— Месны ці прыезджы будзеш? — з робленым спакоем запытаўся пярэдні. Яны абодва ўжо ўлезьлі ў цесную хату і пасталі каля парогу.
— Ды вось, як бачыце, выпадкам, — няпэўна выціснуў з сябе Дземідовіч, з натугай надзеючы гамаш. — Да цёткі…
— Да цёткі?
— Ага, да Серафімы, — рашыў да канца хлусіць Дземідовіч, бо відаць, гэта былі тутэйшыя, іначай ім адказаць ён ня мог.
— Значыць, Серафіма — цётка? — дапытваўся паліцай. — А дзе ж яна, тая цётка?
Цяжка тупаючы па дошках падлогі вялікімі гразкімі ботамі, ён прайшоў да грубкі, зазірнуў у запечча.
— Ды кудысь выйшла, — ціха сказаў Дземідовіч.
— Так, так! З якой мэтай — да цёткі? — раптам запытаў паліцай, спыніўшыся перад ім насупраць. — Надоўга?
— Ды так, наведаць, — сказаў Дземідовіч.
— Камандзір? Акружэнец?
Яны ўжо абодва прыдзірліва аглядвалі яго змарнелую ў пінжаку постаць. Затым той, чарнявы, ціха зазначыў:
— Не падобна. Гражданскі, мабыць.
— Да? Гражданскі? — утаропіўшы ў яго позірк, дапытваўся першы. — Адкуль? З раёну? З вобласьці?
— Ды ну, што вы, хлопцы! — зьмяніў стрыманы тон Дземідовіч. — Нельга ўжо родственіцу праведаць? З Полацку я.
— З Полацку?
— З Полацку.
— Гляджу, аднак, быццам мне твая фізія знаёмая, — настырчыўся першы. — Як прозьвішча?
— А навошта? Ну Максімаў.
— Максімаў… Не, усётакі недзе я цябе бачыў. Во не прыпомню, — еў яго позіркам паліцай. Другі тым часам абышоў хату, паглядзеў за стол, у змрочныя куткі, за занавеску ў запечча. — У міліцыі рабіў?
— Ды што вы, хлопцы?
— Але дзе ж Серафімка? — не стрываў першы і праз уцалелую шыбку зірнуў у заткнутае трантамі вакно.
— Можа, карову пагнала, — паспрабаваў Дземідовіч адвесьці іхнюю ўвагу на іншае.
— О, у яе ўжо і карова паявілася! — зьдзівіўся паліцай. — А то казанскай сіратой прыкідвалася…
— Паявілася, ага.
— Тады паглядзім на выгане, — вырашыў першы. — Ну дык мы не разьвітваемся, пляменьнічак. Яшчэ пабачымся, — запэўніў паліцай ужо ў дзьвярах. Мусіць, аднак, яны мелі іншую мэту гэтага прыходу і напаткалі яго тут выпадкова. Значыць, трэба было змывацца.
Толькі куды?
Застаўшыся адзін, ён зноў адчуў сябе блага, ледзьве насунуў у рукавы непрасохлы, сыраваты з учарашняга плашч, зноў сеў на ўслон. І сядзеў так, кашляючы і слухаючы, як ад натугі зьвініць у галаве. Ён думаў, што тыя зараз прыйдуць з Серафімкай і возьмуць яго. Ці застрэляць на месцы. Каб ведаць такое, дык хоць бы дамовіцца ўчора з гаспадыняй, што ён яе пляменьнік ці брат, а то… На яго шчасьце, хутка на падворку затупалі ціхенькія крокі, і ў сенцы ступіла Серафімка. Дземідовіч падняўся з услону.
— Паліцаі былі. Цябе шукаюць.
У вачах Серафімкі шаснуў цень страху, і яна зьмянілася з твару.
— Ай, божачкі!..