— Такога нават і ў паноў не бачыла!..
— О! рэдкая матэрыя! Калі будзеш, Нюрачка, ісці, то ўжэ не надто напінайса, тады краі вісецімуць добро!
— Каб не забыць адно!..
— Толькі той бяды, калі забудзеш!..
Дарагія панчохі на тоўстую лытку маладой не вельмі налазілі, жанчыны збаяліся, што парвуцца, і цётка загадала нявесце лакіраваныя туфлі абуць басанож.
— На дварэ — лето, Нюрачка, абыдзешса без іх, цалейшыя будуць!
— Цяпер нават так і паненкі ходзяць па гарадах, сама ў Гродне бачыла, калі з татам бульбу лоні вазілі! — падбадзёрыла сама сябе дзяўчына.
— Толькі ног не мачы, бо набрыняюць адразу... Вытры іх насухо, калі ўжэ ўсадзіла ў ваду! На, выцірай гэтым! — кінула цётка старую кашулю.
Але дзяўчына ўжо была занятая другім. Нібы разглядваю-чы сябе ў люстэрку, Нюрка насцярожана пацікавілася:
— Цётко, а ён, кажуць, надто велькі, праўда?..
Не дачакаўшыся адказу, пырснула смехам:
— Каб не задушыў шчэ, чаго добраго!..
Хімка падумала і адказала не адразу:
— Мой бьгў таксамо мажны мужчына, царство яму нябеснае!..— перахрысціла яна лоб.— I мне здаваласо — такі здаравяка ўлезе да цябе ў ложко, наваліцца і задушыць!.. Ажно ён лёгкі надто быў... Ой, лёгкі, бы хлопчык!..
Зноў абедзве прамаўчалі.
Праз вокны стала чуваць, як па вуліцы з гоманам прайшла на цвінтар новая група плянтаўскіх баб, толькі ні цётка Хімка, ні Нюрка іх не чулі — кожная перажывала сваё.
— Уй, што скажуць бабы з Забагоннікаў, калі даведаюц-цо!.. Што мама пачнуць гаварыць, што скажуць сёстры мае!..— пакруціла галавой Нюрка.— Я то, дурная, хоць і згадзіласа на гэто, не надто думаючы, але не знаю, не знаю, не ведаю, цётачку, што шчэ будзе!..
— Усе маліцімуццо за цябе! Жартанькі, такое дасі людзям — божае дзіця прывядзеш!.. Пра гэто адно ў Бібліях розных ды Івангеліях святых пішуць і з паперці бацюшкі ды архірэі ў пропаведзях расказваюць!..
Дзеўка цяжка ўздыхнула.
— Шчэ я так козтыкі баюсо — не дакраніса, як яно ссаці ў мяне будзе!
— Так адно бывае, калі цябе казыча хто чужы! Як сваё дзіця кране — не пачуеш!
— Не выду-умваеце?! — недаверліва перапытала Нюрка, бытта гэта быў самі важкі аргумент для поспеху ў яе будучай, гэтак незвычайнай, ролі.
— Вядомо. Тваё цело, твая крывінка — сама ж ты сябе не баішса, казычы не казычы!
— Дальбо, праўда...
Жанчыны апусціліся на калені перад іконай дзевы Марыі, пачалі горача маліцца:
— Ойчэ наш, іжэ ясі на небясі, да свяціцца імя тваё, да прыйдзе царство тваё, да будзе воля твая!..
— Амант! — Хімка ўстала першай і паглядзела на Нюрку: — Ну, пойдземо, пойдземо... Як ужэ яно там будзе! Чакаюць, мусі, яны з Альяшом там ужэ...
Дзяўчыну раптам агарнуў панічны страх. Яна заляманта-вала не сваім голасам:
— Ой, ой, што ж гэто я нарабі-іла, дурна-ая!.. Не пайду-у, цётачку, хібо я здурэ-эла?!
— Ну, будзе, бу-удзе табе, Нюрка, вытрыса, на, хутчэй, нас там чакаюць!..