Тыдзень, калі не больш, хадзіў я да знямогі па прыватным сектары Мінска, пераважна ў раёне Камароўкі, Лагойскага тракту; мабыць, цягнула бліжэй да Дома друку, дзе змяшчаліся ўсе часопісы, выдавецтвы.
Пачуўшы, што ў нас будзе ажно двое дзяцей, адно грудное, гаспадары гаварыць не хацелі; кватэраздымшчыкаў хапала, жылля не хапала.
Ратавала мяне, што я атрымаў ганарар i меў магчымасць заплаціць за год наперад. Наняў пакойчык метраў дванаццаць па Лагойскім тракце, амаль побач з Домам друку (ля скрыжавання цяперашніх вуліц Коласа i Сурганава). Стары драўляны дом, падзелены паміж дзвюма сёстрамі i братам, які здолеў атрымаць кватэру дзесьці за горадам у «Водаканалтрэсце». Лічылі, што мне пашанцавала. А што? Недарэмна кажуць: «З мілым рай i ў будане». Для мяне — з мілай. Але мілая, родная, блізкая хадзіла, па нашых разліках, на апошнім месяцы. А таму з вялікім хваляваннем спяшаліся пераехаць. " У
Пракопаўцы шкадавалі. На развітальнай вячэры, на якую мы не паскупіліся, жанчыны плакалі:
— Марусечка, не будзе ў нас такой фельчаркі, бо няма ў свеце другой такой.
Маша таксама расплакалася.
На станцыю нас адвёз сам старшыня Панас Баранаў.
Багаж наш быў незвычайны: адзіны жалезны ложак, які мы набылі. Маглі ложак купіць i ў Мінску, але гэтым даражылі па вядомай прычыне.
Дробязь, але запомнілася. Пакуль я атрымоўваў багаж, Маша пачула па радыё паведамленне аб павышэнні цэн на паштовыя адпраўленні, i гэта яе чамусьці спалохала i засмуціла. Запомнілася таму, што з нас новы сябра Андрэй Макаёнак часта смяяўся:
— Маша, раскажы, як ты спалохалася цаны на маркі.
Прырода парушыла нашы разлікі: роды адцягваліся. Пачаліся заняткі ў школе, i я сядзеў на лекцыях, шт > на іголках. Вісеў на падножцы трамвая, каб хутчэй дасхаць дадому. Не заглядваў нават у Дом друку, хоць туды моцна цягнула — да калег, да новых сяброў.
Ускокваў у хаціну — з палёгкай выціраў пот з ілба: Маша ў калідоры на керагазе гатуе абед.
Зацяжка з нараджэннем дзіцяці трывожыла мяне.
Машу мая трывога цешыла, яна жартавала.
Разбудзіла яна мяне гадзіны ў чатыры раніцы восьмага кастрычніка:
— Пара. Схваткі.
Я страшэнна разгубіўся:
— Што ж рабіць? Дзе ўзяць машыну?
— Якая машына? Пайшлі.
— Пехатой?
— Не бойся, несці мяне не будзеш. Дайду.
Ішлі па пустых завулках па асеннім холадзе — i мяне калаціла ад хвалявання, ад страху. Маша жартавала.
Добра, што да 1-й бальніцы рукой падаць, кіламетр які, не больш.
Накарміўшы Ліну, пабег паўторна ў радзільнае аддзяленне. Выйшла сястра:
— У вас толькі што нарадзілася дачка.
Ледзьве не самлеў ад шчасця. З глыбокім хваляваннем пісаў Машы доўгае пісьмо, не падумаўшы, што ёй пакуль што не да излияний маіх.
Праз два тыдні забраў жонку з дзіцем у свае «харомы», тады трымалі ў раддоме доўга, па-мойму, гэта было апраўдана. Дзяўчынку назвалі Таццянай. У год смерці маці ёй споўнілася 50 год. Працаўніца, апантаная, як маці. Не, бадай, як бацька: апантаная ў творчасці, а не ў хатняй працы. Дацэнт універсітэта, член СП, літаратуразнаўца, фалькларыст, аўтар унікальнай кнігі па беларускай міфалогіі, якую, між іншым, выдавецтва выпускав ўжо тры гады. Во дзе могуць затаптаць любы талент: чалавек не можа дачакацца кнігі i губляе веру ў сябе, у людзей, траціць творчае натхненне.
Жыццё ў нас было незвычайнае, супярэчлівае. Ад пракопаўскага галадання мы адразу перайшлі на багаты стол. У магазінах усё было. Каўбасы ўсіх гатункаў, асаблівай смакаты — кракаўская, палтаўская. Ікра ў бочках! Помню, дэфіцыт быў на малочныя прадукты, i Маша мусіла замест малака піць піва, каб у яе было да» волі малака для Танечкі.
Але ў «харомах», калі паставілі яшчэ адзін дзіцячы ложак, нельга было размінуцца двум чалавекам. Кухня — палічка за грубкай, у якой па-сялянску ў чыгунку варылася страва. Дзе канспектаваць «Капітал»? Дзе вучыць філасофію? «Бытие определяет сознание». Але хацелася большага, чым вучыцца. Цягнула пісаць. Здалёк, у сытым быце, жыццё ў жабрацкіх калгасах, дзе я правёў тры гады, здавалася рамантычным, поўным стваральнага пафасу. I ў мяне нарадзіўся сюжэт новага рамана — пра вёску, пра афіцэра-франтавіка Максіма Лескаўца — да ўмоў нялёгкага мірнага жыцця. У першым варыянце раман называўся «Блізкі час». Рэдактарам не спадабалася. Майстра па назвах Анатоль Вялюгін параіў перарабіць на «У добры час». Што лепш? Адчуваў, што-i тое, i тое — не «Глыбокая плынь», славы такой не прынясе.
Класікаў марксізму я канспектаваў дома, калі дзеці i Маша засыналі. А каб пісаць — папрасіў дырэктара выдавецтва дазволіць прыходзіць у Дом друку i працаваць у пакоі рэдакцыі мастацкай літаратуры. Машы не падабаліся гэтыя мае паходы, але яна маўчала.