Я не адказаў, але пацікавіўся ў маладога мастака:
– Што за падарожжа, Хуан?
– Цікавае падарожжа, спадар Антон! Заманлівае...
– Заказ атрымаў выгадны? Грошы вялікія паабяцаў багацей? Каньяком французскім частаваў? Салодкімі грушамі, як мёд? І цяпер яны ў цябе на стале. І ты “Рэквіем” напісаў, а твой заказчык паабяцаў выдаць кнігу ў сваёй друкарні... Пра Бога і Біблію вы будзеце весці дыскусіі, ці не так?
Я пагатоў быў узарвацца, перайсці на крык.
– Адкуль ведаеш, Антон?!
Маё маўчанне доўжылася каля хвіліны.
– І прасіў пісаць свой партрэт на сваім ветразніку. Усяго пяць сеансаў. За кожны ён адваліць табе па дзесяць тысячаў... І задатак ты атрымаў... Ганарышся, геніем сябе адчуў, як і сказаў пра тое заказчык? І тэлефон яго складаецца з шасцёрак і дзевятак, хіба не так? І завуць яго Анатас?
Хуан збялеў, гледзячы на мяне, нахмурыўся.
– Запомні, Хуан, чым саладзей абяцанне, тым больш у ім атруты. Не хадзі туды, сын! Гэта пастка! Гэта – спакуса... Адмоўся, Хуан, прашу цябе, умольваю! Каб потым ты не шкадаваў пра тое...
– Аб чым – не шкадаваў? Гэта ж усяго на пяць-шэсць дзён... Не больш...
– Адмоўся, Хуан, – настойваў я. – Яшчэ не позна, бо будзеш потым шкадаваць усё жыццё, калі яшчэ застанешся жывы….
На нас здзіўлена паглядаў Хорхе – нічога не разумеў з нашай размовы. Як і не разумеў мяне мой сын...
– Я падумаю, – прашаптаў ён, усё яшчэ гледзячы на бераг акіяна. – Я падумаю... Сам бачу, што апошнім часам нешта няладнае творыцца са мною...
Нейкі злы рок лучыў не толькі па маіх слядах, а і па слядах майго сына. Можа, гэта Анатас помсціў мне, што я так абышоўся з ім? Які грэх на мне? У жыцці кожнага чалавека існуе свой Анатас, і галоўнае не даць яму волі, не прадацца яму.
А, можа?.. Можа, гэта я за Паўла і Жанету сплочаю? А Жана просіць засцерагчы Хуана ад спакушэння...
Ці ўдасца мне гэта, ці хопіць у мяне сілаў вытрымаць новае выпрабаванне?
Ніхто не адказваў на мае роспачныя пытанні...
Маўчаў мой Голас. Маўчала Яніна.
Я трымаў за руку Хуана, баючыся адпусціць яго ад сябе. Мне здавалася, што адпушчу, страчу назаўсёды.
І тады мяне асяніла...
Я зняў з сябе бабульчын крыжык. Папрасіў Хуана схіліць галаву – павесіў яму срэбны крыжык на шыю. А на стол, перад ім, паклаў іконку Святой Троіцы.
Узяў з вазы, што стаяла на століку, тры вялізныя, сакавітыя ігрушы – і па чарзе выкінуў іх за парэнчы: у пусты двор... Пачуліся тры глухія выбухі – як усё роўна ўзарваліся гранаты.
Хуан, збялеўшы, здзіўлена паглядзеў на мяне. Мой ледзь заўважны ківок галавы азначаў: “Так трэба, сын, так трэба...”
Хуан перавёў позірк на бераг. Доўга ўглядваўся, і нічога не ўгледзеў... Узяў бінокль, накіраваў туды.
– Я не бачу яго, бацька, – прамовіў ці то з радасцю, ці то са шкадаваннем. – Карабель знік...
– Ён знік, сын, назаўсёды!..
Хуан сеў зноў за стол, пільна паглядаў на мяне, пэўна чакаючы тлумачэнняў.
Падалося, што за яго спіной паказалася Яніна. А потым яе змяніла Жана-Жанета. Радасна ўсміхалася, дзякавала позіркам, што дапамог я Хуану пазбегнуць спакусы славай, і ён не паўторыць нашых памылак. Маіх памылак.
... – Піць, ён хоча піць! – радасна абвясціў жаночы голас, які прагучэў побач са мною. – Ён прачнуўся, доктар!