...Калі яны пад'язджалі да Вільні, у вагон уварваўся хлопчык з газетамі і пракрычаў:
— Незвычайная навіна — прэзідэнт у Гродне!.. Купляйце экстра-выпуск за дзесяць грошаў!
Мікалай падаў хлопчыку манетку.
— Ну, ну, што паны там пішуць — давай паглядзім! — разгарнуў ён паперу і пачаў чытаць. — «Праз цяжкія, алавяныя хмары, якія некалькі дзён віселі над горадам, раптам прабіліся радасныя промні сонца! Трыумфавала прырода! Трыумфавалі і ўзрушаныя сэрцы гараднян на думку, што ў іхні горад прыязджае Пан Прэзідэнт ды выпадзе ім шчасце правесці хвіліны найвялікшага хвалявання, адчуваць побач Найбольш Дастойнага Чалавека Рэспублікі!..» Ах, брахун прадажны, як лоўко размаляваў! — дзівіўся Мікалай, апускаючы пару абзацаў.— «... Але ж ці можа быць большая асалода, ці можа чалавека спаткаць вышэйшая ўзнагарода, як у знак любві і павагі да Маестата скласці ў Дастойныя рукі Найшаноўнейша-га Грамадзяніна Рэчыпаспалітай сімвалічны падарунак. Чэсць такую атрымалі: фабрыкант Старапольскі, памешчык Трусаў...», такі і такі... Халера на вас!.. «Мужыкі з вёскі Грыбоўшчына...» Што-о? З Грыбава?! — анямеў Мікалай.
Ад раптоўнай здагадкі анямелі на хвіліну і яго сябры.
— Дак во куды яны кужаль перлі! — паківаў галавой меляшковец праз мінуту.
— Ну-у, Хімачка, швагер цябе ў дом цяпер не ўпу-усціць! — пагразіўся Мікалай.— Ты бачыш, такая сабе святая і добрая, ды — на табе, куды занясло!
— Цьфу, халера, шчэ і на іх возе ехалі!.. А не прызналіса!..
Цягнік прыбыў на месца. У вагон уварваўся ў «рагатыўцы» з малінавымі кантамі чыгуначнік, спытаўся:
— Хто тут сваякі Шыдлоўскага?
Гродненцы азваліся.
— Шлюс, калегі, ваш з'езд адмянілі, холера ясна! Дэлегатаў ловяць! Ого, нашыя паны дазволяць такую вольнасць — збірацца і штосьці вырашаць тым, каго лічаць слугамі і парабкамі: фігу з макам!
— А як жа мы? — разгубіліся хлопцы.
— Не высоўваць носа адгэтуль, тут вы покуль што бяспечныя. Гліне і ў галаву не прыйдзе, што вы аж так нахабныя: ехалі кур'ерскім з самім панам прэзідэнтам! Калі вагоны адвалакуць у парк — ходу ў Парубанскі лес!
Раптам скончыўся ў нашых хлопцаў запас сілы, Грыбоўшчынскі Альяш ды іншыя праблемы адышлі ўжо на задні план. Дзе правесці ноч, як абмінуць аблаву, як пераадолець дзве з палавінай сотні кіламетраў?
Раздзел пяты
Праваслаўнае духавенства не магло не бачыць, якую папулярнаець мае Клімовіч у паствы, але доўгі час глядзела на прарока скрозь пальцы. Калі ж дзядзька пабудаваў сапраўдную царкву, яно стала перад дылемай: сектант, раскольнік, самадур, а храма яго нікуды не дзенеш, што рабіць?
Глядзелі на самазванца адзін год, глядзелі другі...
Каб не апынуцца ў дурнях, не адбіць ад сябе веруючых, каб палажыць лапу на Альяшова багацце духавенства вырашыла дзейнічаць. Настаў дзень, і ў глухую вёсачку на шыкоўных лімузінах з Гродна пакаціў сам архірэй са світай — уладыка Антоній.
Архірэі, як вядома, для эфекту прымушаюць веруючых су-мысна сябе доўга чакаць. Але ў Антонія на гэты раз была такая пільная справа, і так ён да яе спяшаўся, што ў Грыбоўшчыне з'явіўся раней нават вызначанага часу і свайго амерыканскага «хрыстлера» з тонкімі, аблітымі белай фарбай спіцамі ўладыку давялося спыніць у бліжэйшым хвойнічку ды чакаць.
Сотні басаногіх падшыванцаў абкружылі машыны, якія яшчэ дыхалі перагрэтым маторам, вострым пахам бензіну — дзеці пажыралі сур'ёзнымі вачыма доўгавалосых папоў — не папоў, дзядоў — не дзядоў. — Па-ам! — пасігналіў ім архірэйскі шафёр. На хвіліну як бы памяняліся яны ролямі. З сур'ёзнасцю дарослых хлопчыкі ламанулі ў поле, а самавітыя барадачы па-дзіцячаму рассмяяліся. Нарэшце прыбыла дэлегацыя мужыкоў. Дастойны госць у адну руку ўзяў архірэйскі жэзл, у другую — сярэбраную дараносіцу, што вёз у падарунак новаму храму, і дазволіў сябе выняць з машыны. У свежых ад дзёгцю ботах, у раз на год адзяваных касцюмах, паголеныя і маладжавыя дзядзькі няўклюдна ўзялі ўладыку Антонія пад рукі і павялі на святы ўзгорак, дзе з напружанай цікавасцю чакаў іх людскі мурашнік — добрых тысяч дзесяць сялян на чале з Альяшом. Напярод архірэя забеглі падвучаныя нашай Хімкай малыя дзяўчынкі ў белым адзенні і пачалі ўсцілаць дарогу дарагому госцю пялёсткамі язміну.
Стаяла цудоўнае, як па заказу, надвор'е. Увесь дзень яшчэ быў наперадзе, прыпякаць толькі пачынала. У ласкавым небе — ні хмурынкі.
Да застылага ў напружанай цішыні натоўпу паволі рухалася працэсія. Малыя ў белых сукеначках з дзіцячай грацыяй апаражнялі кошычкі, шчодра сыпалі беленькі сняжок. На чале світы пратадзіяканаў і бацюшак, трымаючы дараносіцу і жэзл перад сабой, па пялёсткавай сцежачцы з урачыстай паважнасцю крочыў архірэй. Залаты роспіс вопраткі ўладыкі, цэлага сінкліта пасярэбраных сціхароў і рыз іскрылі на сонцы, нібы абсыпаныя брыльянтамі, а ўжо дараносіца гарэла агнём і сляпіла вочы.
Маўклівы натоўп пасярэдзіне раскалоўся. У гэтай шчыліне дужыя мужыкі ўзяліся за рукі, утварылі ланцуг, і архірэй увайшоў у людскі калідор. Кожны чалавек хацеў нешта бачыць — ён пнуўся як мог, таму па баках хвалявалася хісткае мора галоў. Ад нецярплівага трапятання незлічоных ног узняўся пазалочаны промнямі жоўты пыл і, нібы жывым німбам, ахінуў гэтую працэсію багацця, пышнага бляску, павагі і размаху.
Стыхійная маса напірала і нецярпліва гула, як вялізны пчаліны рой, які раптам пачаў раіцца і бзынчаць вакол маткі.
Ужо здавалася, спружынены ды агорнуты нестрыманай цікавасцю сялянскі трапяткі гурт перакуліць слабенькі ланцуг мужыкоў, захлісне, затопча архірэя і сатрэ яго світу, ды на падмогу прыйшла цётка Маруся — старога Русяля жонка. Хрысцінінай маці было ўжо гадоў з восемдзесят, але яна раптам зычным і ма-аджавым голасам зацягнула:
Досто-ойно е-есть, яко воі-ісціну-у...
Хрыеціна з сёстрамі, царкоўны хор і тысячы жанчын толькі чакалі сігналу,— падхапілі песню, і галасы іхнія зліліся ў магутны выбух:
Блажы-ыці ця, багаро-одзіцу!..
І просценькая мелодыя, адшліфаваная сотнямі пакален-няў такіх жа спевакоў, магія незразумелых і старажытных слоў захліснула людское мора.