– І што ж ты купіць хацеў, Язэп?
Хлопец скінуў з пляча стары мяшок, кінуў сабе пад ногі.
– Кажушок хацеў сабе набыць, маразы пякучыя стаяць. Не старгаваўся з дзядзькам, ні гроша не ўступіў.
– Скнарны папаўся?
– І не кажы…
Мацей драўлянымі віламі пераносіў сена ад пунькі да каровы. Непрыкметна віламі падчапіў мяшэчак Язэпа, пасунуў бліжэй да варот хлеўчука.
Ужо цішэй, нагнуўшыся, паведаміў Гарчаку:
– Сёння ў Маркевіча збіраемся, у якога жыве Станкевіч. Позна ўвечары. Шмат прынёс?
– Больш чым сто.
– Добра. Сёння раздамо сялянам. Сёння запрасілі найбольш маладых хлопцаў – так папрасіў Казімір Станкевіч.
– А старых?
– Старыя не так успрымаюць, як маладыя. Слухаюць, згаджаюцца, а потым: «Каб чаго кепскага не выйшла з гэтага, бо згнаяць у Сібіры…»
Гарчак усміхнуўся:
– Ды і да зямлі яны больш прывязаны, думаюць, што цар з цягам часу надзелы ім зямлі выдзеліць…
– Калі рак на гары свісне.
Патаптаўшыся яшчэ які час у двары Мацея, былы студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта Язэп Гарчак, перадаўшы тайную пасылку, пакрочыў сваёй дарогай далей.
Ён быў дзейным сябрам польска-літоўска-беларускага студэнцкага «Таварыства». Прымаў удзел у студэнцкіх хваляваннях. Жандары арыштавалі яго – два месяцы праседзеў у Кранштацкай крэпасці.
Выслалі на радзіму пад нагляд паліцыі.
Хата селяніна Маркевіча была трохі прасторней за астатнія, таму і вырашылі збірацца ў яго. Вяскоўцы чыталі газету «Мужыцкая праўда”.
Казімір Станкевіч найбольш адукаваны сярод іх.
– Я маю, панове, для вас падаруначак, – прыходзячы ў вёску, казаў ён звычайна сялянам, перадаючы ім газету Каліноўскага. – Прачытайце, перадайце прачытаць іншым, і вам стане ўсё зразумелым наконт таго, як трэба пазбаўляцца ад паншчыны…
– Аддаць потым табе назад, Казік?
– Не, пакіньце сабе. Такіх у мяне ёсць больш за сотню…
Маладыя пацягнуліся да яго, пыталіся, як уключыцца ў агульную барацьбу.
– Пра гэта і расказвае «Мужыцкая праўда», – даставаў ён з кішэні складзены аркушык шэрай паперы. – Давайце паслухаем, што нам раіць рабіць Яська з-пад Вільні…
Так сядзелі і слухалі аж да першых пеўняў.
Пакідалі двор ціха, маўкліва.
Канспірацыі вучыў іх той жа Казімір…
Хлопцы добра засвойвалі яго навуку…
…Ён абуў хадакі, ускінуў на плечы стары латаны-пералатаны кажух, насунуў на галаву шапку аблавушку. Калі ж падышоў да дзвярэй, калі ўзяўся за клямку, каб адчыніць дзверы, з палацяў пацікавілася Анэля: