Яна была па-народнаму простая, ад светласці яе — ледзь не заплакаць. Пасля я гэтую песню чуў вельмі часта, можа, нават зачаста, у самым розным выкананні, ад салдацкага крыку на маршы да мілай непасрэднасці маладое салісткі. Сястра спявала не бог ведама як, з удовінай вясковай прастадушнасцю, таксама ціха i сардэчна, як i суседка ў іспанскім аўтобусе. Я падпяваў сястры няпэўна i шчасліва, як быццам, нарэшце, злавіўшы ў варожым шоламе ледзь чутную, вельмі патрэбную хвалю. Песня тая, сёння сусветна вядомая, упершыню прыйшоўшы да мяне, салдата польскага верасня 1939 года, потым ваеннапалоннага, адкрыўшыся мне ў такі трагічны час, ідзе са мною па жыцці, як i ў кожнага, ca сваім успамінам.
Гэта — «Кацюша».
У краіне змрочна загадкавай i так доўга закрытай для нас, на сонечнай зямлі пяшчотна-суровай красы, на радзіме Сервантэса, Гойі i Лоркі, у дзяржаве, што так пачварна засядзелася ў сваім затхлым фашызме — песня яшчэ раз паўтарылася ў маёй душы. Нібы махнулася мне белым голубам у цемры.