Недарэмна кажуць: не было б шчасця, ды няшчасце памагло. Пасля хваробы адносіны нашы як бы перайшлі ў новую вышэйшую стадыю, набылі новы сэнс — той, які заставаўся да канца жыцця, нягледзячы ні на рэўнасць яе, якая часам успыхвала, ні на бытавыя сварKi, часцей з-за дзяцей, пазней — з-за ўнукаў: выхоўвала ix бабуля, а дзядуля, стары скептык i буркала, часцей за ўсё крытыкаваў яе залішне ліберальнае выхаванне, хоць сам не аддаваў ім увагі столькі, як яна, вельмі ж быў заняты творчасцю, працай у Саюзе пісьменнікаў, у Вярхоўным Савеце; усім абавязкам сваім я аддаваўся з апантанай шчырасцю. Вяскоўцы любілі сваю фельчарыцу. I яна аддавала ім не толькі свае веды, вопыт, увагу, цеплыню сэрца — да хворага ў дальнюю вёску магла пайсці ў любы час, у любое надвор'е, — але магла аддаць апошняе. Прыгадваю два выпадкі, якія ў той кароткі міг нават абурылі мяне, а пасля захаплялі.
Пасля грашовай рэформы i адмены картачак у снежні 1947 года я ў хуткім часе атрымаў ганарар за першую частку «Глыбокай плыні», зменшаны, праўда, у дзесяць разоў, але ўсё ж тысячы паўтары. Паехаў у Гомель i купіў цэлы салдацкі рэчавы мяшок прадуктаў: каўбасы, масла, кансерваў, крупы, пячэння, цукерак. Ледзьве давалок ад станцыі, як той мяшок з кнігамі. Суседкі прыходзілі паглядзець на такую смакату, як на дзіва, радаваліся i засмучаліся: «Няўжо i нашы дзеці калі-небудзь будуць есці такое?», «Не дажывём да такога».
A дні праз тры я выявіў, што ад пакупак маіх мала што засталося. Закіпеў:
— Куды дзелася?
— Аддала.
— Каму?
— Хворым дзецям. — I ласкава абняла: — Ваня! Не злуйся. Хіба магла я не даць Паўліку? Яму ручкі гранатай адарвала. Ці Нінцы Міхальчанцы? Сухотнае дзіця. I дзецям Салодкага дала.
Салодкія — дзеці таго дырэктара, што некалі ў Церусе стрыг мяне, як барана. Яго ў 1937-м пасадзілі. Маці перабралася ў сваю вёску Чарацянку. Дзяўчаткі хадзілі ў пяты i сёмы класы. Вучыліся выдатна. Але малодшая разы два самлела каля дошкі — ад голаду. Маша тады моцна выдала нам з Бібікавым.
— Кіраўнікі! Балбатуны! Галодным дзецям памажыце!
— Памаглі б, каб бацька ix на фронце загінуў.
— Іван Сяргеевіч, пасаромейцеся! Вы ж добра ведалі Салодкага, казалі: залаты чалавек. Ды, нарэшце, дзеці за бацьку не адказваюць. Сталін сказаў.
Другі выпадак. У 1946-м прыслалі «дапамогу» па лініі ЮНРА (арганізацыя дапамогі разбуранай Еўропе). Да нас дайшло літаральна шмаццё амерыканскае (як не сорамна было такое пасылаць?!). Але клопату нам было не з гэтым шмаццём, а яго дзялёжкай. Людзі за вайну i пасля абнасіліся ўшчэнт. У акупацыі сеялі лён, пралі i ткалі. А пасля аднаўлення калгасаў хто мог дазволіць сабе пасеяць на прысядзібным участку лён? Хапіла б зямелькі пад бульбачку. Соткі нярэдка абразалі — за невыпрацоўку працадзён у калгасе.
Натуральна, кожная кофтачка, спадніца, штаны, няхай i паношаныя, з'яўляліся дарагім набыткам. Камісія тыдні два дзяліла. I колькі было нараканняў, скарг, абвінавачванняў! Мы, начальства — Бібікаў i я, неаднойчы хаваліся ад інвалідаў: тыя, падвыпіўшы, сапраўды маглі пабіць. З адзеннем было прасцей: што прыслалі — тое дзялілі. Найбольшы клопат быў з абуткам. Яго было некалькі мяшкоў. Але з кучы, што заняла пакой пошты (на вокнах былі краты), ледзьве выбралі дзесятак парнага. Дзівосы! Атрымліваючы няпарныя чаравікі, людзі смяяліся i плакалі, праклінаючы i заакіянскіх дабрадзеяў, i сваё роднае начальства, якое, маўляў, павыбірала лепшае. Каму трэба быў няпарны абутак? Але як ён атрымоўваўся? Інваліды горка жартавалі: «А чаго вы здзіўляецеся, бабы? Яны там думаюць, што ўсе мы аднаногія засталіся».
Самі інваліды выбралі чаравікі жаночыя, парныя, самыя лепшыя. I ўрачыста ўручылі сваёй фельчарцы.
— Табе, Філатаўна, больш за ўсіх прыходзіцца хадзіць. Гэта табе не ад амерыканцаў — ад нас.
Кранулі Машу да слёз.
А праз тыдзень чаравікі зніклі.
Я абурыўся:
— Каму аддала? Думала? Скажуць: столькі нахапалі, што раздаюць.
— Як ты баішся, што скажуць. Не скажуць. Вольга Шклярава замуж выходзіць. A ў што абуцца не мае. I я аддала ёй... Каб ты пабачыў, як усцешылася дзяўчына!
На змену абурэння прыйшло замілаванне дарагім чалавекам. Такой яна была маладая, бедная. Такой засталася i ў сталыя гады, зрабіўшыся адносна багатай.
6...
У чэрвені 1947 года мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Адзіны прафесійны літаратар на ўсю Гомельшчыну! Як не ганарыцца? Але як паказаць гонар, калі ў жыцці нашым нічога не змянілася? Людзі не разумелі, што гэта такое — друкавацца ў тоўстым часопісе. Нават калегі мае — настаўнікі. Вось каб мне дал i літэрныя картачкі! Але ніхто ix не даў — ні Саюз пісьменнікаў, ні райвыканкам. Сакратар райкама Гарцуеў абяцаў, але... «абяцанка — цацанка, а дурню радасць», як любіў казаць мой бацька.
Становішча палепшылася з адменай картачнай сістэмы. Не, не з самой адменай, а з ганарарамі маімі, якія давалі магчымасць купіць прадукты. Пакуль людзі не мелі грошай, магазіны былі багатыя на асартымент. А я пісаў шмат. У паўзах паміж працай над раманам пісаў апавяданні — для «Гомельскай праўды», бадай, па заказе загадчыка аддзела культуры Абрама Рабіновіча, з якім шчыра пасябраваў. Ён быў чалавекам, які пасля апублікавання першай часткі «Глыбокай плыні» прызнаў ува мне сапраўднага пісьменніка i ганарыўся нашей дружбай. Была яшчэ паштарка Надзя Старосценка, якая пачала глядзець на мяне як на прышэльца з іншага свету, з чаго Маша смяялася: аднойчы Надзя спытала, ці не баіцца яна жыць са мной. «Талент жа Богам даецца», — была пераконана.
У Саюзе пісьменнікаў я паскардзіўся на свае «сельскія ўмовы». I адказнаму сакратару Паўлу Кавалёву, з якім гаварыў па-сяброўску (да «генерала» Броўкі не дабіраўся), прыйшла ідэя рэкамендаваць мяне ў партыйную школу. Ідэя падабалася мне. 1200 рублёў стыпендыі! Удвая больш, чым плацілі настаўніку.
Але Маша спалохалася. Яна была цяжарная. Ізноў застацца адной у Пракопаўцы? Ды я сказаў, што без яе не паеду. А дзе жыць у Мінску? I ў наш час гэта клопат. A ў сорак восьмым годзе?.. Здаўшы экзамен, пайшоў да дырэктара школы Ільі Паўлавіча Кожара прасіць інтэрнат. Адмова была рашучая: сямейным інтэрната няма! Але не помню, у якім кантэксце размовы Кожар «адкрыў», што я аўтар «Глыбокай плыні». У гэты час друкавалася другая — партызанская частка рамана, i там камандзір злучэння — Ружак, прататыпам якога быў Кожар. Адразу перамяніўся суровы партызанскі генерал (у сапраўднасці, пры знешняй суровасці, гэта быў добры чалавек). Упікнуў, што, пішучы раман, я не звярнуўся да яго.
— Не адважыўся.
— Дарэмна. Пісьменнік павінен быць што партызан: прайсці там, дзе ніхто не можа прайсці.
Пасля я выконваў гэты дэвіз.
Інтэрнат Кожар не здолеў мне даць, але, калі я знайду прыватную кватэру, з прапіскай паможа.