— Бы глухі, дурны!..
— Пане, але, каб вы бачылі, які ён быў раней!.. Ці ён так гаварыў з народам тады, спытайце вы яго!..— дапамагала Піліпісе тая цётка, што шкадавала авечак.— Я да яго з хворай дачкой паўзу, то ён мяне крыжам сваім так і ўдарыў па галаве маёй!.. Во сюды!..— зняўшы хусцінку, цётка таропка паказала пальцам, а голас яе ад жалю зламаўся.— Жалезным!
— Ох, якія ён з нас збыткі рабіў!
— Нам казаў маліцца, а сам з тымі сваімі апостала-мі, ашуканцамі,— ні ў бога ні ў чорта не верыў!..
— З Парыжа віны і лікёры выпісваў!
— Папілі-і, пабалява-алі нашым потам і слязьмі, а людке-е ж вы мае! — з асалодай помсціла былому сябру касцістая і высахлая, як леташняя былінка, цётка Піліпіха.— Ён нават каханку сабе завёў!
— От, шчаміло, ніяк не адстане ад старого! — бурчала Макарыха, баючыся пярэчыць адкрыта, каб гэтыя бязмозглыя курыцы не выдалі хлапца.
— Мужа яе забіў, у яму заваліў, і паны яму за гэто нічого не зрабілі!
— Юзікава хрышчоная маці, ля, і цяперака ўбіваецца па кросным сынаві, а гэтаго за забойство чалавека толькі тры ночы ў халоднай патрымалі!
— Бо з панамі за адно быў!
— За адно-о, дальбо, за адно-о!..
— Трымаў увесь час іхнюю руку!..
— Антыхрыст, нячысты!.. Вы, пане, немцы,— людзі справядлівыя, вы яму не дару-уеце!..
Покуль наіўныя бабкі гэтак жаліліся фашысту, нямецкі афіцэр меў свой клопат. За сённяшні дзень лейтэнант ператрос пятую лясную вёсачку, але камуністы яму не трапляліся — хоць ты не вяртайся ў часць! Афіцэр у момант сябе ўпэўніў — у крайнім выпадку і гэты можа сысці за таго, хто патрэбен. Так дружна цвярдзяць пра яго бабкі, як пра злачынца, недарма.
Немец кіўком бліскучага пальца паклікаў дваіх салдат. Паказваючы ім за гумно з новай страхой, кінуў:
— Эрледыген! 11
— Яволь, гэр командант! 12 — стукнулі абцасамі падцягнутыя салдаты.
— Альзо, лёс!.. 13
Маладым фашыстам, якім афіцэр выдаў загад, рукі аж свярбелі да расправы з «ворагамі нацыі», Яны ахвотна і з юнацкай жвавасцю павялі дзеда за пакрытыя саломай будынкі. Пра тое, што фашысты гэтак скорыя на расстрэлы, тады ў нашых краях яшчэ не ведалі, і бабы нават не падумалі, чаго павялі Альяша. За імі ўвязаліся цікавыя хлопчыкі.
За гумном удавы Макарыхі, з якога праз шчыліну глядзеў на ўсё ні жывы ні мёртвы паранены Васька Лужын — будучы гутаміхалінскі партызан,— немцы спыніліся і загадалі Альяшу прайсці крыху ўпярод. Дзядзька Клімовіч з паслухмянай гатоўнасцю таропка зрабіў крокаў з восем у бок свінаматкі з рабенькімі парасятамі, спыніўся сярод высокай і сакавітай лебяды, якая буяла на леташніх бульбяных ямах, і азірнуўся.
Салдаты ўскідвалі на рукі аўтаматы.
— Вэг! 14 — гыркнуў немец на малога, каторы забег наперад і апынуўся на адной лініі з дзедам.
Альяш падумаў, што крычаць на яго, і з той самай гатоўнасцю ды хлапечай паспешлівасцю памкнуўся бліжэй да будынка, чым угнявіў немцаў яшчэ больш.
— Цурык, фэрфлюхтэ, абэр — шнэль!.. 15
Дзядзька пакорна вярнуўся ў густую лебяду зноў, дзе ўжо ў халаднаватых бадылях з вачыма пакутніцы .развалілася і ціха енчыла свінаматка, бо яе бязлітасна таўклі ды заўзята смакталі шустрыя парасяты.
Альяша прымусілі доўга чакаць.
I наогул усё гэта было надта падобнае на тое, як фатограф Бэрка ў Крынках устанаўліваў пад аб'ектыў кліентаў перад вайной. Дзядзька нават прыпадняў галаву і глядзеў, не міргаючы вейкамі. Ён нагадваў у тую хвіліну падточаны мурашкамі і нікому не патрэбны кавалак кары старой асіны — сухі, маршчыністы, з іржавым рабаціннем, якім былі ўсыпаны яго старая шыя, лоб, твар і нават вушы,— з сівой і раскладзістай барадой, у новай касаваротцы з шэрага корту, у апорках на босую нагу з фіялетавымі пражылкамі на азызлай скуры чалавека, які ўсё жыццё недаядаў.
Салдаты меліся яшчэ толькі карміць вошай у акопах Усходняй Еўропы, мерзнуць у лютых марозах, ірваць кіпцюрамі і грызці зубамі аледзянелую на сталь сырую зямлю, хаваючыся ад «кацюш» і бомбаў, сцякаць крывёю да ўтраты прытомнасці ды галадаць, а покуль што для гэтых бязвусых і бравых юнакоў у ладных мундзірчыках колеру фэльдграў вайна ўяўлялася экзатычнай і рамантычнай прыгодай ды цікавай гульнёй.
Каб парысавацца перад хлопчыкамі, адзін немец у апошнюю хвіліну ўздумаў мяняць ражок аўтамата і зашчоўкаў, заляскаў зажымамі, бо ў яго бытта заела там штосьці... і
Нарэшце салдаты падрыхтаваліся.