Забыты спакоем, Ваця думаў пра Сястру.
Я ніколі не трывожыў яго, дапіваў сваё піва і выходзіў з кавярні. Мяне цешыла тое, што я зноў убачыў Вацю Браніслаўца — лірычнага пакутніка, няспраўджанага паэта. Літаратурных герояў не трэба трывожыць нават і тады, калі вы маеце шчаслівую магчымасць за калючую сцябліну выхопліваць ласкавы змрок мінулага. Інакш хлеб літаратуры ператворыцца ў камень...
Я йшоў па Каломенскай, і вакол мяне цямнеў фартэпіянны гай менскага змяркання.
Я ведаў, што ўбачу яшчэ і цырульніка Абрама Ватасона, што пачую яго прафесійнае прызнанне: «Я паразумнеў, голячы разумныя твары». О, мне заўсёды хацелася наяве дакрануцца да прачытанага, зноў і зноў хацелася чуць з вуснаў цырульніка іранічную самаатэстацыю, у якой на яркае імгненне ўзвышанскі Менск ператвараўся ў местачковы Ерусалім.
I я пачуў тое дасціпнае прызнанне; і Абрам з блакітнай брытвай у руцэ, чарговы раз прамовіўшы: «Я паразумнеў...» — не заўважыў мяне, бо і ў яго цырульні, як і ў той дымнай кавярні, было людна.
На Койданаўскай юны нячэсаны маладняковец з папяроскаю за чырвоным вухам і чырвоным касніком на грудзях лаяў Змітрака Бядулю, а побач з маладнякоўцам стаяла чарнявая маладнякоўка і таксама нешта пагрозліва выкрыквала. Ужо з месяц, як яны жывуць разам, і ўжо з месяц, як не змаўкае лямант у іхніх забабонных сем'ях. А як жа можна без ляманту, калі ён — гой, а яна — яўрэйка, калі ні яго, ні яе бацькі не давалі згоду на іхні шлюб?! А цяпер, вядома, не даюць грошай — ні царскіх, схаваных, ні новых, савецкіх, і літаратурным рэвалюцыянерам даводзіцца жыць у нейкай халоднай будцы на Койданаўскай. Раз на дзень яны распальваюць пагнуты прымус, а найчасцей — грэюцца сваімі нішчымнымі пачуццямі ды такім вось вулічным змаганнем з буржуазнымі тыпамі ў беларускім пісьменстве...
Мы суіснуем з яўрэямі павярхоўна, рэдка пераплятаемся каранямі — часцей кронамі. Паміж імі, старажытнымі музыкамі, і намі, маладымі танцорамі, здараецца, рвуцца струны і лопаюцца бубны, і глыбее непераадольны егіпецкі пясок, на якім, акрамя пакуты і злавеснага ценю Тарквемады, нічога не вырастае...
Па-над Свіслаччу, на Прыбярэжнай вуліцы, я слухаў званы, распазнаючы ў іхняй музыцы малады візантыйскі смутак. Я ўзвышаўся над медным вопытам сталасці і за адну хвіліну нанова пражываў усё сваё дзяцінства — за тую самую касмічную хвіліну, за якую сваё дзяцінства пражывала і Сястра — хутаранская каралеўна Маня Ірмалевічанка...
Праз адбеленыя палотны вечаровага Менска праступалі парыжскія настальгічныя контуры, і я шкадаваў, што ў Парыжы — гэтым мастацкім Ерусаліме — ніколі не былі паэты, якія, маючы талент усясветны, усё ж павінны былі там пабываць. Сярод іх — і Янка Купала. Магчыма, я памыляюся, кажучы: мусш: магчыма, шкадаванне маё зусім няпэўнае. Адюк жа пэўна тое, што вынікла яно з мінорнай загадкавай ноты Міхася Стральцова, якая невыпадкова пачулася мне ва ўзвышанскім Менску: «...ты вось ніколі не быў ні на Міжземным моры, ні ў Парыжы...»
Я сядаў на вадэвільную конку і ехаў з Пляца Волі да Брэсцкага вакзала, шчодра залітага зялёным брызентавым дажджом; ехаў, каб толькі ехаць, бо ніякага пільнага клопату ў мяне не было, бо; нягледзячы на змярканне, душу цешыла ранішняя лёгкасць.
Самы лепшы адпачынак — ехаць у дождж на концы, і я цудоўна адпачываў, зазіраючы ў фіялетавыя калюгі, у якія траплялі і не танулі квадратналобыя ліхтары Бабруйскай вуліцы.
Я не шкадаваў, не ўздыхаў і не плакаў.
Я прамінаў Бабруйскую вуліцу, ехаў па Маскоўскай, і Брэсцкі вакзал сустракаў мяне кадзільным дымам.
Брэсцкі вакзал выносіў у Еўропу, нібы на могілкі, чыгунныя труны з дубовымі хмарамі і льняным даляглядам...
Але ж надоўга калючая сцябліна ніколі не заставалася ў маёй далоні. Ласкавы змрок мінулага пакідаў мяне, праплыўшы над кафэ «Pingvin», над яго плоскім дахам, улагоджаным то вучнёўскім трэмало, то непрафесійным мецца-сапрана. Ласкавы змрок хаваўся пад кітайскія дываны прывіднай гасцініцы «Европа». I тады з Менска я вяртаўся ў Мінск і з жалем глядзеў на любімую прозу, разгорнутую на непрытомнай фразе, — «Навокал маўчыць дзерава, камень і жалеза».
Неяк уночы, спрабуючы злавіць калючую сцябліну, я ніяк не мог заснуць, і тады з усяго карыснага, на што ў тую хвіліну быў здатны, выбраў адно — да гастраномнага ранку глядзеў са свайго чацвёртага паверха на рэўматычныя дзверы аптэкі, што, дыхаючы багдадскім алеем, неонава пакалыхваліся насупраць майго нямецкага дома, — і да ранку ж, да першага гастраномнага крыку, экстатычна паўтараў: «...навокал маўчыць дзерава, камень і жалеза... Навокал маўчыць дзерава, камень і жалеза...»
Я ведаў, што пасля гэтае ночы я пазваню свайму сябру, і мы пойдзем на Даўгабродскую вуліцу, і над намі канцэртная ластаўка будзе па складах вымаўляць міласэрнае слова Сястра.
«...зайздрошчу гэтай жанчыне», — сказаў пра А. мой сябар, першы садоўнік беларускага альпінарыя, ахоўнік таго нязвыклага камяністага саду, у якім растуць лазурытныя кветкі для цудоўных капрызніц.
У Заходнім Берліне я бачыў скульптурны партрэт найцудоўнай егіпецкай капрызніцы, якая злавала на Тутмеса, што забыўся стварыць для яе лазурытныя кветкі. I вось памылка забыўлівага Тутмеса выпраўлена, у беларускім альпінарыі выраслі гэтыя кветкі.
Зрэшты, мой сябар і сам — апостал забыўлівасці. Ен з тых непрактычных філосафаў, якім заўсёды трэба напамінаць, што яны яшчэ і паэты, што яны ажурна дакраналіся да еўрапейскай Ліліт, а таксама, зусім не ведаючы аб тым, выправілі памылку старажытнага скульптара. Праз неверагодную сваю забыўлівасць мой сябар сцвярджае, што нарадзіўся ў 1950 годзе. Аднак жа будзе бліжэй да праўды, калі пашпартны год ягонага нараджэння чытаць у адваротным парадку лічбаў...
Мы йшлі на Даўгабгоаскую і ў адным з падземных пераходаў купілі аранжавыя гваздзікі. Я падумаў: не толькі дзеля зручнасці музыканты, жабракі і гандляры займаюць у падземных пераходах месца каля сцяны. Дзеля бяспекі таксама. Калі бетонная столя пад аўтамабільным ці нейкім іншым баластам праломіцца, то асноўны яе цяжар абрынецца на сярэдзіну тунеля — якраз туды, дзе звычайна знаходзяцца тыя, хто слухае музыку, падае міласціну і купляе кветкі.
На Даўгабродскай галодныя кулакі ветру таўклі ў пластмасавую раскошу паслякамуністычных шыльдаў. Аглушаныя шыльды маўчалі, як замкнуты раяль. Як і тыя, што ў рамане «Сястра», гэтыя шыльды ўжо таксама пакінулі змагацца за сваю дасканаласць.
Я бараніў ад ветру гваздзікі, чуючы, як стары Менск блукае па цемры архіўнай паперы і сагравае ў грубых далонях мяккія знакі ранейшага правапісу; як ён лакаматыўна аплаквае страту Брэсцкага вакзала. I пад гэты плач я пачынаў расказваць сябру пра фурмана з рычажнымі лейцамі — машыніста Панкрата Мялюжыча. Я задыхаўся ад металічнае напругі. Як вершы, чытаў на памяць радкі, што пахлі волкай воляю і яшчэ нечым, фізічна невытлумачальным: «... у гадзіну ночы ён павядзе адухоўленае жалеза і сотні людзей у прасторы зямлі... зямля адкрые грудзі свае; на іх паўстане вялікасць адной з формаў існавання свету».
Мяне палохаў безвыніковы боль, імя якому — свет. Ён утвараў непрыступны славянскі камень, на які бяскрылаю птушкаю апусцілася наша душа.
У кавярні на Каломенскай сам-насам з болем, з яго адвечнаю безвыніковасцю застаўся Ваця Браніславец. Аўтарская здагадка: «I, можа, быў боль гэты толькі лініяй, на якую нанізвалася блытаная навала праяў свету...» — не суцяшала Вацю, а толькі павялічвала яго незадаволенасць і самоту. Яму, вандроўнаму скептыку, неўладкаванаму жыхару маладой сталіцы, чуўся ў гэтай здагадцы непераадольны холад правінцыі...
Мы прыйшлі на Вайсковыя могілкі, на магілу аўтара «Сястры», ведаючы, што над ёю звісае шыпшынавы абруч узвышанскага Менска. Немагчыма пазбавіцца правінцыйнага холаду, не абдзёршы аб гэты абруч свае далоні, як і немагчыма перад Парыжам па-сапраўднаму развітацца з сябрам, не змёўшы з дарагое магілы чырвоны пластмасавы цюльпан.
У меладзінным кафэ, што на вуліцы Рывалі, разам з электронным рахункам за каву гарсон прынёс мне і забытую старонку з майго дзённіка, датаваную 22.08.1988 г. Я прачытаў: «Чаго я баюся. Баюся міліцыі, выступаць з трыбуны, згубіць ключ ад кватэры, жыць разам з бацькамі; баюся вакзалаў, аэрапортаў, аўтобусных; баюся, што не ўбачу Парыж(!), што праз гадоў дваццаць не зразумею сына, што страчу спакойнае жыццё; баюся паездак у калгас, баюся памерці ад цяжкой і доўгай хваробы; баюся застацца сярэднім паэтам...»
Сярод усіх маіх ранейшых уяўных і праўдзівых страхаў у гэтым хаатычным пераліку самы найбольшы — страх, пазначаны клічнікам.
Так, я вельмі баяўся, што не ўбачу Парыж. I вось — Парыж перада мною, горад знаёмых сюжэтаў і колераў, да банальнасці класічных сілуэтаў і архітэктурных ліній.
Але я хачу ўбачыць свой Парыж, таму міжволі імкнуся ператварыцца ў мастака-дзікуна, імкнуся ўвасобіцца ў тую дакніжную істоту, якая мае ясны зрок, незатуманены чужымі ўражаннямі.