У душы кветкі бяда пакідае такі ж след, як і ў душы чалавека... Гаспадыня расказала пра царкву, што згарэла за польскім часам: «Як згорэць ёй, пэрэд самум пожаром посеяла я на цвінтары флёксу... Бацюшко попросіў... Так і ні ўзышла моя флёкса... Полымем стала...»
Я прывёз Мелісу.
Белыя кветкі і светла-зялёныя сцябліны жывыя цвярозым жаданнем паэта ліць з кубка віно ў акіян.
Я прывёз Кампанулу.
Раса фларэнтыйскай уніі не высыхае на праваслаўным званочку і каталіцкай Кампануле, як не высыхае і маё жаданне — пацалаваць у царкве каталічку.
...і памятаючы заклік евангеліста Лукі паглядзець на лілеі; і памятаючы просьбу катаржнага Дантэ набіраць лілей поўныя рукі; і ў прадчуванні, што ўбачу на балюстрадах парыжскіх балконаў уцалелыя тронныя лілеі пакаранага Людовіка — я прывёз Лілею, любімую кветку Апалінэра.
Цікетка лілеі сама падымаецца на вышыню, на якой назаўсёды знерухомеў луўрскі голуб.
Guillaume Apollinaire