Жанчын бытта хто раптам падмяніў. Якіясьці прысмірнелыя, з набожным жахам ці захапленнем, а іншыя са звычайнай бабскай цікавасцю шапталі:
— Гэты?
— Гэ-эны!..
— Мой мужык шчэ ўчора мне яго на вёсцы паказваў, цяпер я адразу пазнала!
Народ пачціва расступіўся.
— Ла-аднаго падабралі!..
— Бач, і папяросы курыць!..
— Казалі ўсе, што файны, аж ён такі і е!
— Ах, як у яго валасы кучаравяцца!..
Альяш правёў малайца да калідора, утворанага бабамі. Затым мужчыны павярнулі ў запаветны домік, куды толькі што зайшла Хімка з Нюркай.
З узвар'яцелымі вачыма ад раптоўнага прыступу ўзбуджа-насці, з енкам некалькі бабак рынуліся да божага жаніха.
— Ой, пусцеце мяне гэтыя святыя но-ожанькі па-цалава-аці!..— хапілі яны хлапца за боты.
— Дайце мне гэтыя святыя ру-учанькі-і... Каменячос выплюнуў на баб цыгарку, усміхнуўся, бытта ад козыткі, ды, паказаўшы вішнёвыя дзёсны і моцныя зубы, агрызнуўся:
— На, на, дурная, цалуй, думаеш, шкада мне?!
Жанчын адвалаклі, Хрысціна іх сурова аблаяла:
— Не выцерпяць ужэ! Бы маленькія, дальбо!.. Гэтым можно сапсаваць усенько!..
— Хоць ты, дальбо, сосачку ўткні нікаторым у зубы! — дапамаглі іншыя.
— Сорам!.. Калі ўсе мы так пачнемо вычаўпляць, бабы, то — ніц не будзе! — кляйміла іх Хрысціна.— Гуляці сюды папрыходзілі?.. Можна было і не ісці таму!..
Жанчыны спаважнелі.
Зніклі тым часам за дзвярыма і Альяш з «Архіпатрыцыем». Павернутая да дзвярэй гурба баб застыла ў напружаным чаканні. Званары наматалі на рукі вяроўкі ды пільна цікавалі ўніз.
— Моляцца яны там дзесь само!..— праказала сваю здагадку ўслых Піліпіха, упала на калені і пачала маліцца.
Жанчыны спаважнелі яшчэ больш.
Праз мінуту да народу выйшаў Альяш з Хімкай, і яны спыніліся на ганачку. Хімка трымала запаленую свечку, а ў няласкавага, хмурага, амаль панурага чалавека, якім прарок заўсёды бываў на людзях, на гэты раз твар прамянеў цёплай усмешкай дабрака — бытта ён гатовы быў шчодра дарыць усім людзям яшчэ не адно такое блага, якое толькі што ім адпусціў.
— Брацця і сёстры,— праказаў Альяш ціхім голасам у напружаныя твары.— То пастаньмо цяперака ўсе на калені ды памолімса богаві!.. Хай ужэ гасподзь праявіць сваю міласць, сатварыць таінства сваё!..
Людзі рухнулі ў пясок на калені і зашапталі «Верую», хто «Радуйся, дзева Марыя!», хто «Ойчэ наш». Праз нейкі час бабы з эмацыянальным уздымам цягнулі да неба рукі ды крычалі:
— Ісусе, прыйдзі!
— Спашлі сваё знаменне, сыдзі з неба ў Нюрку, божа!
— Выслухай лішня смелыя малітвы сірот сваіх, унемлі просьбам іхнім, госпадзі!
— Дай ім лёгкае зачацце, госпадзі!
— Блаславі святое чрэво, у якім будзе другі сын твой расці! — заглушала ўсіх сваім дыскантам Хрысціна.— Блаславі сасцы даражэнькія, якія стануць яго карміць! Блаславі вусны анёльскія, што будуць яго мілаваць! Блаславі рукі, якія насіць яго будуць! Блаславі голас яе чысты, што лашчыць дзіця будзе! Блаславі рабыню божую, Нюрку Сабэсюк з Забагоннікаў!