О, сіла харавога спеву!.. Калі рэлігія — опіум народа, то опіуму гэтага найбольш таіцца ў царкоўнай песні!..
Мелодыя мацнела, дасягнула свайго максімальнага крэшчэндо, і ўжо здавалася, што яна запоўніла неабсяжны акіян глыбокага неба, дасягнула сонца, а ўдзельнікі ўрачыстасці не адчувалі нават пад сабой грунту. Поўныя надзеі і магутнай сілы, якая налівала іхнія душы, яны, даведзеныя да грані мроі і рэчаіенасці, нібы апынуліся ў перагрэтай ласкавымі і шчодрымі промнямі бязбрэжнай высі.
Архірэй ужо без перашкод увайшоў у перапоўненую прахалодай і церпкім пахам бярозавага ліста царкву, прыклаўся вуснамі да Альяшовай іконкі — маці божай з Чэнстаховы, не падаючы і выгляду, што яна каталіцкая. З блюда ўладыка павольнымі рухамі ўзяў крыж, а ў гэты момант бацюшка з Вострава, айцец Якаў, накінуў на яго ліловую мантыю, ды епіскап прыступіў да службы.
Неўзабаве два дзесяткі бацюшак у раззалочаных рызах на чале з архірэем, як належыць, учынілі таінства. Яны гэтак жа ўрачыста, прыгожа, без запіккі, зладжана — нібы ўсім спектак-лем зверху кіраваў нявідны дырыжор — адспявалі, адмаліліся, паволі і велічна абышлі новабудоўлю з крэсным ходам, абкурылі ладанам уквечаныя гірляндамі з дзеразы сцены і, нарэшце, прысвоілі цэркаўцы імя святога Ільі.
Антоній выязджаць з Грыбоўшчыны не спяшаўся, прабыў у вёсачцы некалькі дзён.
Усе царкоўныя хоры былі завалены кужалем ды іншымі непапулярнымі ў гандляроў падарункамі. Архірэй правёў інвентарызацыю, арганізаваў фурманкі і дзесяць кіламетраў кужалю, паўтары тысячы ручнікоў ды пару соцень ваўняных дываноў абозам вялізным адправіў у Гродна.
— Манастыры ўсёй епархіі будуць мець бялізну цяпер надоўга! — аб'явіў ён, узрадаваны, сакратару, не могучы сабе дараваць, што з'явіўся так позна.
Тады ўладыка загадаў парабіць скарбонкі на грошы ды расставіць іх пад святыя іконы і каля ямаў, адкуль пілігрымы набіралі ў хусцінкі святы пясочак.
Архірэй забараніў і блізка падпускаць да царквы крынкаўскіх гандляроў, а ўсё неабходнае, нават свечкі і нафту, паабяцаў выдаваць з кансісторыі.
Абраз маці божай з Чэнстаховы — памяць Юзэфіны — памясціў у самы далёкі куточак.
Побач з цэркаўкай уладыка выбраў месца для філіяла гродзенскага манастыра, і землямер нават паўбіваў ужо кіёчкі.
Затым Антоній прыступіў да прыняцця грыбоўшчынца ў манахі. Пабаяўшыся, што дзядзька выкіне які-небудзь фокус, абрад скарацілі да мінімуму.
Два архімандрыты падвялі да ўладыкі Альяша ў адной бялізне. Падалі паднос з ножніцамі.
— Возьми ножницы и да-аждь ми я-а!..— рэчытатывам загадаў уладыка.
Альяша хоць і вучылі перад гэтым, ён пераблытаў усё і загаду не выканаў. Уладыка сярэбраныя ножніцы сам тры разы кінуў на зямлю, сам іх падняў, падрэзаў дзядзьку лохмы крыжам і даў яму імя — Іаан. Прысутныя бацюшкі праспявалі тры разы — госпадзі, памілуй! — напялілі на старога падраснік, і на гэтым пастрыжэнне скончылася. ,
Службу ў царкве архірэй даручыў весці бацюшку з Вострава — айцу Якаву. Будынак загадаў Альяшу здаць пад распіску протаіерэю крынкаўскага сабора — айцу Савічу.
У памочнікі новаму Іаану ўладыка прыставіў маладога ігумена Серафіма з трыма манахамі, якіх прадбачліва ўзяў з Гродна.
Зрабіўшы ў вёсачцы столькі пературбацыі, уладыка ў апошні дзень прастаяў з раніцы да абеда на паперці, даючы магчымасць бабкам абслюнявіць пацалункамі сваю мясістую і валасатую дзясніцу, цётак блаславіў і тады адправіўся дамоў.
Самае парадаксальнае, што ва ўсім гэтым спектаклі, які выклікаў не то авантурыст, не то фанатык, не то ўпарты самадур ды ўцягнуў у сваю гульню тысячы цёмных і абяздоленых сялян, часамі нават перадавыя людзі бачылі нешта такое, з-за чаго сімпатызавалі грыбоўшчынскаму дзіваку, а сэрцы іхнія пачыналі ў грудзях часцей біцца.
Тлумачыцца ўсё проста.
Пры тым страшэнным беззямеллі, якое цярпелі нашы перанаселеныя вёскі, праваслаўная царква ў Польшчы валодала 142 тысячамі гектараў (стан на 1932 г.)! Бацюшкі паходзілі з багацеяў. Летам, калі мужыкі з жанкамі і дзецьмі надрываліся ў полі ад цямна да цямна, на іхніх вачах матушкі з гладкімі папоўнамі вылежваліся ў цянёчку. Сем'і свяшчэнні-каў харчаваліся кожны дзень так, як сялянскія толькі на вялік-дзень, а іхнія дзеці вучыліся ў гімназіях — разам з дзецьмі багацеяў.
Урад праводзіў палітыку акаталічвання і паланізацыю беларусаў. Варта было яму выказаць пажаданне, і ў цэрквах адразу папы сталі службу весці па-польску; толькі пагроза ўсеагульнага непадпарадкавання прыхаджан прымусіла-такі іх чытаць пропаведзі па-ранейшаму.
Які мог аўтарытэт мець бацюшка ў працавітага, зайздрос-нага, чулага на сацыяльную несправядлівасць і прызвычаенага да самастойнасці мужыка Прынёманшчыны, у галаве якога скрозь пласты містыкі, забабонаў і цемры пачалі ўжо прабівацца першыя расткі класавай свядомасці?
Поп — прадстаўнік труслівага праваслаўя, гісторыя якога амаль не ведае канфлікту паміж уладай свецкай і царквой,— для больш свядомых сялян быў не толькі тым самым папам, але яшчэ і ненавісным прыслужнікам каланізатараў. На вёсцы не было больш высмеянай і заклеймаванай анекдотамі ды прымаўкамі асобы. А на свеце так заведзена — калі твайму смяротнаму ворагу падставіць ножку чалавек і не вельмі блізкі, ты ўзрадуешся яго поспеху, чалавек стане табе мілым.
У Грыбоўшчыне здарылася штосьці падобнае.
...Айцец Серафім з манахамі пасяліўся на вёсачцы і бытта бы стаў дапамагаць Альяшу.
Ад архірэя не адстаў віленскі каталіцкі епіскап — ён для раўнавагі адправіў туды «Жывыя Ружанцы» 6.
Вёска, дзе ўчынкі кожнага чалавека на віду, цяпер займела новую тэму для плётак.
Да Чарнецкіх зачасціў вечарамі сам ігумен Серафім — малады і прыстойны мужчына з чорнай густой барадой і з буйнымі белымі зубамі. Часу для размовы з госцем гаспадары надта не мелі, трэба было якраз карміць жывёлу, даіць кароў: ігумен цярпліва гуляў з малымі.
Гуляў айцец Серафім з дзецьмі Чарнецкіх да той пары, покуль не з'яўлялася Зоська з «Жывых Ружанцаў». Апранутая ў кракаўскі кажушок, не ўзнімаючы на мужыкоў вачэй, будучая манахіня пачынала раздаваць малым ласункі, бралася рабіць ляльку з анучак, а Серафіму ў гэты момант прыспічвала якраз адпраўляцца дамоў.