Але жанчына толькі гэтым паддала старой жару. Зморшчаная і бяззубая Піліпіха, якая некалі рабіла стаўку на «Вершалінскі рай» ды гэтак ужо была блізка да вечнага збавення, цяпер разлютавала:
— Цацалішт ён!.. Хрыштапрадавец!.. Каб ён у тым пекле, каторым нас усіх палохаў, на шамым дне шмажыўшо!.. Чэрці даўно па ім шумуюць там, пане!.. Мне вы ве-ерце, я шамая штарая ж бабаў тутэйшых, ілгаць вам не штала б!
— То колькі маўчаць?! — азвалася ўжо трэцяя бабка, што гэтаксама засталася ля разбітага карыта.— Мала і я слёз выплакала, молячы ўсё, каб дачка выздаравела ад чахоткі?.. I аж тры авечкі самыя лепшыя заперла яму, бы дурная, кужалю і грошай столькі ўбухала, а для чаго?.. Каб прапілі яго апосталы на чале з тым Рогусем!
— Ох, і папілі-і яны, а людке мае, папілі-і, пабалява-алі!..
— Тыднямі, бывало, не цверазелі, з дзеўкамі пазакрываў-шыса ў тым Вершаліне, а мы папрыходзімо і валяемса пад цэрквай, як быдло тое!.. I лебедзеў сабе развялі, і карпаў, карасікаў розных, цьфу!..
— Аднімалі ад дзяцей, ад сябе, зносілі ім, звалакалі, а яны — збыткі знайшлі!.. Я апошні кужаль заперла, каб ён дачцэ старосты на імяніны мазалі мае падараваў і майстрам на анучы!..
— Дзе гэто бачыў хто, каб гэтак людзей абдурваць?! Штолькі народу падбухторыў, задурыў усім голавы, а ўсё — дарэмна! Бярыце яго, пане, ён — антыхрышт! Ішчаны бог, магу вам пабажычча, перажагнаюшо швятым крыжам — во!..
Піліпіха ўрачыста прыклала кіпцюры да лба, жывата і плячэй.
— Бальшавікі яго пашкадавалі ды нават у газету патрэт унь які намалявалі, але вы забірайце яго ў сваю гміну і ўсыпце старой халеры бізуноў па самыя годзі, няхай адрыгнецца старому д'яблу наша дабро і слёзы, хай папачухаецца хоць!
Не хаваючы сваёй гідлівасці да бабак, прадстаўнік выбранай расы доўга і паблажліва ўсміхаўся ды моршчыў лоб — усё стараўся іх зразумець.
— Во, на тым падворку жыве! — падказала Піліпіха.— Хапайце гіцля, покуль не ўцёк! — А ён можа, бо прыткі на ногі шчэ!
— Чаму ж не быць прыткім, хібо спрацаваўсо дзе, як твой мужык? Усю жызню толькі людзей ашукваў!
Немец глянуў туды, куды паказвала бабка Піліпіха, і ўбачыў на парозе старога.
— Ком, ком! — пакліка ў яго.
4
Покуль на вуліцы пра яго гаварылі, дзядзька Альяш стругаў сабе зубы да грабель і не азіраўся. Ці ён прыкідваўся, ці і праўда не пачуў, што яго клічуць.
— Во, бытта хтось і паверыць яму, што не чуе! — пакпіла Піліпіха.
— Хітры надто!
— Хітраваць навучы-ыўсо, падло!
— Не можа пагадзіцца, што скончыласо яго панаванне...
— Ком, ком, антыхрыць!..— паманіў Альяша афіцэр рукой з бліскучым на сонцы залатым пярсцёнкам на сярэднім пальцы ды зарагатаў таму, што вельмі ж смешна ў яго атрымалася новае слова.
— Ком тутай, абэр шнэль!.. Прэндко, прэндко!..
Не надта спяшаючыся, Альяш падняўся і паглядзеў, хто кліча. Тады ён у шчыліну спарахнелай сцяны ўсадзіў лязо нажа, абтрос з кашулі стружкі, прыставіў недакончаныя граблі, і згорбленая яго фігурка з шэрымі, як зямля, нагамі ў ссохлых на косць апорках Тэклінага бацькі накіравалася да брамкі. На спакойным дзедавым твары была абыякавасць.
— На, что деляль? — з нядобрай усмешкай спытаўся афіцэр, калі перад ім узнік стары.
З дабрадушнай пагрозай немец упіваўся асалодай уладара — распарадчыка чужога жыцця і смерці. — На, на, что деляль, расказваць, лёс! лёс!
Стары маўчаў.
— То гавары, Альяш, гавары, калі пан начальнік цябе пытае, чаго набычыўсо і маўчыш! — падагнала яго Піліпіха, нібы хлопчыка, які нашкодзіў і перад бацькам не хоча прызнацца, аднак прызнанне гэтае надта неабходна.
— Нябось, як пры кім то і язык праглынуў! — гаварылі бабкі, бо хацелі б Альяша бачыць перапалоханым цяпер іхняй скаргай.
Гэтым часам грыбоўшчынскі дзед па-ранейшаму не выказваў ні страху, ні хвалявання.
— А нічого такого!..— загаварыў стары сумным голасам, як гаварыў заўсёды.— Яна пайшла раніцой, а я каля хаты цэлы дзень таўкусо... Гуркі паліў, капусту... За граблі потым узяўсо... Тады са сланэчніка вылез гэты... Я яго прапёр з агарода... Ён сабе думаў, што я яму паспрыяю, але я яго — кіём, гіцля!..