Магутныя коннагрэнадзёры, майстры гіпершуму з ваяўнічымі электрагітарамі цераз плячо, на якіх не змаўкалі валовыя струны. Па тым, што рок-музыканты на вольным кані, які скакаў наперадзе, умацавалі аўтаматычную ўдарную прыладу, было відаць, што яны здатныя на самыя арыгінальныя вынаходкі.
Тайфунная кавалькада (па-іншаму й не скажаш!), змятаючы са свайго шляху цяпер ужо вартае жалю гудзенне мерседэсаў, рэно ды іншай легкавой драбязы, глушачы не толькі ідылічную катрынку, але нават і нястрымны скрогат рэстаўрацыі, на добрай рысі павярнула з бульвара Сен-Жэрмен на вуліцу Банапарта, якую, здавалася, і ў пахмурны дзень не пакідаюць залаціста-блакітныя светлавыя рэфлексы.
Коні надзіва былі паслухмяныя і не пудлівыя. Пэўна ж, мелі ўжо немалы час, каб прызвычаіцца да грому гітар і ўдарнай аўтаматыкі.
Я добра-такі не разгледзеў балаганнага ўбрання рок-музыкантаў, адно заўважыў, што былі яны ўсе ў напалеонаўскіх трохвуголках, з-пад якіх блішчалі гарачыя цыганскія завушніцы.
Але не яны, гэтыя трохвуголкі з завушніцамі, уразілі, і не самі рок-музыканты, і не іх паслухмяныя коні, а ўсё тыя ж немітуслівыя катрыншчык, мім і рабочыя, што па-ранейшаму існавалі для мяне ў агульным зрокавым вобразе. Нягледзячы на жорсткую дыскатэчную атаку, яны нічым сабе не здрадзілі.
Рабочыя нават не паглядзелі ўніз.
Заспакоена-вясёлы катрыншчык, іграючы, усё цешыўся з агатавых кацянятак, нібыта нічога на бульвары й не адбылося.
I Чарлі Чаплін застаўся на зялёным подыуме — маленькі, як вітрынная статуэтка, мім па-ранейшаму цярпліва выглядаў на людское спачуванне, не перапыняючы жаласнага апавядання твару і рук.
I, пэўна ж, ацаніўшы гэтую эстэтычную вытрыманасць, апошні ў кавалькадзе коннік, не спыняючыся, кінуў да падножжа сметніцы срэбны франк і так удала, што трапіў у самую сярэдзіну кардоннай скарбонкі...
Здавалася б, рок-музыканты на конях — відовішча унікальнае. Нават для Парыжа. Але ж не. Вакол — ніякага замяшання. Хіба што некалькі японскіх турыстаў схапіліся за свае марсіянскія фотаапараты ды бесклапотныя два галубы трывожна страпянуліся і ад недаступных кацянят пераляцелі да помніка Дзідро, на супрацьлеглы бок бульвара.
Сапраўды, французы не любяць абстракцый. Навальнічная ж кавалькада, што па вуліцы Банапарта ўжо недзе вылецела да Сены, нават і ў маім павярхоўным разуменні, бадай што самая ніжэйшая абстрактная праява. Нешта вельмі блізкае да хімеры — было і няма.
А калі так, то і на самай справе — ці варта зважаць на яе?
Не люблю абагульненняў з-за іх абавязковай разумовасці, але хвіліннае здарэнне на бульвары Сен-Жэрмен усё ж патрабуе для свайго акрэслення больш трывалую лінію, чым эмацыянальны пункцір. Убачанае прымушае думаць пра славуты рацыяналізм, пра бальзакаўскую «абыякавасць» французаў, якіх цяжка захапіць чымсьці пабочным, не сваім.
Да слова сказаць, немцы з англічанамі не менш за французаў «абыякавыя» да хімер, але французская «абыякавасць» іншая. Яна больш тэатральная, віртуозная, нейкая вадэвільна-сонечная і ў такой сваёй спадчыннай маляўнічасці па-роднаму зразумелая і блізкая мне. Невыпадкова ж у квяцістым давыд-гарадоцкім гародзе я заўсёды бачу ўсе адценні французскага імпрэсіянізму...
Сённяшняя Францыя стаіць на камені, а наша ўсходнеславянская палесціна ўсё яшчэ на пяску. Мы жывём на тэрыторыі няўстойлівай, якая блукае, якую лёгка звабіць. I гэта мы, яе адданыя жыхары, сёння бяжым за коннымі рок-музыкамі, а заўтра, пэўна ж, пабяжым і за самімі коньмі, якія ўзбунтуюцца і асядлаюць няшчасных рок-музыкаў.
У тым, што мы такія і што радзіма ў нас такая, — нічога катастрафічнага не бачу. Бачу характар нашай роднай незабрукаванай вуліцы, шмат у чым процілеглы характару еўрапейскага бульвара. Характары ж, вядома, не мяняюцца. З імі жывуць і ў адведзены час паміраюць.
I зноў сон...
На маім пісьмовым стале — сіняя гастраномная вага і ніводнай маёй кнігі, часопіса, алоўка. Ніводнага майго чыстага ці спісанага лістка. А вакол стала — мяхі з мукою, пачэчкі з крупамі і цукрам, бітон з алеем, скрынка з макаронаю і нават бочка з гуркамі.
Адзін за адным да стала падыходзяць заклапочаныя, змрочныя пакупнікі, утвараецца доўгая чарга.
Я аглядаю стол.
Нікеляваны замок у прыстолку пашкоджаны. Па абдзёртым лаку і вывернутым замку бачна, што арудавалі нечым металічным. Пэўна, напільнікам. Хачу высунуць прыстолак, каб паглядзець, ці не ўкрадзены мае дакументы і грошы, але прыстолак не паддаецца. Усё адно як цвікамі прыбіты. Злуюся, пачынаю вырываць яго з глыбіні стала, ажно перакульваецца сіняя вага з батонам недаважанай каўбасы. Нарэшце прыстолак з фанерным трэскам выдзіраецца, поўны каляровага мыла. Яно з мяккім грукатам падае да маіх ног — мноства сіне-бела-чырвоных брыкецікаў.
Чую тлумачэнне, што гэта гуманітарная дапамога ад французскага мылавара Жана-Луі Бенюса. Хачу спытацца, хто зламаў замок у прыстолку і дзе мае кнігі, але не паспяваю. Пакупнікі адштурхваюць мяне ад стала.
Вядома ж, я ім перашкаджаю.
Зрэшты, яны маюць рацыю, бо ведаюць, па што прыйшлі, і хочуць атрымаць сваё. Я магу нават пагадзіцца: яны каля майго стала ў гэты момант большыя гаспадары, чым я. Мука, крупы, цукар, алей — гэта не папера, уквечаная прыгожым пісьмом. Што я магу ім прапанаваць? Свае мастацкія хімеры? Але ні ў якія хімеры яны не вераць. Яны вераць у муку, крупы, цукар, алей і ў аб'явы з пялёсткамі тэлефонных нумароў. Аб'явы — іх літаратура, іхняе любімае чытанне, таму сцеражыся, паэце, і не раздражняй людзей.
Вось яны паднялі вагу і адразу паспакайнелі, нават усміхнуліся мне, нібыта папрасілі, каб і я паспакайнеў, каб я ўпэўніў сябе, што ўсе кнігі і часопісы хутка знойдуцца, а пашкоджаны пісьмовы стол — страта невялікая.
Рэшту майго сну ахапіў лагодны блакіт, і прыйшла А.
А. прыйшла ў сваім жоўтым касцюме з чорнай ружаю на правым плячы. Я называю гэты касцюм тэатральным раманам. Чорнае на жоўтым — цярплівы напамін пра маю першую ненапісаную вершаваную п'есу, якая павінна пачынацца з пацалунка ў начную кветку. Але я ўсё ніяк не збяруся напісаць сваю п'есу, бо не магу ўявіць, як будзе сцэнічна ўвасоблены адкрыты ўсёй зале самы патаемны пацалунак.
А засмучана загаварыла пра нашае маўчанне, якое ўсё часцей і часцей уздымае над намі ледзяную бязлістую крону. Мёртвыя галіны палохаюць А., і ёй здаецца, што мы ўжо ніколі не вернемся да слоў. Ніколі не загаворым. Алс ж мы дастаткова нагаварыліся і, стаміўшыся ад слоў і стаміўшы словы (што, вядома, горш!), ператварылі сваё маўчанне ў самую дасканалую мову кахання.
Ці ж не так?!
Пытаюся: не ў апраўданне сабе, а толькі таму, што люблю нашае маўчанне. Яно лепшы дарадчык у хвіліну поўнага непаразумення. Тыя доўгія-доўгія імгненні спакою, на гліняным дне якога павысыхалі ўсе нашы словы, нават літары — цешаць і ўлагоджваюць гэтаксама ж, як цешыць і ўлагоджвае адкрытая праз Багдановіча і зразумелая перш за ўсё кветкам і старым фотаздымкам трысняговая просьба безабароннай Еўропы: De la musique avant trute chose [3].
[3] Радок Поля Верлена.