– Дарагі Уладзіслаў Антонавіч! Я не ведаю ні пра якую заяўку вы гаворыце, як і не ведаю ніякіх спонсараў-інвестараў, і не хачу я зусім у вас друкавацца, і ніколі не пераступлю парог вашага выдавецтва. Так склаліся абставіны, выбачайце…
У адказ недаўменнае маўчанне, а потым пачулася роспачна-недаўменнае пытанне:
– Дык што нам, скажыце, рабіць з вашымі далярамі?
– Што? А вы ў прыбіральню іх памясціцеце – няхай будуць замест туалетнай паперы!
Паклаў трубку.
– Хто гэта быў, Антон?
– А, ніхто… Учарашні дзень…
– Ты не вельмі ветліва гаварыў з чалавекам.
– А то і не чалавек зусім, не чалавек, Ліка.
Аднойчы вечарам, у нядзельку, калі я закончыў працу над карцінай і засабіраўся дадому, у дзверы майстэрні нехта пазваніў, а потым і пастукаў – раз, другі, трэці…
На мяне з трывогай паглядзелі Ясь і Яніна. Схаваўся за іх Белавух, і носа не высоўваў.
Я пайшоў адчыняць дзверы. Не лесвічнай пляцоўцы стаяла жанчына з паштарскай сумкай.
– Вам тэлеграма, спадар Клімовіч, распішыціся, калі ласка, – раскрыла тонкі сшытак, паказала радок, дзе я павінен быў паставіць свой подпіс.
У майстэрню мне ніколі не прыносілі пошту – ні пісем, ні тэлеграм.
Са здзіўленнем пачаў чытаць тэкст.
“Дарагі мой сябра!
Ты думаеш, што так лёгка пазбавіўся ад мяне, знішчыў мяне? Памыляешся, мой майстра! Ты ж ведаеш – чалавек створаны з дзвюх палавінак. Адна з іх належыць Стваральніку, а другая – мне. З якімі парокамі плоці змагаецца Ён? Пра іх сказаў апостал Павел, памятаеш? У Пасланні да Галатаў (5:19-23):
“Дзеі плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства, ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, свары, зайздрасць, гнеў, звады, раздоры (спакусы), ерасі, нянавісць, забойствы, п’янства, закалоты і іншае…” У мяне, на парусніку, ты заўважыў хаця б адзін з гэтых парокаў? Не. Я калі што падобнае прапаведаваў? Толькі тое, што і апостал Павел. Здзіўлены? Далей ён там жа гаворыць: “А плод духа: любоў, радасць, згода, доўгая цярплівасць, добрасьць, міласэрнасьць, вера, лагоднасьць, устрымлівасьць…” Так, я вінаваты хіба ў тым, што на вашай грэшнай зямлі ўкараняю вышэйпералічаныя заганы. Але ж ці заганы яны і парокі? Чалавек павінен жыць напоўніцу – страсцямі, памыляцца, эксперыментаваць, сумнявацца, зайздросціць поспеху іншых і рабіць лепш, чым яны гэта робяць.
Так, я спакушаю людзей да граху, а Стваральнік, калі людзі каюцца, даруе ім грахі іх. Так было, так ёсць і так будзе. Мы неразрыўны і неразлучны з Ім, хаця мы не адно і тое ж. Пагэтаму чалавек усё жыццё сваё будзе грэшны, і яму ад гэтага нікуды не падзецца. І ён заўсёды можа пакаяцца ў сваіх грахах. А таму ніколі не спыніцца барацьба-змаганне спаміж Дабром і Злом.
Асмелюся даць парада: ніколі, Антон, на гуляй і не заігрывай з людскімі душамі і лёсамі як літаратар… Потым жа героі будуць помсціць табе за тое, што выпусціў іх з небыцця на свет, і забыўся на іх лёс. Яны заўсёды надакучваюць аўтарам, толькі апошнія ў гэтым не прызнаюцца. Як і артысты кіно, якія пабылі ў вобразе сатаны ці забойцы, а потым пакутуюць усё жыццё, і яшчэ горш – нехта забірае іх жыццё… То ж з маёй падачы я надаўміў аўтара “Майстра і Маргарыты”, каб ён апісаў падрабязна нашы гулянкі-шабашы, ён, як і ты, пажадаў стаць геніяльным творцам, таму і прадаў мне сваю душу, – мы з ім заключылі дамову аб супрацоўніцтве. Ён стаў геніяльным пісьменнікам, а ты вырваўся з маіх мярэжаў. А толькі ж д’ябал можа памагчы творцу стаць геніяльным, але не Бог, – Ён жа патрабуе працы, працы і працы…
Якія я ні граў бы ролі, маё жыццё будзе працягвацца мільярды гадоў, я пастаянна буду спакушаць слабых і слабавольных, пыхлівых і ўладналюбных…
Ды хопіць, мусіць, мне выхоўваць цябе. Я і так табе надакучыў.
Да сустрэчы. У тваім новым жыцці, бясспрэчна; для мяне ж яно, жыццё, будзе працягвацца, – і праз тысячы гадоў я буду спакушаць слабых і слабавольных, пыхлівых і ўладалюбных...
З павагай – твой Заказчык.
Ды вось што яшчэ, даруй, што адрываю ад клопатаў. Заўсёды адказвай за кожнае прамоўленае ці задуманае слова. Памятаеш, як ты ў тралейбусе чартыхнуўся “чорт мяне вазьмі”? Ну, я і ўзяў, ты ж сам таго хацеў… Я сачыў за тваім жыццём, падбіраўся да тваёй душы, таму што яна была “нічыёй”.
Калі ж чалавек не жадае прысвяціць сваю душу Богу, тады мне застаецца авалодаць ёю. І так будзе заўсёды. Нельга без патрэбы прамаўляць воклічы ці звароты – няхай яны скіраваны ці то да мяне, ці да Бога. Любое вымаўленае слова мае сваю энергію: “Напачатку было Слова і слова было Богам…
Калі ж возьмешся за літаратуру, гістарычную літаратуру, і не будзе хапаць фактаў для даставернага раскрыцця тэмы, то тэлепартацыйны карабель майго фрэгата заўсёды да тваіх паслугаў. А як апынуцца на маім фрэгаце, я думаю, ты не забыўся, – толькі адмысловы ўзмах рукі…”
Мне хацелася ўдакладніць у паштальёна, якое аддзяленне сувязі перадало гэтую тэлеграму-допіс, але на пляцоўцы ўжо нікога не было. Здзіўляла і іншае: у доме трэці дзень не было электраэнергіі – як яна змагла падняцца і пазваніць мне ў дзверы. Больш таго – на маю верхатуру і ліфт не дасягаў.
Прыйшлося, каб адчапіцца ад гэтых пытанняў, прачытаць напісанае да канца…
“І яшчэ на заканчэнне, мой дарагі мастак!