Кажуць: у цеснаце — не ў крыўдзе. Так. Але тады, калі нішто i ніхто не перашкаджае нармальнаму адпачынку, сну. А нас даймалі... клапы. Жах, колькі ix, паразітаў, было! I ніякага ратунку. Дом-клапоўнік. Яны паўзлі праз шчыліны з палавіны гаспадыні. На дзіця. Каб ратаваць малую, пад ножкі ложка ставілі каструлі з вадой. Але яны, гады, пікіравалі са столі, як праклятыя «юнкерсы», якія я ўсё яшчэ сніў.
Але больш, чым мае вячэрнія паходы ў пусты Дом друку, Машы не падабаліся наведванні піўнушак.
Мастацкая багема, відаць, з'ява такая ж даўняя, як само мастацтва. Бражнічалі ў Рыме, у сярэдневяковых Францыі, Іспаніі, Галандыі. У Расію яна прыйшла пазней — у эпоху Пушкіна, калі мастацтва i літаратура выйшлі з манастыроў. Расквітнела багема ў часы Блока — на дэкадэнцкім полі. З прыходам у літаратуру сялянскіх i пралетарскіх паэтаў багема набыла размах рускага разгулу, у якім гінулі многія таленавітыя людзі, Ясенін, напрыклад.
«Вадзілі казу» беларускія творцы i да вайны, натхніцелямі былі такія «геніі», як Алесь Кучар, i ён жа даносіў на п'яную «свабодалюбівую» балбатню сваіх калег, i некаторыя з ix паплаціліся за гэта жыццямі ці трапілі на катаргу.
Пасляваенная багема мела сваю адметнасць, сваю небывалую дагэтуль асаблівасць. Людзі вярнуліся з вайны, акрыленыя перамогай i з радасцю, што засталіся жывыя. Так-так, пілі не з-за душэўнага разладу — пілі з радасці. Няцяжка ўявіць, як цягнула ў кампанію такіх маладых творцаў, як я. Пасядзець побач з Пятром Глебкам, выпіць з ім — гэта ж гонар. A галоўнае паслухаць яго, разумнага, эрудыраванага, знаўцу гісторыі агульнай i асабліва гісторыі беларускай літаратуры. Пятро Фёдаравіч не баяўся расказаць i пра Александровіча, i пра Мікуліча, i пра Скрыгана, i пра Гартнага, Чарота, якія скончылі жыццё ці былі яшчэ ў далёкай Сібіры. На гэтых шумных сустрэчах я атрымаў тое, чаго не магла даць ніякая партшкола. Не кажу ўжо пра сваіх равеснікаў, учарашніх франтавікоў i партызан. Як яны, таленавітыя назіральнікі, дапаўнялі веданне ваеннага ліхалецця ва ўсіх яго праявах. Успамінаю расказы партызанаў Уладзіміра Карпава, Алеся Рылько, Янкі Брыля, франтавікоў Андрэя Макаёнка, Анатоля Вялюгіна, які зайздросна ведаў i ваенныя, i партызанскія дзеянні, мінскае падполле. А рэвалюцыянер-падпольшчык Піліп Пестрак, які прасядзеў адзінаццаць гадоў у польскіх турмах! Адзін Пестрак — цэлы універсітэт. Дарэчы, i класікаў марксізму-ленінізму ён ведаў больш грунтоўна, чым мы з Андрэем, слухачы партшколы, а можа, чым i выкладчыкі нашы.
Хіба магло не цягнуць да гэтых людзей прагнага да блізкай гісторыі маладога раманіста! Ужо тады я выношваў сюжэт рамана пра мінскае падполле, але адчуваў, што не валодаю матэрыялам. Задуму сваю не здзейсніў i пазней, калі не лічыць «Гандляркі i паэта». Не здзейсніў таму, што афіцыйныя гісторыкі так заблыталі гісторыю падполля i так перагрызліся паміж сабой, што я не адважыўся ўзняць гэтую глыбу гераізму i здрады, зацятай барацьбы розных груп, якія засылаліся Панамарэнкам, Берыя i Цанавам, ваеннай разведкай, а магчыма, i немцамі.
Сустрэчы незабыўныя. Акрамя гісторыі, даўняй i нядаўняй, гарачыя спрэчкі пра літаратуру, пра тыя творы, якія з'яўляліся ў друку: паэмы, аповесці, раманы. Адным словам, універсітэт! Літаратурны універсітэт!
Акрамя клапоў маленькая Танечка пакутавала ад дыятэзу, i сон яе часта перапыняўся, што драбіла i наш з Машай сон, i я сядзеў на лекцыях з чыгуннай галавой, часта спазняўся, за што Кожар аднойчы па-бацькоўску нацягаў мяне за вуха. иЩ
П'яныя кампаніі нашы былі чыста мужчынскія, i Маша верыла гэтаму i жаночай рэўнасці не праяўляла. Яна верыла, што для мяне гэта яшчэ адна школа — літаратурная. Але каб не пілі. Яна радавалася, калі ў наш цесны пакойчык прыходзілі госці. Дзякуй Богу, пачаставаць было чым: грошы меліся i магазін побач. Гасцямі нашымі ў той час нязменна былі Андрэй Макаёнак, Аляксей Кулакоўскі, зрэдку Пятро Васілеўскі, які вучыўся ў Маскве ў інстытуце кінематаграфіі. Усе трое любілі нашу сям'ю, нашых дзяцей. А мы з Машай любілі ix — выдатнага гумарыста, рагатуна Андрэя, эрудыта з маскоўскай закваскай Пятра, скептыка, нігіліста, які адмаўляў нават Маркса i Леніна (у той час! Страх на нас наганяў), разважлівага, па-сялянску памяркоўнага Аляксея, трохі цяжкадума, вельмі üivypaTHara ў быце, парадачак на яго стале быў адменны, крануць штосьці баяліся нават дзеці; цынік Пецька выводзіў Аляксея тым, што рабіў на стале беспарадак — раскідваў газеты, кнігі. Старэйшы за нас амаль на дзесяць гадоў, Аляксей перажываў «маскоўскую безалабершчыну» Васілеўскага. Супакойваў яго вялікі дыпламат Андрэй, які ўмеў усе словы i дзеянні перавесці ў жарт, у «чалавечую камедыю». • -
Машы Кулакоўскі спадабаўся з першага ж знаёмства. Асабліва цаніла яго негатыўнае стаўленне да багемных куцяжоў.
— Разумны чалавек — ва ўсім разумны. Не тое, што вы, шалапуты.
Лес нас звёў i тым, што мы кватаравалі на адной вуліцы праз дзве драўляныя развалюхі. Маша адразу ж пасябравала з Нінай Ульянаўнай, жанчынай такога ж складу характару, толькі больш пакорлівай. Ix зблізіла нядаўна перажытае. Ніна, можа, менш сутыкалася з пагрозай смерці, чым мая жонка, але нагаладалася ці не больш, жывучы ў эвакуацыі з маленькім сынком у Варонежскай вобласці, працуючы сельскай настаўніцай.
Кожны выхадны, святочны мы па чарзе абедалі то ў нас, то ў Кулакоўскіх. Як толькі месціліся ў такім пакойчыку, як наш! Нязменна прысутнічаў i весяльчак Андрэй, у якога нашы жонкі былі платанічна ўлюбёныя.
Ды неўзабаве адзін выпадак, бадай, камічны, разбурыў высокую думку Марыі Філатаўны пра суседа.
Прыехала мая ці яе сястра, не помню. Адным словам, было на каго пакінуць дзяцей, каб схадзіць у кіно, пасля з'яўлення Танечкі Маша не магла адлучыцца больш як на паўгадзіны — толькі ў магазін, пакідаючы малую на першакласніцу Ліну.
Вядома ж, не маглі не запрасіць Кулакоўскіх. Ніна ўзрадавалася, ёй таксама не часта выпадала такое шчасце — далучыцца да культуры.
Аляксей трохі разгубіўся. З Нінай ён яўна гаварыў перад тым, таму звяртаўся да мяне:
— Не, братачка, не магу. Трэба ў рэдакцыю. Малады аўтар прыйдзе, зямляк, са Старобіна. Трэба пракансультаваць, разам з ім паправіць апавяданне, якое я адабраў да друку.
Ніна адна не пайшла, Аляксей был патрыярхальным мужам, дамастроеўскім.
Пайшлі самі i не ў той кінатэатр, пра які ішла размова. Фае цеснае. Прастаялі ў куце. A селі ў зале на свае месцы — i Маша раптам уздрыганула, сцялася, збялела, быццам убачыла штосьці страшнае.
— Што з табой? Што здарылася?
— Глядзі: шляхцюк твой!..
— Хто?
— Не бачыш? Аслеп? Таму i не бачыш, што i сам такі...
— А пры чым я тут? Зноў за рыбу грошы? Бачу я, бачу. Ну i што? Мала з кім чалавек можа сябраваць...
— Ты апраўдаеш любую гадасць. Ні-са-це-лі!
Наперадзе ад нас i збоку сядзеў патрыярх наш Алёша Кулакоўскі з чужой жанчынай, нахіляўся да яе, шаптаўся. Вось што абурыла ахоўніцу маралі, святую Марыю.
— Так i хочацца пайсці i даць яму ляшча. I ёй! Добранькая кансультацыя! Кансультант! — I паднялася з месца, пайшла ціснуцца да праходу. Страшэнна спалоханы, я кінуўся за ёй. Схапіў за руку:
— Ды ты што? Спыніся!
— Не бойся. Стану я пэцкаць рукі аб такога! Але сядзець у адной зале з імі не хачу.