— Няма, брацця і сёстры, сумнення ні ў кога, што праваслаўе — тая анёльская гіпотэза, якая ахоплівае ўсе выпадкі нашых паводзін! Мае дарагія сябры, сёстры і брацця,— мінуць, пройдуць, у Лету кануць стагоддзі, зменяцца пакаленні, а вучэнне праваслаўнай царквы...
Мажліва, з пункту гледжання царкоўнай рыторыкі прамова гродзенскага архірэя была «на вышыні», але мужыкі слухалі яе, бы турэцкае казанне. Мажны ж саноўнік да таго захапіўся, што нават не адчуў — людзі толькі чакаюць моманту.
Нарэшце адпаведны момант наступіў.
Калі ўладыка Антоній з глыбіні свайго балахона пачаў даставаць хустачку, каб выцерці ўспатнелы лоб, нехта закрычаў:
— Мужыкі, што тут ён нам усё трэліць? Сколькі нагаварыў, а пра што, каб яго спытаць?!.
— Туману нам пускае!..
— Не бойса, ён ведае, што кажа! — прагрымеў голас Ломніка ад дзвярэй.— У Бібліі, бачыш, мы не можам самі разабрацца! I дзеве Марыі зашмат пакланяемса!.. Ашчэ — Альяша занадто слухаем!.. Ён ведае, што казаць!
У храме адразу загуло. З усіх бакоў пасыпаліся выкрыкі:
— Дурня знайшоў!
— Братоў і сясцёр тут шукае! — Бач, сваячок знайшоўсо!..
— А язык у яго як падвешаны!..
— Матавіло!..
— Пазайздросціў, што дзеву Марыю славім? — віскнула Хрысціна і з узнятымі кулакамі кінулася ў яго бок.— Ты бы столькі перацярпеў, падло!
— Не чапай, паліцыю шчэ навядзе сюды! — стрымліваў цётку Ломнік.— А табе, архірэй, будзе нам зубы загаворуваць!
У зале забушавала яшчэ больш.
— Цэрквы ў Гродне папрадаваў і нас падбіваць прыехаў! Унь якое пузо наеў нашым гарбом!
— I сыпле — вокам не міргне!
— Школу спецыяльную канчаў, каб людзей простых ашукуваць!
— Чаго прыпёрса, кудла ?!
I ў віднага саноўніка праваслаўнай царквы з-за спінаў пярэдніх мужыкоў паляцелі гнілыя памідоры ды яблыкі — дакладна гэтак, як ляцелі мінулым годам у Крынках, калі забаставалі гарбары, а рабочыя праганялі з трыбуны нежаданага аратара з прадажнага фабрыкантам прафсаюза, пана Капітулку.
Айцец Якаў з Савічам кінуліся ўладыку ратаваць.
2
Вярнуўшыся ў Гродна, архірэй паспешліва сабраў у кансісторыю свяшчэннікаў, служачых ды старастаў храмаў.
Калі ўсе сышліся і з'ехаліся, узбуджаны саноўнік пачаў даваць разгон падуладным звычайнымі свецкімі словамі. Сарамаціў іх доўга, не хаваючы сваёй горычы.
— Цёмныя мужыкі, нейкія сектанты, а як дзейнічаюць, бачыце?! Госпадзі, як яны народ паднялі!.. Якія папулярныя, як людзі ім вераць! Чаму не вераць гэтак нам — адукаваным?! Бо яны дружна ды ўпарта блюдуць сваю лінію! А мы свой ісцінны шлях не беражом, мы — хто ў лес, хто па дровы!..
Разам з матэрыяльным дабрабытам прысутныя ўжо набылі характэрныя рысы чыноўнічага саслоўя —кар'ерызм, саперніцтва, інтрыганства, нізкапаклонства перад начальст-вам ды іншыя неабходныя якасці, для таго, каб лічыцца чыноўнікам добрай закваскі, быць на віду і ў фаворы маючых уладу. Агледзеўшы гладкія твары, уладыка Антоній ужо з абурэннем касціў падуладных:
— Ваш галоўны абавязак — сеяць мір і згоду, даваць маральную падтрымку і духоўную сілу міранам, а вы чым займаліся ўвесь час?! Колькі я мусіў патраціць сілы на такое глупства, каб памірыць стары архірэйскі хор з новым саборным?! А колькі трачу часу, каб стрымліваць ашалелых нахабнікаў?! Які-небудзь непісьменны, але пранырлівы бацюшка бязлітасна спіхвае з цёпленькага месца людзей з вышэйшай адукацыяй — свяшчэннікаў са шматлікай сям'ёй — і адбірае ў іх апошні кавалак хлеба!.. А хто пазаймаў у нас пасады царкоўных старастаў?.. Былыя ротмістры жандар-мерыі ды майстры вінакурань!.. Чаго тут дзівіцца, што ў нас шырыцца сектанцтва і з'явіўся «прарок» Ілья — які поп, такі прыход?!. Зрэшты, пра Альяша ў нас з вамі будзе размова аддзельна! — саноўнік разлютаваўся не на жарты.— Вы мяне ў зман увялі!
Уладыка Антоній быў чалавекам рашучым, нават крутога нораву, таму сабраныя ў зале ўгіналіся, хавалі вочы — кожны баяўся, каб уладыка яго не крануў.
— Вы супакойвалі мяне, што «прарок» — лакальная з'ява!.. Хіба адтаго, што прамаўчым, закрыем на яе вочы, не стане праблемы?! Так толькі могуць дзейнічаць платныя слугі, якім няма справы да поспеху нашай місіі!.. Я навяду ў сваёй епархіі парадак!.. I вас працаваць прымушу!..
Да Альяша ў наступны дзень памчалі кансісторскія паны ў капелюшах. Толькі Клімовіч да іх нават не выйшаў.