседзяў, i наогул на свеце можа стаць лепш...
* * *
Скула на клубе. Ляжу каторы дзень. Няма апетыту. Маці падала гарачай чышчанай бульбы i кавалак тлустага селядца, яшчэ смачнейшага ад таго, што (у газеце нядаўна чытаў) такое любіць сама Грэта Гарба!.. А на завяршэнне шчасця гэтай беспрацоўнай волі, пасля малацьбы цапамі, паездак у пушчу па дровы — «Давід Каперфільд», над некаторымі старонкамі якога ажно заплакаць можна ад захаплення.
Успомнілася гэта, юначае, вясковае, чытаючы Бунта, «Белую лошадь».
Пісаць пацягнула ад сказа:
«Как молод он был тогда, как восхитительна была даже болезнь!»
* * *
— Немцы тыя ў хату зайшлі з паліцаямі, a ў мяне малая ў калысцы. Дык яны кажуць, што мы такіх каля Слоніма ўверх падкідалі ды на штых! Перадрыжала я ўся, Божа мой!.. A ўжо калі яны ішлі ад нас, дык адзін, што ззаду ішоў, i кажа: «I кляйна твая будзе жыць, i ман [7] твой вернецца з вайны...»
Бабуля з пасёлка Даманава на Берасцейшчыне расказвае радыёкарэспандэнтцы пра сваё доўгае, нялёгкае жыццё. Як «цар у бежанства пагнаў», як там гаравалі, як потым вярнуліся, a ў ix быў фронт i нічога не засталрся, як памерлі i мама, i тата, які сказаў, што ёй, найменшай, будзе найгорш. I было так, пакуль не ўзяла яе за няньку адна добрая жанчына. «Я ёй трох сыноў выгадавала, i яны мяне не цёткай звалі пасля, а мамай». I сваім дзецям рада бабуля, i ўнукам, асабліва аднаму з ix, што як прыедзе, дык i ў лазню яе правядзе, i ў хаце так глядзіць.
Шкада, што гэтае жыццё вельмі старой, паважанай на ўвесь пасёлак жанчыны расказана толькі па радыё, у ранішняй перадачы «Вясковыя ростані». Стараннем мілай па голасе журналісткі, прозвішча якое не запомнілася, як i бабуліна. Аднак у радыёзапісе есць свая перавага — жывы голас, адкрытая душа добрага чалавека, што многа адпакутаваў, але галоўнае збярог, пранёс — тое, што называецца чалавечнасцю.
Усё можна забыць, назваць прыблізна, пераблытаць, нават i па-прасцяцку падешна, а памятаецца такое, народна-ўсенароднае,— як гыя кляйна i ман...
* * *
У студзені сорак сёмага года ў Лондане сабраўся першы агульны з'езд сяброў згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі. У галоўную ўправу быў выбраны, паміж іншымі, i спадар С. Серафімовіч.
Гэта я прачытаў у дыяспарнай кнізе «Жыццё Вінцэнта Жук-Грьшжевіча».
Летась таго Серафімовіча нечакана выкалупалі на адной з лонданскіх ускраінаў, старога ўжо, у тры эшалоны сямейнага чалавека, каб прыгадаць яму мардаванне яўрэяў у Міры i аколіцах, калi ён быў там камендантам паліцыі. Пра гэта пісалі маскоўскія газеты. A нядаўна наша карэліцкая раёнка змясціла i пераздымак здымка таго «патрыёта», i па спалохана-нягеглым твары яго можна меркаваць, што i судзіць ужо тым часам позна...
Цяпер наш Мір, перад вайной багаты, ладны гарадок, двойчы разбураны ў вайну, у сорак першым i ў сорак чадвёртым, становіцца модным з-за свайго замка, які памалу адраджаецца. Гісторыя!..
А я, калі еду ў родную вёску або вяртаюся адтуль, не магу не зірнуць туды, дзе на заходняй ускраіне мястэчка была i яшчэ стаіць бойня. Каля яе, за сцяной ад дарогі, расстрэльвалі i безыменна закопвалі, пераважна на досвітку, старых бацькоў i матак тых, каго вывозілі ў Нямеччыну «на работы», па больш-менш пэўным ці i не надта абавязковым падазрэнні ў сувязі з партызанамі. Знішчалі так «унтэрмэншаў» з меркаванняў эканамічных, як лішніх там, дзе спатрэбяцца рукі i плечы іхніх дзяцей i ўнукаў.
Я ведаў некаторых расстраляных, памятаю ix...
Я не магу не думаць пра тое, што там, за бойняй, толькі цудам не расстраляна наша старэнькая калекамаці.
Па загаду таго члена ўправы, у выкананні тых некаторых, што таксама ж недзе лічылі ці i яшчэ ўсё лічаць сябе ці нехта лічыць ix «патрыётамі», «змагарамі»...
* * *
Як яна ў нас далека, шырока, грунтоўна зайшла — русіфікацыя!.. Канцэрт па заяўках, мноства імён, назвы вёсак, раёнаў, a песні просяць перадаць больш, чым у пераважнай колькасці; рускія. Дыктары па службе з намаганнем беларушчаць i сваё, i цытуючы з пісьмаў, a вершыкі, радкоў чатыры ці трохі больш, альбомная шырпатрэбшчына або хатняе самапляценне, абавязкова даюцца па-руску.
А «адпачынак на канапе», які на добрай беларускай мове вядзе павольна-разважлівая спадарыня, складаедца, бадай, выключна з рускіх або рускамоўных песняў.
На колькі пакаленняў разлічана яно, наша беднае адраджэнне? Ды яшчэ пры нашай нацыянальнай знергіі...
* * *
«Скрыдлы», «згукі» — прыкра мне гэта, ненатуральна. Можна зразумець Максіма Багдановіча з ягоным пазнаваннем роднай мовы з кніжнай далечы. Але ж навошта гэта цягнуць ад яго, хоць i любімага, у мову сучасную, маючы проста гукі, без пераклічкі са «звуками», i такое прыгожае, лёгкае, зусім сваё, без польскіх skrzydeł — крыллі?..
* * *
[6] Кніга жыцій i хаджэнняў.
[7] Die Kleine — малое, der Mann — тут муж.