Дзіўна яно — самотнасць, адзін на адзін з самім сабою, чаго аж лішне замнога.
А гэта ж наша доля, такая прафесія, хоць ты i любіш, разам з гэтым, i тое, што па-руску хораша называецца общением з людзьмі.
* * *
У маім «Проста i ясна» было трохі пра тое, што ў палавіне трыццатых гадоў адбывалася ў Саветах. «Там такое робіцца...» — штосьці так было ў мяне, у канцы трыццаць шостага. Было — бо тая старонка чарнавіка абачліва вырвана ў канцы саракавых або ў пачатку пяцідзесятых, калі я самацэнзураваў i гэтае апавяданне, цьмяна спадзеючыся калі-небудзь надрукаваць яго. Так i даў у кнігу «Ад сяўбы да жніва». Каб тое месца захавалася ў чарнавіку, можа, цяпер i вярнуў бы яго, хоць гэта i палічыў бы нехта моднай мадэрнізацыяй.
Сумняваўся я i пасылаючы апавяданне, пераклаўшы яго на рускую мову, Вігдорчыку [10], а ён на маё сумняванне пісаў у сваіх заўвагах: «Ты в этом случае нисколько не преувеличиваешь,— это буквально так и есть, за очень малыми и редкими исключениями». Датычылася гэта небяспекі ад сувязі з заграніцай i ўсенароднага збяднення,— таму дзедава дачка i пісаць стала рэдка, i грошай не слала. Мала пісалі тады i нам, брат Ігнат пасля свайго Беламорканала, а Валодзя яшчэ свабодны.
Вігдорчык ведаў больш за нас у Загоры. Пішу гэта, i ўспомнілася прысланая ім копія пісьма засакрэчанага сябра з СССР, рабочага, што скардзіўся на паўгалоднае выстойванне каля станка i так пісаў яшчэ, што мне запомнілася даслоўна:
«Солдаты и нужда маршируют по стране».
Жанчына ад мастацкай самадзейнасці гаварыла днямі па радыё:
— I сцэна раве, i зала раве, а трэба ж ціха спяваць, ад душы!..
Так яна пра поспех іхняга ансамбля, поспех, які ёй не падабаецца.
A ў адной з нашых мінскіх газет [11] днямі было інтэрв'ю з Булатам Акуджавай. Адказваючы на пытанне, чаму ў яго, былога франтавіка, няма ў песнях батальных сцэн, ён адказаў:
«...Я скорее тихий поэт. Кто-то из литературоведов в свое время написал: «Высоцкий кричит, а Окуджава молится». Возможно, это верное определение». Сціпласць уважым, а без «возможно» абыдземся.
* * *
З пачутага ад хлопцаў-землякоў у польскім войску i ў нямецкім палоне.
«Хам ты. рубяжэвіцкі, ты за год два дзеці зрабіў!» Так лаяліся мясцовыя яўрэі. Успамінаў Пашка Буньчук, з якім мы разам сядзелі ў акопе.
Хтосьці з Валожыншчыны (ужо забыўся хто) падараваў сваё: «Танцуе, як валожынскі бугай на лёдзе».
Сёдач са Скідзельшчыны. Як сёння бачу: разбіваем гной на юнкерскім бязмежным полі, а гэты маўклівы, чарнявы дзяцюк успёрся на сахор, перадыхнуць, крыху задумаўся, а тады: «Так яно, браце, чалавечая жытка — што сарочка дзіцячая: кароткая i засраная...»
Вясёлы ён, такі рэгіянальны каларыт, такая зіхатлівая мазаіка на роднай карце. Нямала чулася ад берасцейскіх палешукоў, нашых наваградцаў, сяброў нядолі з Глыбоччыны, з-пад Беластока, Клецка... Што ўжо ў мяне i скарыстана ў напісаным, а што возьме ды зноў згадаецца, часамі як быццам не надта дарэчы, але ж i на пацеху.
* * *
Даўнейшае, заходнебеларускае, вясковае.
Дасціпна вясёлая, дабрадушная руплівіца, што ўжо бярэцца на дзеўку, у нядзельку прыбіраецца на выхад у маладую кампанію. А яе старэнькая бабуля пытаецца з ляжанкі:
— Уходжваць пойдзеш? Усё вы ўходжваеце цяпер. Мы даўней не ўходжвалі...
Успамінаецца пушкінскае: «...в наши лета мы не слыхали про любовь» i тое ў Коласа, дзе пра маці, што помніцца ca школьнае чытанкі: «Яна ўжо збольшага ўхадзілась, цяпер спаважней варушылась»... У старэнькай уходжваць — i ад рускага ухаживать, i, чаго добрага, ад свайго ўходжвацца. А зрэшты — «хто яго цяпер з усім усякім разбярэцца?». Яна ж яшчэ i хукала на электраліхтарык, па-вясковаму «батарэйку», каб патушыць яе. Унучка пра тое «ўходжваць», расказваючы мне, дабрадушна смяялася. А яе старэйшы брат, ужо нядрэнны майстар «уходжвання», з бабулінага хукання смяяўся з адчуваннем поўнай вышэйшасці.
А я ад смешнага колькі ўжо разоў выходзіў думкай да камп'ютэра, на які я таксама мог бы хукаць, не цямячы ў ім не толькі ў параўнанні з сынам-кандыдатам, але i з унукам-школьнікам. I мы ўжо — час ідзе! — таксама бываем камусьці смешнымі.
Абы толькі без фанабэрыі, а так дабрадушна, прыязна, як было ў маёй сімпатычнай сваячкі.
* * *
I да такога ў нас даходзіла зусім нядаўна: так аб'яднацца з багацейшай, мацнейшай суседкай, што i бюджэт ёй падпарадкаваць, i нацыянальны банк, зрабіўшы дзеля гэтага адпаведныя папраўкі ў нядаўна прынятай Канстытуцыі.
Згадалася даўно пачутае ад старое маці: — Дзед бабцы купіў лапці, былі малыя — абсек пальцы.
Няўжо i такая мудрая палітыка народам нашым даўно прадугледжана?
* * *
[10] Пра яго ў апавяданні «Над фотаздымкам».
[11] «Советская Белоруссия». 1994. 10 сент.