Людзей ужо разбіралі дрыготкі, на тварах з'явілася нена-туральная сарамлівасць. Мой таварыш, вучань настаўніцкай семінарыі, які назіраў тую сцэну цвярозымі вачыма, падобнае потым яшчэ раз бачыў у вёсачцы Лука (пра што будзе сказана ў свой час). Семінарыст і не падазраваў, якім валодае ўяўленнем. Шалёны калектыўны псіхоз гэты быў такі моцны, што начытанаму хлапцу-атэісту раптам зрабілася страшнава-та, пачало здавацца — вось-вось сапраўды здарыцца нешта незвычайнае!!!
Мабыць, таксама і тысячу гадоў таму назад, у часы глыбокага язычаства, рыхтуючыся да «ночы кахання» на Купала, паспытвалі ўзнёслую радасць, незразумелую ўзбуджанасць ды адчувалі сябе часткай маці-прыроды па-дзяцінаму даверлівыя мае далёкія прашчуры: дрыгавічы старажытнай Прынёманшчыны — краіны дзікіх пушчаў і непралазных балот!
Раптам гэты звар'яцелы, шматгалосы гоман брытвай паласнуў прарэзлівы жаночы віск:
— Га-а-а!..
Некалькі секунд вакол доміка панавала неўразумнае, напружанае маўчанне. Потым з грудзей баб вырваўся раптоўна ўздых палёгкі.
— Нарэ-эшце!
— Усё-о!..
— Здзейсніласо!..
— Бом!.. Цялям-цялям-цялям! — ударылі ў вушы, пахіснулі паветра і ўрачыста панеслі навіну магутным акордам у бязмежную даль чатыры грыбоўшчынскія званы.
— Госпадзі, дзякуй табе, што ўважыў нас!..
— Бом!.. Цялям-цялям-цялям!..
— Хвала табе, хвала вавек!..
— Бом!.. Цялям-цялям-цялям!..— ударалі па сэрцах і мазгах, выціскалі адзін аднаго ў неба ўсё новыя гукі металу.
Ашалелыя бабы завішчалі ад шчасця.
Альяш спакойна, нібы такое ў яго Вершаліне адбывалася кожны дзень, устаў з каленяў, паназіраў увесь гэты гвалт. Затым, не то з асуджэннем, не то ад здзіўлення, стары паківаў, паківаў галавой ды зноў патэпаў у дамок.
Засланяючы свечку далонню, каб не пагас агеньчык, падалася за дзядзькам і цётка Хімка.
Баб стала расбіраць цікавасць. Яны памкнуліся да ганачка, павыцягвалі шыі, з бессаромнымі ўхмылкамі, знямоглыя ад нецярплівага чакання, закрычалі:
Раздзел другі
Новая божая маці зажыла ў Грыбоўшчыне, што каралева. «Святыя дзявіцы» Нюрку паілі, кармілі ды ледзь на руках не насілі, а сотні сектантаў і сектантак ад Беластока да Валыні, ад Наваградка да Бельска і Пастаў маліліся за яе здароўе ды паспяховае развіццё плода ў святым чэраве,
— Ото ж смеху будзе, як Нюрка дзеўку родзіць! — рагаталі ў Грыбоўшчыне на прызбах і каменнях мужыкі.— Куды яе Альяш падзене тады?!
— А то шчэ тройня родзіцца!
— Што думаеш?.. Жарты — такі жарабец!..
— Альяш гаворыць — родзіцца дзіця, адразу і канец свету настане. Так яно ж грудное шчэ будзе, што з яго за Хрыстос?! Ці здурэў?!
— I сабор узяўса будаваць шчэ!.. Калі ты чакаеш таго свету і раю, то нашто выдатак дарэмны?
— Стары баламут — сам не разумее, куды яго заносіць, хочаш зразумець ты? — разважаў Базыль Аўхімюк.— Не ламай галавы з-за глупстваў! Унь, што на свеце робіцца!..
—О! у газеце пішуць пра велькія баі ў Гішпаніі — фашысты бяруць верх!.. Па вёсках збіраюць помач...
— Дапамаглі!.. Усёй Польшчай рэспубліцы сабралі 100 000 злотых, а наш Клімовіч у год адзін пускае на вецер больш!..
Ні насмешак, ні сур'ёзных разважанняў, ні таго, што робіцца на свеце, багамолы не слухалі. Абшчына жыла ў сваім мікраклімаце. Не толькі Нюрка чакала свайго дня — у Вершаліне на свет рыхтаваліся з'явіцца цэлыя касякі апасталят. Прарок з усім гэтым даўно змірыўся.
Святая рада падвучыла свайго шэфа, каб ён для «трэціх свяшчэннікаў» падключыў тэхнічныя сродкі. Апостал Давідзюк закупіў амаль цалкам друкарні — Мішэндзіка ў Беластоку і Каплуна ў Гродне. Аляксандар цяпер з іх не вылазіў і масавымі тыражамі выпускаў літаратуру.
Вось некаторыя назвы тых шэдэўраў: