– Ты куды, Янка? Такая непагадзь на вуліцы.
– У Сакольск схаджу. Мо спаганю доўг з Кіркесава, ужо больш года як не аддае.
– Добра. Доўга не баўся.
– Не забаўлюся – вечарам вярнуся.
– Мо іншым днём выбраўся б, га? Свету Божага нябачна за акном…
Ён нічога не адказаў, бразнуў толькі дзвярыма.
І дзень жа выбраў ён, як быццам другіх не было. Добры гаспадар, як кажуць, свайго сабаку на вуліцу не выганіць, а тут сам сабе выбраў такое надвор’е.
Завіруха ўсчалася яшчэ сярэдначы, выла-завывала ў падстрэшшы, пужаючы дзяцей сваім жудасным скавытаннем. Не аціхла яна і пад раніцу. Верыў Янка, што яна неўзабаве аціхне, бо нейкі цёплы вецер абвяваў твар. Перад сабою ён не бачыў дарогі. А яе і зусім не было, той дарогі, перамяло яе зусім, і следу не засталося. Але ён навобмацак перабіраў нагамі, трымаўся каляіны, што пакінулі колы вазоў яшчэ з восені, следу палазоў саней…
«Дайду, быць таго не можа, каб не дайшоў, – думаў Рабічка, падстаўляючы каўнер кажуха да твару, хаваючыся ад калючай завірухі. Чым далей адыходзіў ад вёскі, тым больш злавалася снежная замяць, мацнеў мароз. – Дарэмна, мусіць, сёння выбраўся ў дарогу, дарэмна… Хаця б і ваўкоў не перастрэць… Мо трэба было і паслухацца хоць раз у жыцці жонку…»
Але ногі настойліва неслі яго наперад. Ён ужо знайшоў і дадатны бок у сваім падарожжы – у такую непагадзь ніхто і не убачыць яго, і не будзе ніякага падазрэння, што ён адправіўся ў Сакольскі земскі суд.
«Я табе пакажу, будзеш мяне доўга помніць, – крыўды я ніколі не забываю. Пабачым яшчэ, чый верх будзе, пабачым…»
Прыйшоў ён у земскі суд пад абед, калі чыноўнікі збіраліся пакінуць свае крэслы. Ад яго адмахнуліся, сказалі, каб зайшоў пазней.
– Я па пільнай патрэбе, – шапнуў ён аднаму, лысаму і нізкаму, чалавеку на вуха.
– Па якой яшчэ патрэбе? – павысіў таўстун незадаволена голас і ўзяўся за дзвярную ручку.
– Па дзяржаўнай. Вось па гэтай…
Рабічка выняў з кішэні складзеную ў некалькі столак паперчыну, падаў судоваму прыставу Вітальду Рагальскаму. Чыноўнік нахмурыўся.
– Ну і што?
– Як што? У нашай вёсцы адкрыта распаўсюджваецца «Мужыцкая праўда». І я ведаю дакладна, хто гэтым займаецца…
– Чаго ж вы мне адразу не сказалі?
– А я і кажу. Прымайце меры. Супраць цара-бацюхны ідзе змова і збор людзей.
Прыстаў замітусіўся, сцішыў голас:
– Сядайце, калі ласка. Як вашае прозвішча?..
Рагальскі паклаў перад сабою чысты аркуш паперы, напісаў: «Аб змове сялян супраць урада», а ў куточку пазначыў: «3-га студзеня 1863 года, Сакольскі земскі суд».
– Так, расказвайце падрабязна, што вам вядома.
– Значыцца, так… Мацей Цюхна, наш аднавясковец, – мае цэлы стос гэтай крамольнай газеты. Яе распаўсюджвалі ў Іцкавай карчме. Але Іцко тут ні пры чым. Дык вось… Яе чытаюць па ўсіх вёсках, што знаходзяцца непадалёку ад нас… І збіраюцца па хатах, складаюць спісы, хто ўвальецца ў рады бунтаўшчыкоў…
Янка расказваў і тады, калі прыйшлі з абеду чыноўнікі суда, і пазней, калі яны расселіся за сваімі сталамі. А за акном галасіла, не сціхала завіруха, шпурляла ў вокны прыгаршчы снежнай крупы, скавытала на розныя лады.
– Усё? -– выцер з ілба насоўкай кропелькі поту прыстаў.
– Усё, ваша мосць, усё. Што расказаў – усё чыстая праўда. Прыміце меры.
– Прымем. Неадкладна. А вам дзякую, што вы папярэдзілі. Расейская імперыя вас не забудзе!
…Праз адзінаццаць дзён, а дакладней, 14 студзеня з Вільні ў бок Сакольска выправіўся атрад жандармаў на чале з генералам Абрамовічам, каб распачаць расследванне справы «Аб змове сялян супраць урада». Генерал у той жа дзень стварыў спецыяльную следчую камісію, якая абрала штабам сваёй дзейнасці заштатны гарадок Адэльск.