А пакуль — мы ў небе.
МАЁЙ ЦУДОУНАЙ А.
СТОМЛЕНАСЦЬ ПАРЫЖАМ
Стомленасць Парыжам
EGO ESSAI
У купэ сядзелі два пасажыры — вясковы кюрэ ... з Гароны і паэт. Кюрэ ехаў да брата ў Парыж, а паэт — на вайну. Паэт выбраў вайну, як кубак з ядам, хаця й ведаў, у якім кубку знаходзілася віно... У цягніку ж давялося перажыць прыкрую хвіліну шкадавання. Паэту здалося, што ягоны выбар — недаравальная легкадумнасць. Але ўжо нічога нельга было змяніць.
Ен спрабаваў думаць пра вясёлае, і нядаўняя пасцельная прыгода, якую пільна ахоўвалі нядрэмныя астры, навяла на фрывольную думку пра мінімум элегантнасці — жанчыне дастаткова мець прыгожыя ногі, а мужчыне — чыста вымытую галаву. Аднак думка гэтая не ўсцешыла паэта.
Як трывожнае супакаенне, перад ім паўставалі белыя лілеі, астры, а таксама — рукі той жанчыны, з якою ён развітаўся ў німскай гасцініцы. Астраў было больш, чым лілей, і ў астрах патаналі пяшчотныя рукі...
— Пра што вы думаеце, сын мой?
— Пра астры.
Цягнік рухаўся марудна, шчодра ахвяруючы двум пасажырам шмат часу на гутарку. Гаварылі пра страту веры, пра знішчаныя вінаграднікі ў Шампані і нават пра таемную змову, якая, на думку святара, існуе паміж паэзіяй і смерцю. Вядома ж, пачуўшы пра «таемную змову паміж паэзіяй і смерцю», паэт ажывіўся і нават стаў у душы пасмейвацца з кюрэ.
А той, не здагадваючыся, з кім размаўляе, сваю просценькую філасофію звёў да таго, што паэты наўмысна імкнуцца абудзіць у сабе дар фатальнага прароцтва, што яны ўпэўнены — без фатальных прадказанняў іхні талент не спазнае найдасканалага выяўлення.
Паэт ледзьве стрымліваў свой непачцівы смех.
Богу аднаму вядома — адкуль бярэцца весялосць. Толькі што паэт спрабаваў хоць неяк разварушыць сябе думкаю пра мінімум элегантнасці, але так і застаўся замкнёны ў сваім дарожным смутку, а гэты гаваркі поп не так словамі, як сваёй прастатой, за адно імгненне ўзяў і пацешыў. Меў жа нехта рацыю, калі сказаў, што па дарозе на вайну балбатлівы святар — лепшы спадарожнік.
А кюрэ між тым захоплена тлумачыў:
— Яны таксама ўпэўнены, што наогул прадбачанне ўласнае смерці, нават выказанае вусна, вышэй за саму творчасць...
Паэт хацеў спытаць: «Хто вам сказаў пра гэта, айцец мой?» — але пабаяўся, што ў такім пытанні кюрэ адчуе для сябе здзеклівую нотку, таму толькі ўдакладніў:
— Вы гаворыце пра геніяў ці пра ўсіх?
— Пра большасць.
— Я згодзен з вамі, айцец мой. Большасць паэтаў і сапраўды вышэй за вершы ставіць фатальныя прадбачанні. I калі згадзіцца, што гэта ісціна, то тады наогул першым паэтам трэба лічыць Ісуса Хрыста. Ен жа не толькі прадбачыў сваю смерць, але да апошняе драбніцы прадказаў усё, што было з ёю звязана. Праўда, шкада, што Хрыстос — постаць міфічная. Кюрэ трывожна хіснуўся:
— Сын мой, я не ведаю, ці можна Ісуса Хрыста лічыць першым паэтам, але Святое Пісанне мае шмат непасрэдных і ўскосных доказаў менавіта фізічнага існавання нашага Збавіцеля.
— Калі так, то цікава было б пачуць хоць адзін доказ, але ўскосны, — голас паэта ўсё больш напаўняўся патаемным смехам.
— Амаль кожны верш Евангелля ўскосна сведчыць пра жывога Хрыста, — прастадушна адказаў кюрэ. — Але ж вам патрэбен які-небудзь тэкстуальны прыклад?
— Так.
— Тады ўспомнім евангеліста Луку. У апошнім раздзеле свайго апавядання ён гаворыць, што паміж Ерусалімам і Эмаусам ляжыць адлегласць у шэсцьдзесят стадыяў. Гэта крыху больш за два льё. Зірнуўшы на карту старажытнае Палесціны, лёгка пераканацца, што сапраўды паміж Ерусалімам і Эмаусам адлегласць крыху большая за два льё.
— Магчыма, але што гэта даказвае?
— А тое, што сапраўды названыя паселішчы маюць паміж сабою дарогу ў шэсцьдзесят стадыяў.
— Добра, няхай так, — недаўменна згадзіўся паэт, — але няўжо з гэтай звычайнай тапаграфічнай дакладнасці вынікае, што Хрыстос — рэальная асоба?