Бяскрылыя гукі рэстаўрацыі, як бязгнёздыя істоты, раз-пораз пераляталі з абаптва Сен-Жэрмен дэ Прэ на зялёны дах Люксембургскага палаца, і я ўспомніў сёння знойдзенае: «...Каханых прыме Люксембургскі сад...», і мне спадабалася назіранне, што ў дні, скупыя на сонца, парыжскія галубы не палохаюцца бяскрылай рэстаўрацыі і, забываючы пра славутае лісце на галаве паэта, шукаюць сабе спажывы на доле. Я палюбіў нябесную пахмурнасць, зеленаваты колер якой так падобны да таго вечароваіа колеру, які можна ўбачыць толькі ў сярэдзіне астравай сцябліны.
Аднак неба зноў пасвятлела, і пасвятлела мая блакнотная папера. Я заплюшчыў вочы і адчуў мяккадывановы наплыў сонца. 3 першай ніткаю святла, яшчэ вельмі слабепькай, ажылі вясёлыя крылы. Адзін з галубоў, магчыма, луўрскі, палёгаўшы над скверам, апусціўся на лаўровае лісце.
Я пачуў, што японцы-марсіяне зрабілі трэці здымак.
Аксітанец падаў шаброле — цёплую тлустую надкасць, разбаўленую чырвоным віном, але я нават не дакрануўся да гэтае незвычайнае для мяне стравы.
Мой апошні абед у меладзінным кафэ абудзіў задушлівае шкадаванне, якое звычайна ўзнікае ў прыкрую хвіліну, асабліва на самоце. У тую самую хвіліну, калі робіцца волкай апошняя цыгарэта і тытунёвае цяпло несагравае горла; калі патрэбны запіс назусім губляецца ў блакнотнай глыбіні і калі хочацца шчырасці ад былога друга, якога па-ранейшаму любіць ужо немагчыма.
Мне здалося, што паветра ў кафэ (і не толькі ў кафэ) пачало ператварацца ў сіні пясок, у тую нязвыклую матэрыю, якая неўзабаве паглыне самыя каштоўныя кроплі паэзіі і ў якой назаўсёды знікне так неабходная мне ўлада каханае жанчыны. Улада нада мною. Нібы засцерагаючы сябе ад нейкага яшчэ большага страху, я прымроіў светлы вобраз: вітрыну галантарэйнага магазіна, на якой ляжаў гальштук Апалінэра — чорная фуляравая стужка з белай паласою. Яго можна было купіць зусім нядорага — за адну ласкавую ўсмешку, і я спрабаваў ласкава ўсміхнуцца...
Маё задушлівае шкадаванне крытыкі палічылі б за метафарычную фігуру. Маўляў, паэты выдумляць умеюць. А псіхолагі, пэўна б, сказалі, што ў мяне пачалася звычайная фрустрацыя — нешта падобнае на творчае расчараванне. I яны, дарэчы, мелі б рацыю.
Апынуўшыся ў Парыжы, я расчараваў самога сябе: я не мог узяць з сабою тое, што бачыў, і ўжо амаль не мог далей на ўсё глядзець, нс могучы ўзяць...
Здзіўлены аксітанец заместа шаброле прапанаваў перыгорскую гусіную пячонку з труфелямі, але я папрасіў яго прынесці тры загадкавыя словы (памятаеце?!): «...зайздрошчу гэтай жанчыне», — і стаў чакаць А., стаў чакаць яе ўладу і яе супакаенне: любы мой, усё добра.
Усё добра — першыя словы, што прамаўляліся пасля кожнага дня стварэння, і яны ж — любімыя словы А. Я хачу іх чуць кожную хвіліну, бо толькі яны, сагрэтыя жаданымі вуснамі, заўсёды вяртаюць мяне да творчасці.
А. не проста суцяшае: «Любы мой, усё добра», а па вачах чытае мой настрой, як самы складаны тэкст. Яна ўмее разгледзець у маім позірку ўвесь давыд-гарадок неспакою. Колькі страху ёй, колькі бяздоннага клопату, калі вочы мае цямнеюць! Яна шукае тады жоўтую кветку, любы жоўты цвет у наваколлі — шукае свой колер, каб ягоным святлом ратаваць мяне.
Я захапляюся А. Я бясконца магу расказваць ёй пра яе ж хараство. Але ўсе мае кампліменты і ўсю маю радасць яна заўсёды прымае з абачлівай сцісласцю, гаворачы «але» або гаворачы «не». А. разумее, што ў імгненні любасці больш за гэтыя словы-пацеркі нічога не трэба казаць, бо сказанае больш — ужо няпраўда...
Дык вось, я чакаў сваю каханую, але замест іс прыйшла рэдкая мая госця — разважлівасць і падказала: «Ідзі на Рыўгош».
I я пайшоў на Рыўгош, на левы бераг Сены, шоў — у паэтаў скверык. Ішоў, спяшаўся, нават бег, безуважна пакідаючы за сабой набярэжную
Межысэры, Пон дэ Ар, набярэжную Малакэ з нястомнай постаццю знаёмага букініста...
Аднак не, да набярэжнай Малакэ я не паспеў дайсці. На Пон дэ Ар мяне сустрэла тужлівая пяшчота саксафона. Яна ўзнікла з майго прадчування чаканай перамены, якая — яшчэ хвіліна! — і зменіць усё ў душы. Я па-ранейшаму знаходзіўся ў абдымках задушлівага шкадавання, таму абуджаная пяшчота прынесла настальгічную палёгку. Яна пахла вясновай зямлёю і маладымі кадацкімі яблынямі, якія я некалі бяліў шампаністай вапнаю. Я жыў тады адзін — капаў грады, бяліў яблыні і смаліў днішча старой лодкі. За дзень стамляўся і хутка засынаў, і мая падушка пахла вясновай зямлёю і ўсё тымі ж маладымі непераможнымі яблынямі...
Саксафонная настальгія, як у воблаку, патанула ў дзягілеўскай рабыні — у яе лёгкім расшпіленым паліто і ў яе ружовай сукенцы з шаўковай тафты.
Так, на Пон дэ Ар мяне чакала мая знаёмая парыжанка. Яе нецярплівы позірк прыглушаў эндакрынную трывогу шыі і быў напоены афарыстычнай мараю: толькі той мужчына можа быць мужчынам, які ніколі не пакрыўдзіў жанчыну...
Цяпер ужо яна дакранулася да мяне і далікатна, але ўпэўнена ператварыла мой адамаў сон у адамаву сцябліну. Ад такога дотыку я страціў надакучлівую правінцыю будзённага існавання і здабыў небяснечную лёгкасць. Маё цела набыло паветраныя контуры. Адной-адзінаю хваляй бітумная Сена лёгка б змыла мяне з Пон дэ Ар, але, прабіўшыся праз рымскі цяжар Новага моста, яна не заўважыла маёй бесцялеснасці. Каб не рукі дзягілеўскай рабыні, я адарваўся б ад зямлі і стаў бы толькі адценнем у фарфорава-шэрым святле, што атуляла майго знаёмага букініста і яго вечныя кнігі. Я назаўсёды б забыў пра сваё імя, каб не яе вочы, напоеныя, як і хвіліну назад, усё тою ж мараю: толькі той мужчына можа быць мужчынам, які ніколі не пакрыўдзіў жанчыну...
Мы прыйшлі на вуліцу Сены, падняліся на чацвёрты паверх нейкага, як мне здалося, напаўгасцінічнага дома з арка-турным фрызам і апынуліся ў белай лагчыне ложка.
Ранейшыя яе словы пра неба, якое цяжэе ад жаночай незадаволенасці, пра воблакі, якія над Люксембургскім садам набываюць сарамлівыя контуры, пра пяшчотнага госця, што пакідае ў німфічнай глыбіні навальнічны нектар, і, нарэшце, словы пра самыя дарагія тканіны, якія зайздросцяць ранішнім цёплым прасцінам — уяўляліся мне рацыянальнай уверцюрай, добра прадуманым уступам да гэтага музычнага шляху ў белую лагчыну...
Прыхільнікі «праўды» ў літаратуры, — вы ўздыхаеце, што мая паэзія нежыццёвая, бо занадта прыгожая.
Апалагеты імаралізму, — і вас я расчарую, таму не чытайце мяне, а спявайце свае любімыя песні Мальдарора.
Аўтары эратычных эпапей, — будзьце сціслыя. Дастаткова аднаго сказа на апісанне выпадковага кахання: чорная ружа, поўная гасціннай расы, авалодала адамавай сцяблінай і не супакоілася да той хвіліны, пакуль не напілася навальнічнага нектару...
Дзягілеўская рабыня развітальна ўскінула над сабою рукі, і я ўбачыў яе простыя далоні. Далоні брэтонскай рыбачкі ці, усё ж праўдзівей, — клапатлівай жонкі, што памагае мужу-скульптару мясіць гліну і рыхтаваць гіпс.
Некалі такія ж непрыгожыя далоні не далі мне спазнаць тую поўную радасць, аб якой толькі й марыць васемнаццаці-гадовы цнатлівец. Так, мне было васемнаццаць, калі на два гады старэйшая за мяне давыд-гарадоцкая свавольніца паабяцала найжаданае. Ад свайго абяцання яна не адступілася і пад самы ранак, праводзячы мяне, шчаслівага, хацела ўключыць у сенцах электрычны ліхтарык. Аднак ліхтарык выслізнуў з яе рук, і я ледзьве паспеў падхапіць яго. Вяртаючы ліхтарык, міжволі асвяціў ёй далоні — дзве шурпатыя цаглінкі!
Гнятлівы сорам агарнуў мяне. Сорам, у якім пераважала прыкрасць. Я быў у ложку і не адчуў, што ў яе т а к і я далоні. Мне хацелася плакаць, бо якая ж гэта крыўда, што ў першай тваёй жанчыны — далоні, як гліняны посуд.
На спакойную галаву, дык што тут крыўднага?! Але ўжо тады мяне паланялі ўсялякія эстэцкія хімеры. Кодэкс памяркоўнага местачковага існавання, паводле якога ўсё павінна прымацца такім, як ёсць, для мяне тады яшчэ не існаваў.
Чытач мой рэдкі, не папракай мяне за той даўні пачуццёвы эстэтызм і не пытайся: няўжо й цяпер, убачыўшы над сабою простыя далоні францужанкі, я адчуў сябе падманутым і мне захацелася плакаць?
Я ведаю адно: пачуццёвы эстэтызм — кепскі іпрадчык, але неблагі настаўнік, асабліва для таго мужчыны, для якога ўсё — і паэзія, і філасофія, і нават гастраномная раніца пачынаецца з думкі пра жанчыну...