Павалаклі ў суд і хлопцаў Галамбоўскіх.
Наша Хімка нарэшце атрымала ад дзяцей гэтак чаканую вестку. Разам з пісьмом у канверце з Савецкай Расіі прыйшла фатаграфія і бравага яе Яшкі ў лётчыцкай форме з бліскучымі эмаліраванымі кубарамі на пятліцах.
Здзяціненая ад радасці бацькава сястра некалькі дзён не ела, не спала, толькі малілася на фатаграфію, бегала па хатах ды паказвала сына страшаўцам.
Польская прэса падрабязна апісвала, як рускія авіятары ваююць у Іспаніі. Сімпатыі рэдактараў былі на баку генерала Франко, і газеты не шкадавалі фарбаў ды размалёўвалі, як там пачкамі забіваюць рускіх, як гараць іхнія самалёты...
Раптам Хімка ўзяла сабе ў галаву, што і яе сын за Пірэнеямі, таму доўга і не пісаў. Цётка прыляцела ў Грыбоўшчыну, сунула Альяшу фота ды папрасіла:
— Памаліса за яго, святы чалавек, хай ніводная куля праклятага фашыста не кране яго!.. Паглядзі, які ён у мяне прыгожы, які пекны!.. Не мела чым карміць у разруху, не рос, быў надто хваравекі, цяперака — глядзі, як вылюдзіўсо!.. Памаліса, айцец, у цябе надто лёгкая рука!
Стары ашалеў!
— Каго ты мне сунеш, бальшавіка-а?! Каміса-ара?! Бязбо-ожніка?!
I тую Хімку, якая звяла яго з Тэкляй, хавала ад разлютаванага натоўпу, карміла, даглядала ды верна яму праслужыла пяць гадоў, прапёр Альяш з вёскі.
— Паліцыі падам, калі швэндаць сюды будзеш, запомні! — паабяцаў яшчэ.
Тэкля папаўнела і пахарашэла яшчэ больш, але варта было каму-небудзь пажартаваць з яе, і адвакаты адразу браліся і за гумарыста — пасылалі павестку ў суд.
(Адно да былых «святых дзявіц», якія з маленькімі «апасталятамі» пазаставаліся цяпер у апусцелай Грыбоўшчыне саламянымі ўдовамі і ледзьве не жабравалі, Тэкля адносілася сардэчна і дапамагала ўсім, што толькі магла вырваць у старога).
Часамі сыходзіліся пасля работы грыбоўшчынскія мужчыны ды пачыналі гаворку:
— Чысты Паўтарак стаў наш Клімовіч ужэ — і дыхнуць нікому не дасць!
— Той хоць улады такой не меў! Базыль Аўхімюк зваліў яго, паліцыя яго крыху пацягала, пават і ў Гродна звазіла, але ж за тое потым яшчэ і іконку Георгія Пабеданосца ўручыла! Чапі гэтага!..
— Яго Судэцкі са сваімі гаўрыкамі такі страх панаганяў, што бабы і на двор баяцца выйсці!.. Апошніх сабак дастрэльваюць, абібокі!..
— I плоціць лайдакам гэтым!.. Такую банду меў калісьці толькі граф Браніцкі. Тады на іх хоць можно было паскардзіцца графу ці графіні, а каму заяўляць пойдзеш цяпер?..
— Не дай бог, калі з хама зробіцца пан, шчэ пра гэто даўней казалі!
Зусім мажліва, што дзядзька зноў выкінуў бы які-небудзь фінт, уразіў бы небагатую фантазію наіўных і былыя паклоннікі паступова даравалі б яму прамашкі і прарока ўзнялі б на п'едэстал з яшчэ большым уздымам («Ён нічого сам кепскага не рабіў! — прыдумалі б багамолы тлумачэнне.— Усё гасподзь бог учыніў яго рукамі!..»). Бо, покуль жывуць тыя прынцыпы, за якія змагаюцца людзі, да той пары і герой, што ўжо раз звязаў сваё імя з гэтымі прынцыпамі.
Але прыйшло зызваленне 1939 года. Прынёманшчына ўступіла ў новую эпоху.
Раздзел шосты
Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь, і ў перанаселеных вёсках забурліла.
Энергія шматпакутнага народа, які дагэтуль траціў яе гэтак неразумна, нарэшце атрымала накіраванне. Узрадаваныя людзі шуганулі: хто — у школы, хто — на будаўніцтва, хто — завербаваўся ў Данбас ці на Урал.
Іншыя цёткі цяпер лёталі па магазінах і ледзь не ашалелыя ад радасці куплялі на пуды соль, цукеркі-падушачкі, па сотні скрыначак запалак, па вядру нафты, цэлыя сувоі сітцу за сябе, за памершую маці, бабу — за ўсе пакаленні, што жылі ў бядзе і галечы!
А хварэй сабе ты і лячыся — колькі хочаш! Даходзіла да камізму.
На вёсках памеры хваробы вымяралі коштам лекаў і перашкодамі, з якімі дабіраліся да доктара ці знахаркі. Іншая цётка хвалілася перад суседкай, якая ў яе рэдкая хвароба:
— Два дні патраціла ў Беластоку і на адно лякарства мусела прадаць аж тры курыцы!
Цяпер лячэнне стала бясплатным. Цётка Кірыліха з абурэннем скардзілася ў нас на доктара Цукермана з Гарадка:
— Заходжу да яго, а ён ткнуў мне ў грудзі тую халодную трубачку, патрымаў крыху вухо і выпісаў пілюляў на дваццаць капеек — я на іх адно яйко патраціла!.. Ну, думаю, хоць ты і ў гальштуку, а не на тую напаў — у нас цяпер не панская ўласць, а — народная, ніц мне не зробіш!.. Вярнулася з аптэкі, кінула тыя гузічкі ад кашулі на бліскучы стол яго ды кажу: «Я да цябе гуляць прыходзіла, што ты мне гэтак танных лекаў выпісаў?!.» А Цукерман рагоча!.. Ой, людкове, от дахтары пайшлі!..
Альяшом народ амаль перастаў цікавіцца. Патрэба ў «Вершалінскім раі» адпала, і прамень «псіхалагічнага рэха», накіраваны на Грыбава, патух.