Сніў спакойнае, дзіцячае: знаёмы луг, каровы. Цеплыня. І адна трывога, што разморыць яго сонца і каровы палезуць у патраву.
Разбудзіў яго Міколка.
— Стась, а Стась, прачынайся. Пайшлі.
Не ад начнога холаду — ад хвалявання — прабіралі дрыжыкі, калі ў цемры паспешліва абуваўся.
Спусціліся ціхенька з гарышча, выйшлі ў двор — а перад імі ў перадсвітальнай шэрані што здань — Ганна.
У Шабовіча падкасіліся ногі: усё, правал. Міколку будзе экзекуцыя, яму — грубая вымова, што збівае хлопца з панталыку.
Не. Маці накруціла сыну на шыю шарф і лёгка адпіхнула ад сябе.
— Глядзі ж, не забывай, што я табе сказала.
— У цябе забудзеш,— буркнуў Мікола.
— То-та ж.
Шабовіч ступіў да жанчыны.
— Я хачу пабачыць Аксану.
— Спіць твая Аксана.
— Трэба развітацца.
— Не на фронт ідзеш. У лес. Будзеце давідна вісець на шыі адно у аднаго, а я — стой над вамі. Скора пабачыцеся. Праз тыдзень даставім тваю каралеву,— і зноў сыну: — Дык глядзі ж...
— Гляджу-гляджу...
— Не далей дзялянкі.
— Не далей, не далей. Бліжэй...
— Знаю цябе.
— Дык і я ж цябе, мамачка, знаю.
Ганка хітра хмыкнула і весела праводзіла:
— Ну, папаўзлі, змеі паласатыя, у лес густы.
А Шабовічу стала нявесела. Больш таго, нейкі ж вельмі цяжкі смутак агарнуў яго. Многа разоў развітваўся з Аксанай, ідучы на небяспечныя заданні, і ніколі не адчуваў такога цяжкага пакутлівага смутку. Да яго дадалося як бы ўніжэнне ўласнае, сорам за сваю бязвольнасць: адступіў перад бабай, не мог дамагчыся пабачыць уласную жонку. Недарэмна Іван Ткачук, як узброены баявік, неаднойчы лаяў: «Інтэлігент ты, Стась, недаспелы, размазня».
На поплаве іх ахутаў густы туман. Нават Міколка не ўсюды ішоў упэўнена, спыняўся, нахіляўся да зямлі, як бы нюхаў даўні свой след. І маўчаў, засяроджаны, можа, трохі пасаромлены, што і ён блукае. Але ж у такім тумане не дзіва. Шабовіч сказаў хлопцу пра гэта — каб падбадзёрыць. І той адразу набыў ранейшую жвавасць, сталую ўпэўненасць. А калі перайшлі рэчку па заваленай вярбе і дабраліся да лесу, выйшлі на торную дарогу, Міколка адчуў сябе, як кажуць, на кані. І красамоўнасць яго вярнулася. Ды і настрой Стасеў, яго панурую маўклівасць зразумеў, як дарослы.
— Ты не думай, што наша матка злая.
— Чаму я так магу думаць?
— Да вайны яна вясёлая была. Бацька казаў, што ёй у арцісткі трэба было ісці, а не ў ільнаводкі. Цяпер яна за нас баіцца, за мяне і за Міцю. Я, канешне, свінтух, на мне шкура гарыць. Выдзелае яе матка.
Углыбіліся ў лес. Развіднела. У лесе туман рассеяўся — як парвалі яго дрэвы на дробныя шматкі.
Міколка прысеў на паваленую сасну.
— Давай паснедаем.