* * *
Чытаў перад вайной у нейкага польскага вальнадумца пра аднаго з ксяндзоў, які казаў сваім прыхаджанам:
— Wierz sobie choć w kozła, abyś tylko dziesięcinę płacił! [4]
«Дзесяціна» тая — касцельны налог, які праіснаваў да палавіны XIX стагоддзя.
* * *
Старэнькая артыстка друкуе сваё спрадвечнае фота: сама адвярнуўшыся, валасы даўжэзныя, распушчаныя ледзь не да зямлі. Гэта ўжо не рэкорд красы, a нейкі іншы рэкорд.
Згадалася дамачка ў друскеніцкім санаторыі: багацце светлых валасоў у тоўстых косах, завітых высокай «каронай», на якой бачком i смешна сядзіць недарэчна пацешны капялюшык. А на твары пад тым капялюшыкам на кароне — выразная задаволенасць такою звышкрасой.
* * *
Местачковы калгаснік, добры гаспадар, удачлівы сем'янін. Абое з жонкай сентыментальна шчаслівыя, як «старосветские помещики». Ды вось бяда — ён расхварэўся цяжка. Расказвае мне на чыстым дварэ, на лаўцы пад пышнымі дрэвамі:
— Адно яечка ў мяне ўжо выразалі, будуць, відаць, выразаць i другое яечка.
Жонка, сівенькая i ўвішная, калі прапанавала яму сесці:
— Вось я табе гэта пад попачку падлажу, каб было мякчэй.
Успомніўся Аляксей Кулакоўскі, у якога мы з жонкай гасцявалі ў яго Кулаках, улетку шэсцьдзесят трэцяга.
Пяцідзесяцігадовы, прыкметна важны, ён гаварыў старэнькай маці, ідучы спаць у другую, старую хату ў садзе:
— Мамачка, дзе тут кубачак узяць? Вазьму вадзічкі, можа, захочацца роцік папаласкаць.
I наогул там у ix, на Салігоршчыне, «аўёсік», «хатка», «сонейка»...
* * *
У электрычцы дзед сядзеў насупраць нішто сабе дамачкі i безданаможна, тэарэтычна «прелюбодействовал с нею в сердце своем».
* * *
На трохкутным газончыку каля самай панелі, дзе паблізу i машыны гудуць, i людзі ходзяць, пяць сізых галубоў старанна, увішна штосьці дзёўбаюць. A трохі ўзбоч ад ix — галка, чорная, з шэрай хусткай на гарляку, нешта ўсё вякае ды вякае на ix, крычыць ды лаецца, нечым жа так незадаволеная.
* * *
«Сам у тых багатых гасцях піў ды еў такое смачнае, хваліцца, а няма таго, каб i мне што-небудзь хоць за губою прынёс!..»
* * *
Сустрэўшыся ў міжгароднім аўтобусе, колішнія аднавяскоўцы, баба i дзед, прыкметна радыя сустрэчы, дзеляцца ўспамінамі маладосці. Яна — пра свайго:
— Мы ўжо з ім i цалаваліся...
Стары, перапыняючы яе:
— Можа, i падурэлі ўжо трохі? Яна:
— А што ж!..
I смяюцца абое, ужо бязгрэшныя.
* * *
[4] Вер сабе хоць у казла, абы ты толькі дзесяціну плаціў!