* * *
Успомніўся касцёл ва Уселюбе. Засыпаны ільняным семем. У сонечным i цяністым парку. I не падумалася тады, у пяцьдзесят першым годзе, што яны, касцёлы, будуць так масава аднаўляцца. Нават ушчэнт разбураныя ды запушчаныя. А той успомніўся чырвона-элегантным, чыста засыпаным процьмай насення з любчанскіх раскошных ільноў.
* * *
Уваходжу ў вёску, ідучы да аўтобуса, сустрэць жонку з Мінска. На адным з двароў, каля хаты сядзіць з жанчынамі мая вясёлая равесніца з хутара, каля якога часта праходжу.
— Антонавіч, добры дзень! — вітаецца яна, першая заўважыўшы мяне.— А куды вы?
— У прымы!
— А чаму ж не да мяне?
— А я й заходзіў, але ж вас дома няма. Во, нават новы капялюш надзеў!
Бо ўпершыню выйшаў у людзі пад сваім бліскучым жытнім брылём, нядаўна купленым у Каневе, на шаўчэнкаўскай ярмарцы.
Добра гэта, калі весела!
* * *
Пра таго, хто любіць вынюхваць, у вёсцы нашай казалі:
«Эх, тыц у хату, нюх у с....!»
* * *
Маладзенькая мама, прыгожая жоначка прымака, сарамліва-важна ідзе па сваім двары. А мне здаецца, што гэта ж так нядаўна яшчэ яе нябожчык бацька, калі сам быў дома за гаспадара i за гаспадыню, зварыўшы абед, клікаў малую: — Есці ідзі, гадаўка! Хоць яна i тады была мілая.
* * *
Набокава за яго «Лаліту» трэба судзіць па адным артыкуле з гвалтаўнікамі нялетніх.
* * *
Яўрэйскае: віншуючы з наваселлем, першы раз у новую кватэру трэба прыходзіць з нечьш салодкім або мяккім. Тая, ад каго я гэта пачуў, принесла нам падушачку на канапу, чырвоны «ясік», як гаварылася пры Польшчы.
* * *
Лягчэй было i ад таго, што з панства пакпіш, кал i гэта нават закранала i чужую рэлігію. Галоўным было высмеяць тое адмоўнае, што ўваходзіць у гэтае паняцце — панства: пустая фанабэрыя пры невуцтве, пагарда да бяднейшых. Помніцца з маміных расказаў:
Шляхцюк вярнуўся з кірмашу. Дзеці, сустрэўшы яго на дварэ, пакуль ён распрагаў, убеглі ў хату з радасцю:
— Татусь купіл гонскэ бялон! Гонскэ бялон!..
A пані матка, недачуўшы, што яны пра белую гусь, начную кашулю з сябе ды ў агонь у грубцы, таксама ўсцешана:
— Хоць вонзка, але бяла!
Бо свая даўно нямытая.
Другая пані ў касцёле моліцца, спявае з кантычкі, аднак трымае яе «дагары нагамі». Калі ёй хтосьці звярнуў на гэта ўвагу, яна з важнасцю адказала:
— То дзеці ўдому пшэўруцілы.
I яшчэ адна, таксама з кантычкай, з якое цягне рэчытатывам:
— Яко было... яко было...