– Вось тут вы правільна сказалі, пане начальнік! Але ж я не ведаю ніводнай літары, каб прачытаць, а раз пачуўшы нешта, я тое ўсё жыццё буду трымаць у памяці.
– А хто табе чытаў напісанае?
– Я і мой кум Міхась Зянцюк збіралі ў лесе ламачча, – працягваў далей Зміцер, разумеючы, да чаго хіліць начальнік маёмасцяў, – халады пачаліся. Кум як і я – непісьменны. Яму нехта ў карчме прачытаў газету, а ён вазьмі, ды запомні ўсё да драбніц. Збіраем ламачча, а ён мне расказвае. Адзін раз расказаў, а я да слоўца запомніў. Не верыце? Праверце…
Сакалоў з недаверам паглядаў на Якушова, загадаў:
– Пачынай. Чытай ці пераказвай!
Зміцер зажмурыў вочы, адхіліў назад галаву, пракаўтнуў сліну, ад чаго здрыгануўся востры кадык на шчэцці. З нейкай адданай урачыстасцю пачаў:
– «Мужыцкая праўда» за № 6.
Дзецюкі! Чы мая праўда горка, чы ена салодка, я пісаў заўсёды і пісаці буду – вучыў я вас, як рабіці трэба і вучыці буду. Вы адно слухайце мяне, талкуйце добра і рабеце так, як сумленне Вам скажэ, а Бог яшчэ злітуецца над намі і дасць нам шчасце і добра ў нас будзе.
Калі Бог, стварыўшы чалавека, даў яму душу, то не для таго, каб ён жыў як сабака на гэтым, а на тым свеце прападаў на векі вякоў у муках пякельных, – а для таго, Дзецюкі, каб знаў закон Божы, знаў свайго Бога, знаў сваю веру і заслужыў шчасце нябеснае. Калі Сын Божы, прыйшоўшы на гэты свет, устанавіў праўдзівую веру і за гэтую веру цярпеў крыжовыя мукі, то не для таго, каб якіясь там Цары маскоўскія, байстручага роду, перамянялі закон Божы, а мы, на прыказ гэтых Цароў, выракліся сваёй веры, сваіх Дзядоў і Прадзедаў і ўслаўлялі не Бога, а радню царскую, – но для таго, Дзецюкі, Бог Найвышэйшы цярпеў за нас, каб Закон Яго ўжо быў вечны, і ніхто не пасмеў перамяняць, а мы з усёй моцы трымаліся яго.
Но чы гэтак, дзецюкі, робіцца ў нас як Сам Бог прыказвае, чы дзержымося мы закона Божага? Самі скажэце, ні адзін ужэ можа забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры і ніколі ўжэ не ўспомніць, як ператварылі яго ў схізму, на праваслаўе, што ён сёння. як той сабака жыве без веры, і як сабака сканае на радасць д’яблу ў пекле!!! О, Дзецюкі!..»
– Досыць! – ускрыкнуў, не вытрымаўшы больш слухаць крамолу дапытчык. – Досыць! Замоўкні! За адно толькі тое, што паўтараеш гэтыя крамольныя радкі, цябе трэба згнаіць у Сібіры…
Мужык расплюшчыў вочы, недаўменна паглядзеў на следчага:
– Дык вы ж самі загадалі мне гэта рабіць – чытаць па памяці.
– Ніхто табе не загадваў, я правяраў, ці не хлусіш ты. Табе зямлю трэба гноем урабляць, панства карміць, а ты ў рэвалюцыянеры падаўся. Як у вас кажуць – не ў свае сані не сядай, так? Вось і ты, Зміцер, не ў свае сані сеў.
– Хто і якія даў сані, у тыя і сеў.
Мужык прымружыў вочы, гледзячы ў столь, налажыў на сябе крыж, пачаў маліцца:
– Божа Ўсемагутны, Валадар наш міласэрны! Ты пра нас не забывай, злітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выгані маскаля з нашага краю, дай нам сапраўдную свабоду і веру нашых дзедаў і прадзедаў, – і касцёлы, якія маскаль, нячыстая сіла, разбурыў ці перарабіў на канюшні і цэрквы, зноўку засвецяцца ў славу Тваю і народ у іх славіць Цябе будзе, як славілі нашыя продкі. Запяём тады ў адзін голас нашу песню святую: «Святы Божа, Святы моцны, Святы несмяротны, змілуйся над намі!» І Бог Усявышні злітуецца над намі, паможа нам у нашай працы, а на тым свеце дасць валадарства нябеснае, – і ня будуць ужо дзеці нашыя сваю матку праклінаць, што на свет нарадзіла!
Следчы здзіўлена глядзеў на верніка. Як быццам і маліўся, але малітва нібыта была працягам таго, што ён перад гэтым чытаў па памяці.
– А гэта з якога нумара газеты?
Зміцер, не задумваючыся, адказаў:
– З шостага, васпане, з шостага.
– Ты як быццам знарок стараешся ўзмацніць сваю віну, – паглядзеў на яго са шкадаваннем Сакалоў, уздыхнуўшы, адкладваючы ўбок ручку. – Для чаго?
Зміцер няўцямна паціснуў плячыма. Безуважна паглядзеў сабе пад ногі. На яго твары не было ні трывогі, ні страху.
– Скажы, Зміцер, зразумець хачу, – Сакалоў сашчапіў пальцы, паклаў рукі на стале. – Ты і твой Яська, гаспадар з-пад Вільні, супраць таго, каб некаторыя касцёлы ператварыць у цэрквы. Чаму? Я сам праваслаўны, хачу маліцца, як і ты, Богу. Але ж у касцёле я не магу памаліцца… Бог жа ў нас адзіны, Зміцер.
– Бог то адзіны, васпан, але… Бог даў кожнаму чалавеку зямлю, на якой ён жыве, якую абрабляе, сябе і яшчэ іншых корміць. І Бог даў ў дадатак яшчэ і мову да гэтай зямлі. І загадаў маліцца на мове гэнай зямлі, інакш ні шчасця, ні плёну Ён нам ня дасць. А на якой мове вы праводзіце імшу на нашай зямлі? На царкоўна-славянскай? А яна ж не радуе нашы душы і сэрцы. І пра гэта сказана хораша ў «Мужыцкай праўдзе». Мо пан следчы дазволіць прачытаць?
Сакалоў моўчкі кіўнуў галавой. Добра, што нікога ў пакойчыку не было, таму і не было ніякай рызыкі, што могуць данесці начальству, што ён, Сакалоў, вядзе гульні са злачынцам…
– Нарабіў нам такой бяды, дзецюкі, цар маскоўскі. Гэта ён, падкупіўшы многіх паноў, загадаў у схізму запісаць нас, гэта ён плаціў грошы, каб мы толькі пераходзілі ў праваслаўе і, як той антыхрыст, адабраў у нас нашу праведную уніяцкую веру і загубіў нас перад Богам навекі, а зрабіў тое для таго, каб мог нас бясконца рабаваць, а Бог справядлівы не злітаваўся над намі…
І яшчэ паслухайце, васпане… З чацвёртай газеты. У нас, дзецюкі, аднаму толькі вучаць у школах: каб ты ўмеў чытаць па-маскальску, а для таго гэта, каб цябе зусім перарабілі ў маскаля. Суды маскоўскія – гэта воўчая яма, дзе не разбіраюць, не вінаваты ты ці вінаваты, а дзяруць толькі як могуць. Бяспекі пад маскалём ніякай няма, хто мацнейшы, той і прыцясняе; а войска не для таго трымаюць, каб аберагаць кожнага ад злых людзей і ад прыгнёту, а толькі для таго, каб не даць народу і застагнаць, калі даведаецца пра сваю праўду, калі пераканаецца, што дзяруць з яго звыш усялякай меры. Урад маскоўскі як той злы пан, што, пачынаючы ад камісара аж да цівуна, дазваляе кожнаму народ душыць, каб як мага больш грошай у кішэню яго папала…
Следчы не перабіваў Зміцера, але той сам замоўк, апусціў галаву долу.
«Калі ж кожны мужык так уверуе, то вялікая хваля можа ўзняцца”, – падумаў Сакалоў.