«Мы павінны шукаць паэзію глыбей, на дне прозы...»
«Я заўсёды казаў: найглыбей разумеюць любоў i дружба; нянавісць блізарукая i востра заўважае толькi тое, што ляжыць на паверхні».
«У нас не прынята пісаць мемуары, успаміны, біяграфіі, i многа тых, што ўмеюць пісаць, проста не ведаюць, на што выкарыстаць свой свабодны час, i трацяць яго, займаючыся эпігонствам тады, калі жыццё, сапраўднае, непрыдуманае жыццё, прапануе столькі паэзіі i безліч падзеяў, i такіх цудоўных, такіх значных».
* * *
Жыва згадалася, як на вясковай вуліцы, пачаўшы з уступнага нюх-нюх ды гаў-гаў, сабакі сталі чагосьці ашчэрвацца, збівацца ў звар'яцелую куламесу, чортведама адкуль так хутка назбягаўшыся.
Пра гэта гаварылася проста: сабакі кусаюцца. Хоць i не часта такое бывала. Тым больш цікава паглядзець. Хто нагадзіўся адразу, хто потым, ажно подбегам. А нарэшце ўжо нехта прынясе вядро вады, пляхне ў гэтае разгалёканне, у гэты слепа-куслівы вір — i цуд працверазення адбываецца. A калі два ці тры вядры — дык i яшчэ хутчэй. Ваякі, i пераможцы, i пераможаныя, у чым не разабрацца, пад рогат людзей разбягаюцца — мокрыя, нават як быццам прысаромлена, хоць некаторыя яшчэ i агрызаюцца, немаведама на каго.
Чым бы гэта падобным ды як бы гэта пляхнуць на тыя нашыя чалавечыя «гарачыя кропкі», дзе вірыць, крывавіцца ў адчайным брэху сляпая, палітычна зсабачаная нянавісць?..
* * *
Заўтра будзе тэлеперадача пра Алеся Адамовіча, якую мне ў камандзіроўцы, чаго добрага, не ўдасца паглядзець. Тая перадача, ад удзелу ў якой я адмовіўся. У сувязі з чым згадалася даўняе, вясковае: адна цётка вунь як «хораша галасіла» па сваім, а другой «як заняло ад гора...».
А сёння, зноў жа ў сувязі з Алесем, з казённай гучнасцю i народнай шматлюднасцю — i ў Мінску, i ў Глушы — яго пахаванне, успомнілася пачутае ў свой час, што за труною Юрыя Казакова ішло... трынаццаць чалавек.
...З адным з маладзейшых сяброў даўгавата ішлі з выступлення ў музеі Купалы пехатой, цікава гамонячы пасля даўгаватай разлукі. Між іншым, i пра тое, што раскідацца нам, беларусам, Міцкевічамі ды Дастаеўскімі зразумела было тады, калі не было ім, геніям, дзе i як праявіцца ў сваім народзе. А сёння ж ёсць i родны дом, i родная мова, i грэх яно — талентам ісці супраць такой жыццёвасці...
* * *
Абараняючыся ад п'яніц у нашым літаратурным асяроддзі, я меў права на катэгарычнасць, рэзкасць, нават грубасць, да выкідання нахабы са свайго дома ўключна. Мне трэба было i сёння трэба ратаваць сябе ад ix умяшання ў мае жыццё, ад такіх перашкодаў. Тым больш што ў такіх «несчастненьких» бывае аж занадта самалюбавання, не глыбока схаванай задаволенасці сваёй выключнасцю, таленавітасцю, правам на асаблівую ўвагу, ласку, яшчэ на бутэльку, пасля на пахмелку, на ўсмешку пагарды да тваёй гасціннай прастаты, дурнаватай наіўнасці... Я парываў нават з таленавітымі, a ўжо пра нікчэмнасцей i гаварыць не варта. Тут дазваляецца, як сродак самаабароны, i гордасць чыстаты, цвярозасці.
* * *
У польскіх Татрах, над возерам «Morskie око», у трупе маладых, вясёлых турыстаў — маладзенькая, прыгожа-мілая манашка. Так жа яна старалася быць як усе, i так не пасавалі да манаскага ўбору яе wdzięki — жаноцкая краса, якія i строгая вопратка не магла схаваць. Не скажаш: «белая варона», бо для такое назвы яна залішне прыгожая. A ці адчувала яно, тое быстрае, румянае дзяўчо, сваю асуджанасць быць не як усе — без шчасця кахання, мацярынства?..
Помніцца ca жніўня семдзесят пятага.
* * *
Сюжэт:
Зайшла да яго сама. А ён цяпер, праз пятнаццаць гадоў, успамінае, думае, чаму ж не пасадзіў яе на шырокім падваконні вялізнага санаторнага акна,— каб ім зручней было глядзець з сёмага паверха на прыцярушаныя беллю верхавіны соснаў i снежную пену прыбою на марскім беразе, каб зручней было пачаць там іхняе шчасце — з пацалункаў...
Ён гэтага не зрабіў, каб быць вышэй, адпаведней свайму паважанаму ўзросту. І вось успамінае з безнадзейным шкадаваннем.
Хоць, можа, i яшчэ раз зрабіў бы таксама.
* * *
Васіль Казачэнка, здаецца, нават пісаў пра гэта, а што расказваў у кіеўскай ці маскоўскай кампаніі, дык гэта ўжо мне памятаецца добра. Як у пяцьдзесят сёмым годзе, калі ён з жонкай гасцяваў у нас на Нарачы, мы вярталіся вясёлай грамадой з возера ў Купу, а насустрач нам — вясковы статак, на пашу. Маладая карова раптам кінулася на мяне, а я, на шчасце, удала хапіў яе за рогі. Патрымаў, так крутануў, што яна аж мукнула і, выпушчаная з рук, нават адбеглася.
«Приятно вспомнить молодость»,— сказаў пасля доўгай, трывожнай паўзы таварыш Сталін, калі закончыўся прагляд фільма «Незабываемый девятнадцатый», у якім яго — штосьці незадоўга да канца — паказалі народу на падножцы бронецягніка, з шаблюкай i «міт а шпорэс»...
* * *
Песні Высоцкага на выбар слухаліся лепш, чым чыталіся ў кнізе, спачатку нават у самвыдацкай недазволенасці. Успомнілася, як у партызанскім лесе, куды ў апошнія месяцы акупацыі газеты з Масквы траплялі на пяты-шосты дзень, фельетоны Эрэнбурга мы чыталі з жывой цікавасцю, а потым, у Мінску, купіў я кнігу з імi, i вельмі хутка яны апрыкралі сваёю аднастайнасцю. Адзін «отставной козы барабанщик» паўтараўся бясконца, як i іншыя банальнасці славутага вастраслова.
* * *
Беднасць наша, кволы пачатак, калі i пераклад апавядання Гаршына «Сігнал» строга ўлічваецца гісторыяй літаратуры.
* * *
У «Хаджы-Мураце» Мікалай Першы ўспамінае плечы Нялідавай, а айцец Сергій у аднайменнай аповесці — плечы ўдавы, з якою жыў да сватаўства i манаства.