Сёння Галіна паедзе разам. Ён адчуваў — яна павінна ехаць. Чаму — не пытаўся ў сябе, толькі ведаў — усё сапраўды можа рашыцца толькі там.
...Яны ехалі палову дня. Цёмна-шэрая стужка шашы размотвала і размотвала перад імі сваю вузкую прастору, блакітная смуга вісела над пералескамі, прыціхлымі і задуменнымі, якія нібыта рыхтаваліся да чагосьці таямнічага, важнага. На палях пачалася ўборка бульбы, і пах цёплай разварочанай зямлі ўрываўся ў кабіну, перамешваючыся з гаркавым дымам, што паволі плыў з далёкіх палёу, дзе палілі бацвінне. Зямля святкавала вызваленне ад цяжкай працы, і залацістымі шапкамі стаялі на апусцелай пожні стагі.
Пінчуку ўспаміналася, як хлапчуком бегаў ён па калючай пожні, прымінаючы тоўстыя сцябліны загрубелымі за лета нагамі, адчуваючы прахалоду зямлі і яе ціхую ласкавасць. I тут жа ўбачылася, як пасля, праз некалькі гадоў, ён поўз па ёй жа — толькі цвёрдай, здзічэлай, незааранай, заклінаючы яе расступіцца, абараніць ад кулі і асколка, да смяротнага жаху не хочучы навек застацца тут, на полі, сярод дубоў, пад вечным небам, такім няласкавым і халодным.
Тады яму было шаснаццаць гадоў, ён быў самым маладым у атрадзе і паспеў наглядзецца на смерці, але ніколі яна, Смерць, не падпаўзала да яго так блізка, не прымушала сціскацца кожнай жылкай і нервам, як там, на той зямлі, каля дубоў. Ён нікому не змог бы расказаць, перадаць той шалёнай прагі да жыцця, што ахапіла яго, калі поўз ці бег кароткімі перабежкамі, страляючы, калоцячыся ад нянавісці да тых, хто хацеў затушыць гарачы, пранізлівы агонь жыцця, хто хацеў, каб пырснула па бляклай асенняй зямлі яго кроў, адбіраючы ў чорную бездань усё, што было ў ім адзінага, непаўторнага... Але яму было суджана сустрэць Ванду, пражыць з ёю жыццё, вырасціць сына і зноў сустрэць жанчыну, якая нарадзілася пасля таго, як ён поўз каля дубоў, змагаючыся за жыццё. Яму яшчэ суджана было вучыць, вырошчваць пакаленні школьнікаў, бачыць, як уваходзяць яны ў магутную плынь Часу, то борсаючыся, то падпарадкоўваючы яго сабе. Ён доўга перажываў, калі той ці іншы вучань не выконваў свайго назначэння, ці то запіваючы, ці губляючы волю і ўпраўленне сабой. I, як ніколі, з пранізлівай яснасцю ён бачыў зараз, што Галіна як быццам таксама выпала з гэтай плыні і цяпер бездапаможная, разгубленая і як бы аглушаная. Ён ведаў: муж пакінуў яе, жыве яна з сынам адна — цяжка і неўладкавана. Але ён адчуваў таксама, што паміж імі, нягледзячы на сустрэчы, жыве нейкая насцярожанасць, што Галіна нібыта таксама і чакае, і баіцца размовы.
Вельмі хацелася ўбачыць яе такой, якой яна была ў той дзень: лёгкая, наіўная, з белымі гваздзікамі, што прыціскала да грудзей. Але, і разглядаючы фотакарткі дзяцінства, не мог выклікаць у памяці той вобраз — уставалі другія, зусім іншыя хлапчукі і дзяўчаты, і чамусьці гэта злавала яго, як быццам пільна трэба было ўзнавіць і неяк сутыкнуць тыя пласты часу, што звялі іх так даўно, так неадчувальна, так неспадзявана...
Яна сядзела побач, напружана гледзячы ўдаль, думаючы пра нешта сваё. Так і ехалі моўчкі. Каля пясчанага насыпу, дзе пачыналіся каржакаватыя, з мядзянымі стваламі сосны, ён павярнуў направа, на лясную, у выбоінах дарогу. Машына пайшла больш павольна, павеяла з бакоў водарам зацененай, засыпанай хвояй зямлі. Але дарогу няяркае асенняе сонца паспела высушыць, і дробны белы пясочак закурыўся пад коламі, калі яны, буксуючы, адольвалі апошнія кіламетры.
Тут быў пералесак, і, нібыта адцяняючы яго, каля кустоў летам, відаць, раслі буйныя сцябліны іван-чаю. Зараз, восенню, пышныя чырванаватыя суквецці высахлі, на сцяблінах тырчалі белыя, як застыглая пена, султаны, і ад таго пералесак здаўся Пінчуку стомленым і як бы пасівелым. Але лістота на дубах, нягледзячы па жаўцізну, была яшчэ моцнай, вяршаліны пераможна залаціліся ў яркім святле, і дзе-нідзе чырванелі кусты глогу. Дарогу перагарадзіла сасна, вырваная з коранем — відаць, пасля нядаўняй навальніцы, і Пінчук, выходзячы з машыны, уздыхнуў глыбока, з натугай.
— Тут, відаць, бываюць нячаста? — спыталася Галіна, разам з ім згінаючыся, каб адцягнуць убок доўгі тонкі ствол. Яны ўзяліся за яго разам і гэтак жа разам, не згаворваючыся, паднялі цяжкаватую, набраклую вільгаццю вяршаліну, як быццам аб'ядноўваў іх нейкі агульны рытм.
Пасля яны зноў ехалі і спыніліся нарэшце на ўскраіне лесу, каля самага старога, прысадзістага дуба. З паўночнага боку ён быў калісьці цяжка паранены, пакрывіўся і рос цяпер крыху схіляючыся на поўдзень, горбячыся, як чалавек, стомлены пастаяннымі болямі. Нехта летам расклаў пад ім вогнішча, і па целе яго папаўзлі ўверх чорныя падпаліны. I ўсё роўна ён быў прыгожы — крона яго парыла ўверсе прасторна і незалежна, магутныя галіны раскінуліся над зямлёй, як абдымаючы ўсё навокал.
— Крыху правей — і гэты снарад мяне б тут паклаў,— ціха сказаў Пінчук, паказваючы на яміну, што была бачна пасярэдзіне дуба.— А ён, бачыш, на сябе яго прыняў.
Ён быў сёння асабліва негаваркім, і Галіна, нахмурыўшы бровы, усё глядзела на яго, як бы вывучаючы ці чакаючы нечага. Штосьці нават жорсткае было ў яе вялікіх бліскучых вачах. Ён пражыў жыццё, у якім былі гады вайны, у яго гады ўмясцілася ўсё яе існаванне і яшчэ нешта — вялікае, невядомае для яе: цэлых дваццаць гадоў, на якіх ён старэйшы!
Амаль што два яе жыцці... А паглядзець — і не скажаш, каб стаміўся, каб мог так, як яна, часам праклінаць усё навокал, адчуваць гады як шэрую, прыпыленую наскрозь палявую дарогу, якая будзе вось так адзінока і аднастайна віцца, знікаючы некуды ўдалечыні... Іх раздзялялі не толькі гады. Што рабіла яна? Кахала, звяргала куміраў, хадзіла на танцавальныя вечары і ўсё хацела ад жыцця нечага незвычайнага: не то прынца, які павязе яе, нібыта Асоль, у далёкія райскія мясціны, не то героя, за якім паедзе куды заўгодна! А было ўсяго толькі — нараджэнне дзіцяці, рэўнасць, бязглуздыя скандалы і — паступова — адчуванне нейкай беспрасветнасці.
Але ж ўсё магло быць іначай, магло быць асветлена нейкім святлом, напоўнена глыбокім сэнсам — такое азарэнне было, калі бегла з букетам белых кветак да трыбуны! Сярод усіх твараў выдзеліла аднаго яго — сівыя валасы, мяккія, добрыя маладыя вочы — і доўга пасля адчувала пацалунак па галаве, на праборы, якім мама ў той дзень раздзяліла яе валасы, каб заплесці ў косы святочны белы бант. Дарога жыцця ляжала перад ёй такой вялікай, светлай, душа была так напоўнена цяплом і дабрынёй! Чаму ж пасля ўсё гэта некуды падзелася, чаму на змену прыйшло ачарсцвенне, якое яна ўсё стараецца пераадолець і не можа? Няўжо яно нарасло, прыкіпела да душы навечна?!
I раптам нешта як нахлынула на яе — убачыла шаснаццацігадовага падлетка, які паўзе, бяжыць па полі, ратуючыся ад смерці, што слепа і прагна шукае яго! Слёзы пакаціліся па твары, яна хутка торкнулася ў кішэню, шукаючы насоўку, і адвярнулася.
— Ну што ты...— ён падышоў, абняў за плечы.
— Знаеш...— яна гаварыла парывіста, з усхліпамі.— Майму сыну таксама... праз тры гады... будзе шаснаццаць.
Пінчук здзівіўся, не адразу разумеючы.
Яна плакала, а ён бачыў, што светлыя вочы Галіны не цьмянелі — наадварот, нібы нейкая заслона сыходзіла з твару, які рабіўся мяккім, даверлівым.
I тады ён раптам ясна ўбачыў і ўспомніў тую дзяўчынку, што бегла да яго праз плошчу, і яшчэ ярчэй успыхнула ў памяці — тады нядаўна прайшла навальніца, і пад небакраем толькі што паказалася буйная, рознакаляровая, абмытая дажджом вясёлка...
ПЕРАКАТ
Дзевяцігадовага Васю Шкуцьку канчаткова прывезлі з вобласці ў раённую бальніцу — як безнадзейнага.
Замучаны бясконцымі ўколамі, працэдурамі і даследаваннямі, Вася абыякава сядзеў у прыёмным пакоі, паклаўшы бледныя караткапалыя рукі на шэрыя штаны і ўсёй спіной абапіраючыся на белую слізкую сцяну. Непрыкметны твар яго, з носам кірпатым і кароткім, як бульбіна, з шэрым, як кудзеля, чубам, быў спакойны і адрачоны. Толькі калі ля акон спынілася «хуткая» і адтуль, коратка і жвава скочыўшы на зямлю, прайшла ў кабінет галоўурача мажная шыракатварая кабета, ён уздрыгнуў і прыўзняўся. Калі ж з-за тонкай фанернай сцяны данёсся да яго рэзкі, непрыветны голас — на твары яго слаба зачырванеліся плямкі. Жанчына наступала:
— А дзе ж мне за ім глядзець? Самі ведаеце — лён вязуць і вязуць, днямі сяджу на складзе. Не-е, хай ён у вас застаецца! Не маеце права хворага аддаваць! Што? Вы ўрачы, вы і лячыце!
Дзяжурная медсястра скоса зірнула на Васю і ўключыла радыё. Але голас з карычневага карабка быў занадта слабы ў параўнанні з голасам кабеты:
— Ды я разуме-ею! Гэта... не тое што тавар непрыгодны, а чалавек... гэта праўда! Але ж вы спярва яго вылечыце! Як гэта — не можаце? А мне чаго з ім рабіць?!
— Трэба ж, якія маці бываюць! — паківала галавой медсястра і, выцягнуўшы з кішэні цукерку, уціснула яе ў Васіну руку, і немаладыя блакітныя яе вочы пачырванелі і заслязіліся.— Ну што? Відаць, зноў табе быць у нас, хлопча.— Яна адчыніла дзверы і, не чакаючы загаду галоўурача, крыкнула ў расчыненыя дзверы:
— Іванаўна! Хлапчукоўскую бялізну сюды давайце! I ванну рыхтуйце!
Вася стаў жыць у трэцяй палаце — невялікім, на чатыры ложкі, пакоі, што размяшчаўся ў бакоўцы, насупраць перавязачнай і аперацыйнай. Раз у тыдзень, у чацвер, у аперацыйнай з раніцы рабілася тлумна: туды заклапочана заходзіў галоўурач — малады таўставаты бландзін,— за ім яшчэ кагорта ўрачоў, медсясцёр — і да самага вечара нешта рыпела, ляскатала, шыпела ў аперацыйнай, міма дзвярэй Васінай палаты праязджала белая цялежка — туды, пасля назад. Часам бывалі і няпланавыя аперацыі, і тады Вася прачынаўся ад шоргату і галасоў і да самай раніцы не спаў, слухаючы, як ціха перагаворваюцца, выходзячы, хірург і медсястра:
— Кетгуту паболей выпішыце...
— Сасуд зафантаніраваў...