Прарок павярнуў назад.
— Во, з-за яго паганых вачэй і плюгавага языка не магу паўтарыць цуда! — абурыўся ён, выбіраючыся з Мухаўца.— Трэба, каб ніхто не сумняваўся!..
I багамолы Мурашку паверылі.
Да дзядзькі ж Альяша ратунак покуль што не прыходзіў, і ў яго было такое адчуванне, бытта нясецца стрымгалоў у гібельную адхлань.
А ў гэты час Грыбоўшчына спакойна сабе ўкладвалася да сну. Толькі ля плота на каменнях сышлося крыху моладзі. Юнакі і дзяўчаты пазіралі ў бок царквы на мігатлівае зарыва, слухалі званы ды з маладой легкадумнасцю абгаворвалі падзею.
— Ну, дзісь свінні мелі чым пажывіцца на выгане! Столькі хлеба, сыроў, яек ды крупы рознай і недаедкаў багамолы пакідалі на траву там!
— Цэлы тыдзень надворныя будуць падбіраць!
— I шмацця рознага колькі валяецца!
— А наша цялушка ледзь не падавіласа! Хустку засмактала! Добро, што канец выставаў і тато выцягнулі!.. Ладная шаляновачка!..
— Будзеш мець да пасагу! Вымый толькі, а то так — замуж не вазьму!
— Шчэ ўсенькую агіду стану браць!.. Завалакла ў роў ды кінула жабам на гнёзды — хай сабе апалонікаў у тых анучах выводзяць!
— Наш малы навалок лахманоў з дванаццаць! Крынкаўскі Пінкус, каб убачыў, цэлую кішэню грошай даў бы!.. Але тато прымусілі малого назад усё перці!
— Пакідалі, бытта ім нічого ўжэ не трэ! Цікаво, як заўтра падбіраць стануць!.. I выдумалі ж — канецсвету!..
— Ахвота, скажы, людзям глупствам займацца!.. На каменнях ля плота былі і госці. Мелі рацыю ў Крынках тыя мужчыны, хто сумняваўся ў поспех іхняй місіі!.. Усё для хлопцаў цяпер здавалася куды складаней. Таму сядзелі яны моўчкі, прысаромленыя, ды нават зайздросцілі бадзёраму аптымізму і легкадумнасці вяскоўцаў.
Для Нішта Мулі Альяш напомніў цадзіка, да якога ён з бацькам ездзіў у Столін. Там ён убачыў звычайнага старога, які з-за стала манатонна іх павучаў:
«Калі вы раніцой мыеце рукі, то далоні трэба трымаць апушчанымі над тазам. Як будзеце трымаць іх паднятымі ўверх, то за рукавы пацячэ вада!..»
I ўсе сабраныя яўрэі, разам з імі і яго бацька, прыйшлі ў захапленне ад мудрасці святога.
За абедам пажылыя і самавітыя людзі ледзь не біліся, вырываючы адзін у аднаго абгрызеныя цадзікам курыныя косткі. Са звар'яцелымі ад шчасця вачыма смактаў такую костку і яго бацька, здаецца, і не дурны чалавек...
— Ці толькі яны з'ехалі з глузду? — уздыхнуў заклапочаны Нішт.— А як нашыя багамолы перад свой новы год сябе паводзяць? I таксама мітусяцца, і пеўняў белых над галавой рэжуць, і нічога не ядуць, адно мо-оляцца — бытта больш і свету не ўбачаць! Перад пасху новы посуд мыюць у рэчцы, у печы агню не развядуць самі!..
— Іншы ў суботу нават ключа ў кішэні не носіць!— падха-піў сябар Мулі.— Ідзе-такі праз мястэчка ды кідае іх перад сабой!..
Грыбоўшчынскім хлопцам надта ж хацелася даведацца ў крынкаўскіх сяброў — ці праўда, што яўрэі і цяпер на хрысціянскай крыві пякуць мацу?.. Калі гэта хлусня, шчэ пакрыўдзяцца!.. Яны перайшлі да абгавораў католікаў, набожных татар з Крушынян, сакольскіх караімаў і лютэран-немцаў...
Нагаварыўшыся ўволю ды парагатаўшы, старэйшая дзяўчына прыслухалася да злавеснага гулу набата. Званы ўпарта ўсё калолі начную ціш, і царства гукаў падпарадкавала неба — аж трымцелі далёкія зоркі.
— А дзядзькі ўсё мало-оцяць, а яны ўсё гуду-уць! — з недаўменнем прамовіў хлапец.
— Не заткнеш ім і глоткі! — дадаў сябар.
— Пайшла б і я ў манастыр, ды халасцякоў много! — паспрабавала пажартаваць Банадыкова ўнучка ды пазяхну-ла.— Э-эх, трэ спаць ісці, ліха на яго!.. На жаль, гэтаго канца свету не будзе, давядзецца заўтра зноў брысці да халернаго торфу! А вада хало-одная, аж ногі ломіць!..
— А мне — выбіраць дурныя каменюкі з канюшыны тато прымусілі!.. Выбіраеш, выбіраеш кожны год, крушні цэлыя назвальвалі ўжэ на межах, а яны вырастаюць з-пад зямлі ўсё зноў, каб на іх ліхо!..— ажывілася тая дзеўка, што гаварыла пра цялушку.
Хлапец, які з яе жартаваў, разважыў:
— Эх, каб гэтых багамолаў з вёдрамі запёр на поле — хутко вычысцілі б палетак, нават — ад валуноў!
— Пойдуць яны табе, рыхтачкі! — са шкадаваннем уздыхнула дзеўка.— Ну, да заўтра!..
Устаючы, рысуючыся перад гасцямі, хлапец нібы ў адчаі ад сваёй долі праспяваў: