Гадзінамі прастайваў каля манументальных роспісаў, прысвечаных гісторыі Аргенціны. Заснавальнікам “новага рэалізму” з’яўляецца А.Берні. Разам з мексіканскім манументалістам Д.А.Сікойрэсам і аргенцінскімі мастакамі Д.Уручуа і Х.К.Канстаньіна яны і стварылі манументалізм...
Пранізвала душу мелодыя “Аргенцінскага танга”. Яна гучэла ўсюды, куды б я ні заходзіў – у кавярнях і рэстаранах, на вуліцы і на параходзе, у гасцініцы і на аўтобусных прыпынках. Яна доўга гучэць будзе ў маёй памяці, калі не ўсё жыццё. Чаму яго так любіла Жанета?
– Пайшлі, Антон, наведаем выстаўку мастакоў, – прапанаваў мне мой сябра Хорхе – мастак новай плыні, нястомны працаўнік – месяцамі не выходзіў са сваёй майстэрні...
– З вялікай ахвотай, – згадзіўся я. – Але куды?
– А куды-небудзь... Наўгад...
Мы з ім аб’ездзілі ўсходнюю частку вострава Вогненная Зямля і астравоў Эстадос. Я зрабіў сотні замалёвак, накідаў... Хорхе не маляваў, ён адпачываў, глядзеў, як я працую, адабральна ківаў галавой.
Буэнас-Айрэс свяціўся, зіхацеў, пераліваўся неонавымі пырскамі. Усюды звінела музыка, ўсміхаліся людзі.
Мы паехалі на ўскраіну горада. Правільней будзе сказаць, туды, куды вёз мяне сябра. Сышлі на апошнім прыпынку. Да мора – сотня крокаў. На прычале, гайдаліся лодкі і лодачкі, яхты і караблі, цесна прытуліўшыся да берага.
Я пільна прыгледзеўся да іх: адзін з караблёў прыцягнуў маю ўвагу. Ён быў вышэй за ўсіх, бялей за ўсіх, велічны і таямнічы.
– Прыгожы ветразнік, – выказаўся я, паказваючы позіркам на аб’ект майго здзіўлення.
– Гэта ўсяго толькі яхта, – паправіў мяне Хорхе.
– Ды не, я кажу пра той, што з трымя мачтамі, з пунсовымі ветразямі – як у творах расійскага пісьменніка Аляксандра Грына.
Ён доўга ўглядаўся ў каланаду караблёў, жмурыўся, прыкрываў даланёй ад сонца вочы.
– Там няма такога... – паціснуў плячыма.
– Выбачай, значыць, я памыліўся, – згадзіўся з ім, таму што не хацеў спрачацца, усё яшчэ не адрываючыся позіркам ад пунсовых ветразяў. – Куды мы далей?
– А хаця б во сюды, – паказаў Хорхе на пятнаццаціпавярховы будынак, – тут выстаўляюцца маладыя мастакі. І вядомыя майстры, і тыя, хто толькі пачынае свой творчы шлях...
– А да каго мы пойдзем, ты ведаеш?
– Ведаю, Антон. Яго завуць Хуан Падэста. Экспрэсіўны мастак, смелы і напорысты. Выйграў конкурс на сваю выстаўку. У яго быў канкурэнт – Паўэла. Вельмі засмуціўся, калі даведаўся, што Хуан стаў першы... Напіўся ў той жа вечар, ды папаў пад машыну... Хуан не толькі мастак, ён яшчэ і пісьменнік...
“Мая гісторыя, – падумалася мне, – і няўжо яна паўтараецца і ў іншых?..”
На першым паверсе, які свяціўся зыркімі агнямі, знаходзіўся мастацкі салон. Людзей у зале было і не вельмі шмат, але, каб падступіцца да карцін, патрабавалася асцярожлівасць, каб некага не зачапіць.
І мне, з першага ж позірку, прыйшлася да спадобы творчасць Хуана Падэсты. Скрозь на палотнах – зоркі, космас, планеты, партрэты. І – Чалавек на абсягах Сусвету.
Увагу прыцягнуў партрэт – у куце каля шырокага акна: партрэт дзяўчыны ці маладой жанчыны. Чырвоная стужка на ілбе.
Мне стала не па сабе, заныла сэрца: “Няўжо?! Няўжо – Жанета? Адкуль тут яе партрэт?” За яе спіной сядзелі Ван Гог і Леанарда – на беразе мора, адвярнуўшыся ад нас, – як і тады, калі я праведваў Паўла...
– Што з табой, Антон? – зірнуўшы на мяне, перапалохаўся Хорхе. – Табе блага?
– Нічога, нічога, хутка пройдзе...
Але яшчэ больш уразіла наступнае палатно... Ужо сеў, каб не ўпасці. Я ўбачыў партрэт... Анатаса. Таго Анатаса, які ў капелюшы, і з яго тырчэлі рогі...
“У якім часе я знаходжуся? – у мяне ўсё пахаладзела ўсярэдзіне, і пачалі прабіраць нервовыя дрыжыкі. – Што гэта, адкуль? Новае выпрабаванне?..”
Хорхе пасадзіў мяне на канапку. Сам сеў побач.
– Хорхе, а ці можна мне пагаварыць з мастаком?
– Ды няма праблемаў, дружа! Пасядзі, а я пайду адшукаю яго...