Натоўп нібы прарвала. Узняўся крык і лямант.
— Бо-ожа, забралі ўсенькія грошы, багацтво і кінулі на скананне!
— Што цяпер з намі бу-удзе, госпадзі Ісусе!.. Загі-інемо ўсе мы, бы рудыя мышы!
— Трэ спытацца хоць Альяша, як нам далей быць?!.
— Ашуканец ён! — раптам уразіў нехта натоўп страшэн-ным адкрыццём.— У каго ты хочаш пытацца— у жуліка?.. Ніякі ён не прарок! Што ён табе адкажа?.. Ха, прарока знайшла!..
— Я даўно пачаў штось заўважаць. Абурэнне расло.
— Паліцыю трэ паклікаць!
— Трэ бегчы ды заявіць солтысу — хай мэльдуе!
— Э-э, каму ты хочаш заяўляць?.. Паліцыя падкупленая, яна даўно з ім за адное! Крук круку вока не выкале!
— I солтыса, і войта апосталы купілі!.. Што, мало грошай мелі на гэто?.. Назно-осілі, дурныя!
— У Саколку трэ, да старосты!
— I староста яго! Альяш жа наш кужаль усенькі запёр яму, на балях у яго быў!
— Госпадзі, апусці свой караючы меч на яго!
— Апусціць, так і чака-ай!..
— Мы самі яго вырашым і бэбахі выпусцім!..
— Але хто нам верне ўсенько?
— А дзе ён? — непрытомная ад гора, расчахраная пракрычала нейкая баба ахрыплым голасам.
— Людзі, не стоймо, дальбо, не даваймо яму часу, каб куды знік!.. Не надзеймосо на таго бога!..
— Не багахульствуй?
— Усё роўно, горш ужэ не будзе!..
— Бяжэм!..
Разлютаваны натоўп рынуўся да хаты Альяша.
— Пустая! — са шкадаваннем заявілі тыя, хто даляцеў першы.
— Так ён нас тут і чакаў!
— Ніўжэ ўцёк?! А як жа мы-ы цяпер?!.— нейкая цётка прысела абяссілена да фігурных габляваных штыкецін Альяшовага плота і зараўла.
— Павесіла б, каб злавіла!
— Разадраць яго мала!..
— Нікуды ён не падзенецца, калі дружно возьмемса шукаць, ён недзе шчэ блізко! — крычалі заднія на тых, хто ніяк не мог прымірыцца, што хата пустая.
Людзі заглядвалі нават у хлеўчык, у сабачую будку, зганялі злосць на адкормленым Тэкліным Мурзе...
— Усім толькі трэбо дружно ўзяцца, і — зловім, нас столькі кагалу тут!..