— Ну, Мікалай Ляксандравіч, то дзе твая Біблія пра Клімовіча?.. Усё друкуецца ў Гродне?
— Друкуецца, айцец Ілья...— няўпэўнена пацвердзіў Мікалай, яшчэ не разумеючы, для чаго стары пытаецца. На ўсялякі выпадак азірнуўся — як далёка Судэцкі.
— А-а, доўго як калупаюццо тыя друкары!.. Мабыць, тоўстая надто будзе?
— Не малая...
— I я кажу!.. I з малюнкамі?..
— I іх нямного...
У няёмкім напружанні яны крыху пастаялі моўчкі.
— Ты паглядзі, і кіёчак у яго які файны!.. Ну, ну, пакажы, Ляксандравіч!.. А як ён у руцэ — ёмкі і моцны?.. Кажуць, у кожнаго кія — два канцы, праўда?.. Пакажы.
Разгублены Рэгіс кій падаў.
— Сухі ядловец, айцец Ілья. Не ўступіць і жалезу!
Альяш раптам хлабыснуў Мікалая сучкастым ядлоўцам па галаве і закрычаў:
— Вон, падло, з Грыбоўшчыны!
Далей стары гнаўся за Рэгісам па вёсцы, лупцаваў яго і прыгаворваў:
— Вон, гіцаль!.. Вылюдак ты паршывы!.. Хрыста-прадаавец!.. Цацалі-іст!.. Думаеш, не ведаю, што цябе архірэй сюды падаслаў?! Стасік, загані яму шроту ў задніцу!
Судэцкі ліхаманкава пачаў нацягваць пальчаткі, якія прыліпалі, як назло, да потных рук і не лезлі. Нарэшце з пальчаткамі ён справіўся.
— Рыхтуйсь! — прагучала на падворку каманда зноў.
— Шчоўк! Шчоўк!..— клацнулі ўзведзеныя куркі.
— Плі!
Пасля залпа, як каляровыя пырекі, з дзікім кудахтаннем разляталіся куры, а перапалоханыя насмерць грыбоўшчынскія цёткі хапалі з вуліцы малых і неслі іх у сенцы.
Гэтак жа прапёр Альяш і Бельскага з Ломнікам.
...Рэгіс падаўся на Брэстчыну і ў Жабінцы адкрыў сваю секту. Ломнік неўзабаве прастудзіўся і памёр. Павел на магільны крыж у Міхалове памясціў сябру надпіс: «ЗДЕСЬ ПЛОТНО УСНУВ И ТЕЛОМ В ПРАХ ИСТЛЕВАЕТ ПАСТЫРЬ ВСЕХ ПРАВЕДНЫХ ОВЕЦ».
Пахаваўшы сябра, пянькоўскі паэт Бельскі паехаў у Гродна і паступіў на працу ў пахавальную фірму пана Лютэранскага з абавязкам складаць тэксты для надпісаў на помнікі. На каталіцкіх могілках яшчэ і сёння можна прачытаць перлы яго творчасці. Мужыку, якога задушыў бугай, Павел на мармуровай пліце памясціў такія словы:
Расправіўшыся з царквой і памочнікамі, Альяш спакою не зазнаў. Невядома каму пагражаючы, у злосці ён цяпер часта любіў паўтараць:
— Хай яны падохнуць усе, хай гніюць, гэтыя лахудры, калі мяне не дастойныя!..
— Хай пераўтворыцца ўсё ў пыл, тленам рассыплецца, пойдзе з дымам, калі цаніць мяне не ўмеюць!
Дзядзька наняў адвакатаў: у Саколцы — павятовага, у Беластоку — акружнога. Юрысты цяпер ад яго імя за былое глупства цягалі людзей па судах.
Увайшлі каровы Банадыка Чарнецкага на тэрыторыю Вершаліна і патапталі трускаўкі. Адвакат падаў на мужыка ў суд, і чалавек, які ратаваў прарока з бяды, адразу атрымаў высокі штраф! Добра, шудзялаўскі войт замяніў яму штраф пяццю суткамі арышту, і Банадык, наладаваўшы ў торбу хлеба з салам, адправіўся ў крынкаўскую халодную адбываць пакаранне.
Памерла Альяшова ўнучка. Неслі яе цераз вёску на могілкі, два хлопцы штосьці вясёлае ўслых сказалі. У наступны дзень выклікалі ў суд Івана Чарнецкага з сябрам і ўляпілі абоім ца тры месяцы турмы!
Хведар і Аляксандр Галамбоўскія пасварыліся з Тэкляй. Выскачыў з хаты Альяш ды хлопцаў аблаяў. Старэйшы брат былому прароку заявіў:
— Дзядзьку, вам ужэ то і грэх так брыдзіцца! Вы ж — святым былі, на іконах намаляваныя!