— Дык гэта самае… Ужо ты мяне не прагоніш?
— Ай, што вы кажаце! Як жа я праганю!
— Во я так і падумаў: Серафіма не прагоніць. Усё ж мы з яе братам вунь як сябравалі.
Ён дужа закашляўся — кепскім, застарэла-прастудным кашлем, калі надта трудна адкашліваецца і ўсё хрыпіць у грудзях. Серафімка нахмурылася ў душы: канешне, трэба памагчы хвораму чалавеку, але было і боязна: а раптам уранку зноў прыпруцца Піліпёнкі? Ужо, мабыць, цяпер яны ня лепшыя за таго Асоўскага, і як бы не наклікаць бяды на абодвух? Ну але і як было адмовіць чалавеку па такой халадэчы?
— Вось толькі печ у мяне сьцюдзёная: дым ня ідзе. Але вы ўжо ў запечку…
— Добра, — з пакорай сказаў Дземідовіч і ўстаў з услону.
Яна нешта кінула-паклала на палку ў запеччы, падбіла сваю падушку. Ён лёг, не распранаючыся, і яна накрыла яшчэ старым кажухом. Слабым голасам ён папрасіў:
— Можа, і яшчэ чым накрыеце? А то калоціць усяго.
Яна набрала нейкіх трантаў з шастка і добра ўхутала і галаву, і ногі Дземідовіча, які, чутна было, сапраўды калаціўся нават пад вопраткай.
— Зёлак вам трэба зварыць. Ну вы ляжыце, а я, можа, у грубцы распалю.
Усё кашляючы, ён застаўся ў запечку, а яна прынесла дроў і ўзялася распальваць у грубцы. Спакваля, неяк неахвотна тыя ўсё ж загарэліся. Дым трохі ішоў праз дзьверцы, а трохі ў комін — усё ж было лепш, чым у печы, з якой ён увесь валіў цераз чалесьнік у хату. Толькі вось зварыць што ў грубцы было цесна і нязручна, трэба было чакаць, калі збольшага прагараць дровы.
Накашляўшыся, Дземідовіч, мабыць, заснуў. У хаце, як заўжды, стала ціха і глуха, дровы паціху гарэлі, і яна, прымасьціўшыся на ўслончыку, перад дзьверцамі грубкі, узялася абіраць бульбу. Маленькі чыгунок з вадой неяк уладкавала збоч ля агню — гэта на зёлкі. У сенцах у яе было запасена з лета трохі сушонага маліньніку, чабару ў мяшэчку і яшчэ адной травы — заячых хвосьцікаў, якая, казалі, дужа памагала ад прастуды. Даўно ня белены, абшкрэбаны бок грубкі патроху цяплеў, але холад у хаце ад таго ня меншаў, па-ранейшаму праз шчыліны з вокнаў задуваў вецер. Звыкла гонячы з бульбіны тонкую ацяробку, Серафімка думала пра брата Мікалая. Ён быў аднагодак гэтага Дземідовіча, яны разам вучыліся ў педтэхнікуме, яшчэ ў тыя даўнія гады маладымі хлопцамі прыехалі ў мястэчка настаўнічаць — Дземідовіч выкладаць гісторыю і грамадазнаўства, а яе Мікалай — беларускую мову і літаратуру. Яны добра сябравалі і нават нейкі час кватаравалі разам у доўгім, як стадола, будынку крывога Рыўкінда за сінагогай, аж покуль Мікола не ажаніўся з настаўніцай пачатковых класаў. Тады Дземідовіч і перайшоў на кватэру да гэтага Асоўскага. Як у брата нарадзілася дачушка Аленка, Серафімка перабралася з вёскі ў мястэчка няньчыць малую і спакваля зрабілася амаль паўнаўладнай гаспадыняю ў невялічкай братавай сямейцы: даглядала малую, хадзіла на кірмаш, у лаўкі, прыбірала, гатавала ежу настаўнікам, якім заўжды было некалі: увесь дзень рабілі ў школе, а ўвечары сядзелі над сшыткамі, рыхтаваліся да ўрокаў. Апроч таго, Мікалай неўзабаве ўцягнуўся ў грамадскія справы, ставіў у РДК сьпектаклі і нават пару разоў вадзіў туды і яе, — як іграў сам з жонкаю Ядзьвігай Іванаўнай. Помніць Серафімка, пастаноўка была дужа сьмешная — як да маладой дзяўчыны падбіваўся пажылы шляхцюк, а яна не хацела выходзіць за яго, бо кахалася са сваім маладым хлопцам. Дужа сьмяяліся тады ўсе, а Мікалай і іншыя артысты доўга радасна кланяліся са сцэны, і Серафімка поўнілася гонарам, так ёй хацелася сказаць усім, што гэта ж яе родны брат такі здатны артыст. Здаецца, Дземідовіч тады таксама ўдзельнічаў у п’есе, а пасьля яны ўсім гуртом завіталі да іх на кватэру, выпівалі. Серафіма частавала іх клёцкамі — было тое якраз на мясаед пасярод зімы.
Так, сябравалі, працавалі разам, а калі і што здарылася паміж імі, Серафімка ня ведала дагэтуль. Памятае толькі, як аднойчы позна прыйшоўшы з нейкага сходу, Мікалай здаўся ёй надта расстроеным, проста разьюшаным нават, Ядзьвіга Іванаўна ўсё ўгаворвала яго, суцяшала, а ён круціў галавой і чагосьці ня мог даўмецца. Назаўтра ранічкай, застаўшыся адна з нявесткай, Серафіма запыталася пра брата, і тая скупа адказала: «Абвінавацілі ў нацыяналізме». — «У чым?» — не зразумела Серафімка. «У тым, чаго горш не бывае», — цьмяна растлумачыла нявестка.
Серафімка больш не пыталася, Мікалай патроху стаў спакайнець, па-ранейшаму вучыў у школе, а то езьдзіў у розныя кампаніі па раёне — якраз ішла калектывізацыя, і ён як партыйны больш чым у школе быў у разьездах па самых далёкіх кутках раёну. Сьпектакляў болей ня ставілі, дома не зьбіраліся; у РДК кожны вечар ішлі то сходы, то зьлёты, то канферэнцыі, але Серафімка на іх не хадзіла і пра што там гаварылі ня ведала. Яна толькі пазірала з тугой, як Мікалай усё болей змрачнеў і марнеў, рабіўся маўклівы, дома ніколі не жартаваў нават з жонкай і неяк бы адцураўся дзіця, што ўжо зусім было незразумела Серафімцы. Малой Аленцы было гадкоў шэсьць, гэта была жвавая сьмяшлівая дзяўчынка, Серафімка дужа любіла яе — нават болей за брата з нявесткай. І вось аднойчы, як яна мыла ў начоўках малую, тая раптам і кажа: «А я ведаю, чаму татка ўчора плакаў». — «Плакаў?» — жахнулася Серафімка, такога яна і не падазравала нават. «Плакаў. Таму што ён скрывіў лінію», — бадзёра адказала малая, седзячы ў мыльнай вадзе. «Якую лінію?» — «Ну тую, ну тую… Мусіць, тую, што ў дзядзі Петруся ў партфелі», — надумала пляменьніца, і Серафіма сьпярша паспакайнела, а пасьля задумалася. Мабыць, усё ж то была ня тая лінія-лінейка, што насіў у партфелі настаўнік маляваньня Пётр Пятровіч, то была нейкая іншая лінія, калі пра яе плакаў дарослы мужчына, настаўнік, яе брат. Яна ўсё хацела запытацца пра тое ў Мікалая, ды не наважвалася, брат па-ранейшаму быў нярвовы, маўклівы, разоў колькі, чула яна, у іх пакойчыку ўсчыналася сварка з жонкай, але за што — колькі Серафімка не ўслухоўвалася з кухні, зразумець не магла. «Прынцыповасьць, ухіл, скрыўленьне» — каго і куды, хіба ёй было зразумець з яе трыма класамі адукацыі. Тады ж памятае, неяк увечары на пачатку вясны да іх завітаў Дземідовіч з паўлітрам у кішані, яна сабрала што-нішто на стол і чула, як яны размаўлялі, болей сварыліся, аднак, — зацята і варожа, і рассталіся позна, апоўначы; злосны Мікалай нават ня ўстаў з-за стала праводзіць сябра. Болей Дземідовіча яна ў іх ня бачыла. Хутка, аднак, яна наогул не забачыла белага сьвету, плакала цэлымі днямі, а пасьля і зусім перабралася ў сваю пахілую хатку на ўскраіне Любашоў. Гэта як брата арыштавалі, а нявестка Ядзьвіга Іванаўна праз месяц адмовілася ад яго на нейкім вялікім сходзе і дома злосна сказала, каб Серафімка зьехала да Першамаю, бо яна, Ядзьвіга Іванаўна, ня хоча мець нічога агульнага ні з ворагам народу, ні з ягонай раднёй.
Ужо колькі год мінула з тае вясны, а ўсё помніцца, нібы жывое, і баліць, нібы гэта здарылася ўчора. Цяжка Серафімцы зразумець, хто тады быў правы, хто вінаваты, і ў чым грэх яе адзінага брата; можа, і правільна яго пасадзілі. Толькі дужа балюча ёй найперш за нявестку: ужо, здаецца, кахаў яе Мікалай, як толькі можна кахаць мужчыне: бывала, якую скварку ня зьесьць — усё каб ёй засталося. Якую капейчыну — ёй на ўборы, каб была ня горшай за іншых. Гэтак, гледзячы на яго, адносілася да нявесткі і яна, Серафімка. Шанавалі ў той братавай сямейцы Ядзьвігу Іванаўну болей за ўсіх астатніх. Нават больш за малую, якая ўсім дужа падабалася, і пасьля гадоў колькі Серафімка, як успамінала яе, дык адразу пачынала плакаць — ад журбы па малой Аленцы.
Дземідовіч спаў кепска, з вечара ўсё зацята, надрыўна кашляў, мусіць, пакуль сагрэўся пад Серафімчыным кажушком. Сярод начы Серафімка напаіла яго адмысловым адварам з зёлак, і ён трохі паспакайнеў, можа, заснуў крапчэй. А Серафімка так і не заснула да раньня, усё паліла-награвала грубку, каб было цяплей хоць у запечку, хоць зрабіць тое ў дзіравай, бы рэшата, хаце было нялёгка. Затым варыла бульбу. Таўчы ячмень уначы яна не наважылася, баючыся патрывожыць госьця, і сядзела перад грубкай, — то падкладвала туды дровы, то зграбала да кучы галавешкі. Так міналася ноч, і як трохі занялося днець, яна пачала зьбіраць клумак. Найперш наліла ў слоік сьвежай вады, паклала ў меншы чыгунок бульбы. На гэты раз адсыпала з сальніцы ў чыстую анучу са жменю солі, падумала: што б яшчэ ўзяць з сабой у траншэю, чым пачаставаць небараку параненага. Лекаў, апроч зёлак, у яе не было ніякіх, але зёлкі невідушчаму, пэўна, не памогуць. Дземідовіч, здаецца, спаў, пад ранак троху перастаў кашляць, і яна прыслухалася, каб учуць ягонае дыханьне, па-ранейшаму частае і хрыпатае. Будзіць ня стала, хай сьпіць. Можа, ніхто не патрывожыць, а яна хуценька зьбегае і вернецца да сьняданку — трохі бульбачкі яна пакінула яму і сабе ў накрытым чыгунку ў грубцы.
На двары, перш чым выйсьці на вуліцу, пастаяла, паслухала. Пасьцюдзянелы за ноч вецер напірыста дзьмуў з поўначы, але дажджу не было. За плотам жаласна мяўкаў нейчы асірацелы кот, мусіць занудзіўся па чалавеку. На сьмярдзючым суседскім пажарышчы вецер разьдзімаў іскры, і тыя нізка ляцелі над агародам у недалёкі садок. Над полем ужо віднела, і Серафімка хуценька патупала знаёмай дарожкай уздоўж бульбяной нівы ў поле.
Дземідовіч заснуў, можа, пад ранак, з вечару яго разпораз біў кашаль, колькі ён ня стрымліваў яго — усё роўна не адчапляўся, аж разрываліся грудзі. Усё ж ён паступова сагрэўся — першы раз за якіх чатыры начы, мусіць Серафімчыны зёлкі мелі нейкую сілу. Дземідовіч дужа пакутваў — ад прастуды, непрыкаянасьці, а яшчэ болей душэўна — ад таго, што гэтак неспадзёўкі рухнуў сьвет, дзе ён прывык існаваць, дзейнічаць, жыць. Пабурыліся ўсе звыклыя меркі, адносіны, а галоўнае — загадкава, незразумела перамяніліся людзі. Тыя, каго ён ведаў шмат год запар, нават змалку, з кім жыў і працаваў гадамі, зараз, калі грымнула гэтая бяда, сталі ня тымі. Сталі незразумелымі, чужымі да ладу ці нядобрымі да яго асабіста — хто ведае. Добра было таму, хто пасьпеў далучыцца да арміі — усё ж войска зьядноўваецца дысцыплінай, загадам начальства, прысягай урэшце. А як вось тым, што мусілі застацца пад акупацыяй, як ім быць? Дземідовіч, на яго няшчасьце, хоць і лічыўся калісь камандзірам запасу, але з прычыны хваробы на сухоты быў сьпісаны з войска па чыстай, пра войска ён ня мог нават марыць. Так сталася, што ён застаўся тут, пад немцам, канешне, меў сёетое заданьне ад адпаведных органаў. Але во — выпадак! Ці ён думаў, што адразу ж, як прыйдуць немцы, у мястэчку паявіцца і Асоўскі, той самы правы ўкланіст, да выкрыцьця якога некалі прыклаў руку і Дземідовіч. Правільна прыклаў, бо такога, як гэты інсьпектар райана, трэба было рэпрэсаваць яшчэ гадоў на дзесяць раней. Ды тады зважалі на яго педагагічны вопыт, высокую адукацыю (падумаеш, скончыў Пецярбургскі універсітэт; цяпер каму не вядома, чаму вучылі ў тым універсітэце). Ды і з якога класу паходзіў, засталося не зусім высьветленым. Дземідовіч жа скончыў педтэхнікум, але ён быў сынам селяніна-парабка (на жаль, не рабочага, як іхні заграйана Крукаў), і ўжо ў класавых пытаньнях яму ня трэба было шмат разьбірацца — класавыя інтарэсы ён адчуваў нутром. Стычкі з Асоўскім у яго пачаліся яшчэ ў трыццатым годзе, як толькі Дземідовіч прыехаў у мястэчка настаўнікам і пачаў прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцьці сьпярша камсамолу, а затым і партыі, як стаў партыйцамбальшавіком. Стычкі адбываліся збольшага па той прычыне, што ў той час, як ён, Дземідовіч, усімі сіламі і памкненьнямі падтрымліваў палітыку партыі і кіраўніцтва, гэты Асоўскі з усяго імкнуўся зрабіць выключэньне, наконт кожнай кампаніі ён меў сваю думку. І галоўнае — нахабна выказваў яе, не зважаючы нават на прысутнасьць начальства з раёну ці нават з акругі, як ён ня раз тое тлумачыў — па праву старога бальшавіка (на самай справе даўно беспартыйнага, бо яшчэ ў дваццатыя гады яго вычысьцілі з ВКП(б)). Натуральна, што Дземідовіч ня мог трываць гэтых вылазак амаль не замаскіраванага ворага і даваў яму належны адпор. Усё тое было проста, звычайна і правільна для таго часу, хіба ў ягоным выпадку трохі ўскладнілася тою акалічнасьцю, што ён кватараваў у доме гэтага самага Асоўскага, побач з царквой, і як таго рэпрэсавалі, заняў ягоную кватэру. Ну але як было не заняць пусты дом — жонка Асоўскага Маргарыта Леапольдаўна тады зьехала ў Ленінград да інжынерасына, і Дземідовіч быў адзіны прэтэндэнт на гэтую відную дамоўку, бо гадоў пяць цясьніўся ў ягонай бакоўцы за кухняй. Праўда, сям’я ў Дземідовіча была невялікая — ён ды жонка, дзяцей яны ня мелі — дзе ўжо тыя дзеці ў сухотніка? Заняў ладны дом, і ўсё было б добра, калі б некаторыя не пачалі зьвягаць, што, маўляў, таму і пасадзіў, што паквапіўся на жылплошчу. Але ня квапіўся, так атрымалася. І горш за ўсё ў гэтай гісторыі тое, што Мікалай Тарасевіч, ягоны юнацкі сябра, таксама паверыў у яго карысьлівасьць. З таго і пачалося.
Калі ўжо з чаго пачнецца, тады цяжка ўгадаць усе вынікі і прадбачыць хаду падзей у тых зласьлівых адносінах, тады тыя адносіны павядуць цябе самі, часам насуперак асабістаму твайму жаданьню. Так сталася і з Міколам. Сьпярша нешта зьвягнулі жонкі, жонка Дземідовіча Паліна Аляксандраўна ўвечары неяк паскардзілася на Ядзьвігу Іванаўну, ён падумаў: дурное, прамаўчаў нават. Але праз дзён колькі сам пачуў на перапынку, як жанчыны-настаўніцы паміналі яго імя менавіта ў сувязі з яго дамоўкай. Зрабілася крыўдна, і ён пры выпадку сказаў Мікалаю, каб той крыху ўкараціў язык сваёй жонцы. Той не стрываў, ганарыста адказаў у тым сэнсе, што ня трэба было даваць падставы, не спатрэбілася б і ўкарачваць языкі людзям. «Гэта якім людзям?» — узьвіўся Дземідовіч. «Сам знаеш, якім», — сказаў Мікалай Тарасевіч, і размова на тым абарвалася.
Размова дык абарвалася, але канфлікт на гэтым ня скончыўся. І калі неўзабаве на партактыве ў дакладзе сакратара райкаму Катушкіна былі падвергнуты крытыцы некаторыя настаўнікі раёну пераважна за нацыяналістычны ўхіл, у спрэчках выступіў Мікалай Тарасевіч, яўна выгараджваючы тых настаўнікаў. Тады ўзяў слова Дземідовіч і, гледзячы ў вочы свайму нядаўняму сябру, сказаў, што замест таго, каб апраўдваць іншых, таварыш Тарасевіч павінен быў бы сьпярша прызнаць уласныя хібы ў гэтым пытаньні: і як нахвальваў «Новую зямлю» Коласа, некаторыя вершы Купалы, і як недаацэньваў пралетарскую паэзію Чарота і Александровіча. Ён тады адкрыў многім вочы на сапраўдную сутнасьць настаўніка беларускай мовы і літаратуры Тарасевіча і ніколькі не раскайваўся ў тым. З бальшавіцкай праматой ён сказаў праўду, нічога не прыдумаў і не ўтаіў. Пра «Новую зямлю», напрыклад, яны колькі перагаварылі ў тыя гады, як найбольш сябравалі. Тарасевіч тады быў у захапленьні ад тае безумоўна шкоднай кулацка-нацыяналістычнай паэмы. А між тым самі Колас і Купала выступалі ў друку з чыстасардэчным прызнаньнем уласнай контррэвалюцыйнай дзейнасьці, якую дагэтуль ня мог распазнаць у іх творчасьці член партыі і настаўнік Мікалай Тарасевіч. Сяброўства іх з таго часу, канешне ж, ляснула, Тарасевіча праз нейкі час пасадзілі, але завошта канкрэтна — гэтага ўжо Дземідовіч ня ведаў. Да той пасадкі ён ня меў аніякага дачыненьня. Тут ягонае сумленьне было чыстае. У той час ён ужо працаваў у райкаме, і з пасадкай Тарасевіча, мусіць, пастараліся іншыя. Але не Дземідовіч.
Недзе сярод начы яго разбудзіла Серафіма, прынесла конаўку гарачага пітва, што пахла чаборам. Ён сонна піў, — зьнямогла, бяз прагнасьці, бы застарэлы хворы, і, выпіўшы, пластом аблёгся на Серафімчыны транты. Быццам трохі сагрэўся, хоць дрыжака не пакідала назусім яго прастылае цела, але ўнутры стала лепей, ён пакашляў і расплюшчыў вочы. Серафімка трудна ўздыхала ў хаце, па цёмнай і нізкай столі блукалі цьмяныя водбліскі з грубкі, і Дземідовіч падзівіўся з свае ж нечаканае думкі: дзе гэта ён так безадмоўна знайшоў прыпірышча? Ці ён думаў калі, што ў самы для яго трудны час прывеціць яго гэтая цёмная жанчына, родная сястра яго, можна сказаць, ідэйнага ворага. Калі б гэта было раней, дык пры сустрэчы ён бы з ёй не павітаўся нават, зрабіў бы выгляд, што незнаёмы. Сапраўды, мець нейкія сувязі ці падтрымліваць знаёмства з сям’ёй ворагаў народу, нацыяналістаў і контррэвалюцыянераў было болей чым неразумна — было злачынна, і многія паплаціліся за гэта. Ён жа заўсёды стараўся нічым не запляміць свой гонар бальшавіка-партыйца.
Тады ў мястэчку, як вярнуўся гэты Асоўскі, яго не было дома — ён памагаў швагру лапіць гонтам страху на варыўні, куды яны ссыпалі выбраную з агароду бульбу. Як прыбегла жонка з той ашаламляльнай навіной, ён не паверыў нават, але, мусіць, жонка не памылілася. Асоўскі, казала, стары ўжо і зьнямоглы, прыпёрся пасьляабеддзя ў дом і найперш папытаўся пра Дземідовіча. З якой мэтай ён тое пытаўся, было вядома без далейшых роспытаў, жонка нешта ня дужа верагодна схлусіла і пабегла папярэдзіць мужа. Учуўшы тое, Дземідовіч на некалькі хвілінаў разгубіўся, а затым выразна паглядзеў на швагра і ўпершыню тады ўбачыў, як гэты добры, прастадушны чалавек адвёў свой позірк убок. Дземідовіч яшчэ ні аб чым не папрасіў яго, а той ужо замармытаў пра дзяцей, што яны малыя яшчэ, і што ён чалавек рабочы, яму чорт з ёй, абы якой уладай, была б бульба ды кавалак хлеба да бульбіны. Дземідовіч унурыў галаву, замоўк, а як надышоў вечар, кінуў у сумку кавалак хлеба і сала і разьвітаўся з жонкай. Знаёмых у раёне ў яго было шмат — настаўнікаў, партыйнага актыву, калгасьнікаў, думаў: можа і добра, што швагер не прыняў — знойдзе ня горшы прытулак у якім глухім месцы. Мо будзе яшчэ і лепш.
Найперш ён скіраваў свой шлях у Замашанскі сельсавет, бліжэй да пушчы; то быў самы глухі, хоць і далёкі куток у раёне, і там, у Замошшы, быў у яго сябра, таксама настаўнік Пракапёнак, з якім яны тры гады запар удзельнічалі ў агіткампаніях. Зноў жа Дземідовіч ня раз бываў там упаўнаважаным па падпісцы на пазыку і ведаў многіх людзей. Ужо там яму не дадуць прапасьці, там яму дапамогуць. Каб лішне не назаляць каму, пайшоў ноччу, прасёлкамі, адмахаў кіламетраў з трыццаць і пад ранак пастукаў у знаёмае высокае вакно Пракапёнка. Баяўся, таго не застане ў хаце, думаў, можа, падаўся ў эвакуацыю. Аж не, Пракапёнак быў дома. Неўзабаве яны ўжо сядзелі на кухні, выпілі па чарчыне і гаварылі пра іхнюю агульную бяду. Абстаноўка ў Замошшы, аднак, таксама была ня простая, некаторыя з людзей, нават з чэсных і ціхіх, цяпер пачалі паказваць свой нораў. Пракапёнак расказваў, як яго ўчора на вуліцы спыніў аднавокі Зуб і прыгразіў: маўляў, ваша ўлада скончылася. Пракапёнак пачаў размову, яму важна было даўмецца, чаму так раптам перамяніўся гэты працавіты чалавек, бацька семярых дзяцей. Аказваецца, той не перамяніўся, ён заўжды памятаў, як упаўнаважаныя з Пракапёнкам спаганялі з яго грошы на пазыку. «Дык што ж ты хочаш, — сказаў Пракапёнак. — Калі падпісаўся, дык трэба бало плаціць». А ён кажа: «Напомніць вам, як падпісвалі? Калі памяць кароткая?» Як падпісвалі, Пракапёнак памятаў, і таму спыніў тую непатрэбную размову, і цяпер вось сядзіць, бы на вугольлі, чакае. Сыйшоў бы куды ў лес, каб не сям’я — жонка ды двое малых. Куды ад іх дзенешся?
Дземідовіч зусім азмрачнеў, гатовы быў упасьці ў роспач і запытаўся толькі: «Ну хоць да вечара можна перабыць?» — «Да вечара можна, — кажа, — але ня болей. Сам панімаеш…»
Што ж, ён панімаў, усё ж ён быў чалавек з сэрцам і не жадаў бяды дзецям Пракапёнка. Паляжаўшы на гарышчы да вечара, ён, як зьмерклася, узяў сваю сумку і пачаў разьвітвацца. «Дык куды ж ты цяпер?» — запытаўся сябра, і Дземідовіч сказаў: «А нікуды». Ён і сапраўды ня ведаў, куды падацца. Лепей бы ў лес, каб было лета, але, на жаль, лета скончылася, на парозе стаяла восень. Дзьмулі халодныя вятры, рудое лісьце з бяроз церушыла на Пракапёнкаў падворак…
Ноччу, ідучы па пустой і гразкай дарозе з Замошша, ён падумаў, што, мабыць, прытулку ў былых сяброў ён ня знойдзе — тыя самі баяцца, бо, канешне ж, усе на падазрэньні. Складана было і трудна ўсе перадваенныя гады, накапілася шмат гаркаты ў адносінах паміж сваімі ж, засталіся недабітыя і недавыкрытыя ворагі, якія цяпер во паказваюць свае іклы. І спадзяюцца на немцаў. Думаючы пра гэтых, недабітых, Дземідовіч пачынаў закіпаць ад злосьці — недагледзелі, не разгадалі ў свой час. А ўжо стараліся! Але ніякай работы, мабыць, не бывае бяз браку, асабліва ў такой рабоце, як класавая барацьба. А што было б, каб ня гэтая барацьба, каб нікога не рэпрэсавалі, не ссылалі? І ўсе тыя яўныя і тайныя ворагі дажыліся да гэтага часу? Страшна падумаць нават, што тады было б! Парэзалі б у першую ж ноч акупацыі ўсё кіраўніцтва, партыйны актыў, усіх, хто памагаў органам. Не, мабыць, правільна іх душылі ўсе дваццаць гадоў.
А можа, і не зусім правільна?
Можа, хай бы сабе жылі мужыкі, не чапалі б іх, ня мелі б зла і яны. Зямлі было даволі, усе, хто хацеў, пасьля рэвалюцыі зямлю атрымалі і калупаліся б на ёй, як маглі і ўмелі. Вядома, што селяніну абы які, але абязкова каб уласны лапік, і ён не падніме ад яго носа, будзе калупацца ад цямна да цямна…
Але ці гэта можна было дазволіць? У сьвятле новых памкненьняў і новых рашэньняў? Паводле палажэньняў марксізму-ленінізму, якое так бурна авалодала масамі, мусіць, тое б было няправільна. А што датычыць нізавога, раённага кіраўніцтва, дык для яго галоўнае было вызначыць, што правільна, а што няправільна. Іменна паводле навукі марксізмуленінізму. Шчасьце краіны і партыі, што на чале яе стаў правадыр Сталін, які, можа, адзіны мог тое вызначыць і ажыцьцявіць практычнае выкананьне марксісцкіх палажэньняў. Усё тое, што рабілася перад вайной, як гэта было ўсенародна прызнана, было адзіна магчыма і правільна. Дык у чым жа тут можна сумнявацца?
Усё сваё жыцьцё Дземідовіч прагнуў выразнасьці і праматы, не любіў усякіх складанасьцяў і заўжды гнаў ад сябе сумненьні, якія, ведаў, нібы твань, засмоктвалі ў сябе чалавека. Варта толькі было паддацца на кручок фактаў, усумніцца ў малым, ступіць хоць на адзін крок у багну. Ён ведаў таксама, што вагацца яму было нельга, партыйны кіраўнік павінен быць чалавекам жалезных перакананьняў — ва ўсім давяраць кіраўніцтву, якое ўжо напэўна разумнейшае за ўсіх, хто ніжэй, і ўсё, як мае быць, абмеркавана, перш чым паявіцца перад краінай у форме пастановы ці рэзалюцыі. Ужо таварыш Сталін іх добра абдумаў. А таварыш Сталін ніколі не памыляецца, гэта было вядома кожнаму школьніку.