* * *
Прачнуўся пад уражаннем учарашняй песні. Не дзіцячай у доме піянераў, а сольнай, жаночай.
Маладая настаўніца Румяна, калі мы вясёлай кампаніяй вячэралі ў рэстаранчыку, спявала старадаўнюю песню пра тырнаўскую царыцу i крыжаносца Балдуіна. Змест песні, у вельмі прыблізнай перадачы, я прыняў толькі цяпер, сустрэўшыся з Асенам, а мелодыя, дух яе зачараваў учора, адразу, i вось паўтараецца ў памяці.
Веліч народа не паменшыла пяцівекавая няволя. Так бывае, калі ёсць сіла любові i вернасці.
Едзем у школу сяла Стэфанава.
...Тут да каравая i солі з папрыкай — яшчэ i сухое віно ў біклазе, з якое трэба глытнуць. I, як усюды, процьма кветак.
Выступленне маё перакладала сямікласніца Жэчка. Не так ужо добра, як міла гаворыць дзяўчынка па-руску. Потым мы з ёю, у прэзідыуме, асцярожна шапталіся, i смелая чарнушка, выдатніца, дачка трактарыста, пахвалілася, што перапісваецца з адной савецкай сяброўкай. Свет усё-такі цесны — тая сяброўка з маіх Карэліч...
А тым часам за сценамі школы крычыць у адчаі магарэ-вослік. Раз-поразу. Але ніхто на гэта не зважае. Проста каларыт.
Учора мы бачылі вослікаў на зялёных абочынах шашы з аэрадрома ў Талбухін. Трава багатая, толькі грызі, а выгляд амаль у кожнага — пакрыўджаны. Толькi што не крычалі, як гэты.
Маці сказала б: «Госпадзі, i чаго цябе носіць па свеце!..» Толькі два тыдні таму назад, у аколіцах Душанбэ, такія ж вослікі, там ужо не магарэта, a ішакі, то крычалі ў спрадвечным адчаі (асабліва адзін, каля дома, у якім я начаваў), то дробненька тупалі пад вялізнымі седакамі ў паласатых халатах. A пазаўчора, у Рударцах, як яны важна цягнулі размаляваныя вазы з малечай. Нешта няўлоўна пацешнае, светлае, цёплае — гэтая іхняя дружба з дзецьмі, ix сумесная праца, што, напэўна ж, i ў казках жыве, i ў песнях, i тут, i ў далёкім Таджыкістане.
* * *
Дзед, удзельнік вайны 1877-1878 гадоў, усё жыццё марыў удосталь напіцца чыстай, халодненькай дабруджанскай вады. Хоць бы перад смерцю. Тут ён напіўся яе, ужо стогадовы, у 1953-м.
Пра гэта нам расказвае адзін з кіраўнікоў стэфанаўскага калгаса. Мы аглядаем цэнтр забеспячэння Добруджы вадой, магутную станцыю, а потым музей.
Сохла Добруджа, петрала вякамі без вады, якую дала ёй толькі народная ўлада.
Каля музея старая груша i кран з халоднай вадой. Побач вісіць чарпак. Тут п'еш не ад смагі, а па-музейнаму. I, між іншым, маленькае адкрыццё: чарпак — ён i ў Балгарыі «черпак». Смяёмся.
З гэтай глыбокай даліны, хутчэй агромністага яра, запоўненага свежасцю вады i зеляніны, едзем да кааператыўных аранжарэяў.
Размах, што ўражае так некачана, як быццам ты i сапраўды не чуў ці не чытаў пра такое. Па трыццаць гектараў пад шклом — памідораў i агуркоў. У год па сотні тон з гектара чырвонага смаку, а па дзве сотні зялёнага. А духмянасць якая ў зялёных тунелях!..
...Брыгадны стан. Ангары для камбайнаў i гаражы для трактараў. Памаўчы ды падумай — зайздросна.
Майстэрні, дзе не занятыя ў полі жанчыны вяжуць з воўны цудоўныя хусткі, кофтачкі, дзіцячыя гарнітурчыкі. Традыцыі народнага ўмельства.
А школа якая — ca светлымі класамі, з выдатна абсталяванымі кабінетамі!..
Што сацыялізм — справа жыццёва неабходная, надзейная, гэта відаць тут па-свойму хораша.
* * *
Курорт «Трити воденици», тры вадзяныя млыны.
Быстрая, звонкая рэчка Батава. Над ярам, дзе многа грабу, выядрыўся маладзічок. Гамоняць жабы, салаўі, зязюлі.
Доўга ідзём па лесе над Батавай да магілы партызана Мішэла Іванава, які загінуў тут у жніўні 1943 года, недалёка ад іхняга партызанскага «бункера».
Па чарзе спускаемся ў гэтую сырую, змрочную яму, свецім сабе запальнічкай.
Мішэлу было дваццаць два гады. Ён з недалёкай вёскі.
...«Душевнобольной» — мяккае, чалавечнае слова пра псіхічнахворага.
Ён сядзеў каля курортнага «млына», слухаючы шум вады, а побач, на стале, ляжаў фотаапарат. Нас пазнаёмілі. Хворы выняў блакнот i ручку, папрасіў мой адрас, спытаўся, што я пішу, дзе друкаваўся па-балгарску, колькі мне гадоў... Пачуўшы «пяцьдзесят пяты», ветліва запісаў толькі «50». Сказаў, што яму трыццаць два, жыве пры бацьках-пенсіянерах, піша вершы, якія ніхто не хоча друкаваць, хварэе на парок сэрца i ніяк не адважваецца на аперацыю.
«Душевнобольным» назваў яго, яшчэ як мы падыходзілі, адзін з калгасных кіраўнікоў. I памяць маю ад гэтага слова кінула да аднаго літаратурнага дакладчыка, які, хочучы ажывіць сваю нудоту, сказаў пра тэму маладога твора, што твор гэты — «пра псіхаў». Нават дадаў: «Во дапісаліся!..» Было i «гы-гы-гы». I на трыбуне i перад ёю.