— Не апаганьвай светлага малення! — закрычаў ён.— Пракляты Ашавазда!
I ўсе ўзбурыліся, сталі выштурхоўваць таўстуна. Ён засмяяўся, пайшоў прэч, пахістваючыся.
— Мы яшчэ вып'ем з табою, праўда? — сказаў на развітанне Алексу.
Моцная кашчавая рука Нармурада мякка ўзяла за плячо, адвяла ў суседні пакой. Ён яшчэ помніў, як мурзатае дзеўчанё спалохана пасцяліла ля самых ног вузкую тоўсценькую коўдру, як пад голаў яму падсунулі падушку... A пасля забыўся сном — надзіва спакойным i добрым, як быццам нарэшце знайшлося месца, дзе можа ўволю пасмакаваць спатолі i цішыні.
Тады ішоў абан, восьмы месяц па іранскім сонечным календары, па-славянску ён бы называўся кастрычнік. Тут, у гарах, ён быў то ясна-сонечным, калі празрыстым рабілася неба i лёгкія перыстыя аблокі толькі зрэдку праплывалі ў недасяжнай вышыні, то хмурным, як бы зласлівым. У гэты месяц наліваліся тлушчам алені, зайцы i дзікабразы, якіх тут ніхто не чапаў, бо вялікім грэхам для кожнага, хто пакланяецца Заратуштры, было б спажыванне мяснога. Непадалёку, за суседняй гарой, жылі ўжо мусульмане, якія, наадварот, лічылі, што мужчына, які не паесць мяса, годны толькі на тое, каб замест жанчыны займацца прадзівам. Бывала, што ix паляўнічыя, гонячыся за горным казлом ці сернай, дабіраліся да самага кішлака, але людзі з Шырса не чапалі прышэльцаў, бо, як-ніяк! султан Шыхаб ад-даўла Маўдуд, які валадарыў'у краіне! быў уладалюбным, ён не хацеў цярпець старадаўняй', але досыць варожай для мусульманства рэлігіі, i варта было прававерным мусульманам накіраваць скаргу на няверных... Але i самі суседзі-мусульмане добра ведалі, што, хаця султан Маўдуд выража маленькі кішлак Шырс гэтак жа проста, як выразаў бы ён сваім славутым кінжалам галінку аргувана з куста, ад ix уласнага кішлака таксама застанецца толькі попел i тло, бо мужчыны з Шырса былі, як на падбор, высокія i статныя, як сапраўдныя воіны, а жанчыны славіліся нетутэйшай прыгажосцю. Шапталіся мусульмане — ці не ад паходаў Іскандзёра Двухрогага засталіся ў шырсаўцаў не падобныя да акружаючых асаблівасці?
Гэты месяц Алекса таксама заномніў назаўсёды. Запомніў, як назаўтра, калі прачнуўся, выйшаў на тэрасу і, нацягваючыся, паглядзеў навокал, нязвыклае пачуццё сваёй мізэрнасці перад велічнымі гарамі i адначасна радасці ад таго, што ён жыве i бачыць такое хараство, ізноў ахапіла яго. Ліловыя цені ў цяснінах, фіялетавыя i зялёныя плямы расліннасці i траў, вяршаліны магутных платанаў былі афарбаваны ружова-залацістым святлом, яно імкліва прыбывала, як прыбывала вада ў паводку — i раптам сонца ўстала з-за белых шапак гор, заліло гліняны ўтаптаны дворык, сточаныя часам калоны дома, цьмяна-жоўты дувал... Алексу захацелася ўстаць на калені, каб маліцца сонцу i ўсяму наўкол, i нешта падступіла да яго вачэй шчымлівае, пякучае. Халаднаватадухмянае паветра, што запоўніла грудзі, як бы выцясніла ўсе ўспаміны аб тым, што з ім было, настройвала на тое, што яшчэ будзе...
A ў далёкім Полацаку, хутаючыся ў старую адзежыну, пазіраючы на халодны дождж, што, не перастаючы, уперамешку са снегам сыпаўся i шаргацеў па сценах келлі, выводзіў начыста летапісец, чарнарызец Нікан, слова за словам, перапісваючы шчэ з лета напісанае з бяросты на пергамент, што захаваецца навечна:
«У се жа лета памрэ Брачыслаў, сын Ізяслаў, унук Валадзімер, i Усяслаў, сын яго, сядзе на стале яго. Яго ж нарадзі маці ад валхвавання: мацеры бо нарадзішы яго, бысць яму язва на галаве яго. I сказалі валхвы маці яго: «се язвенно навяжы на яго, насіць е да жывата свайго». I носіць яго Усяслаў да сённяшняга дня».
Тое ж пісаў i кіеўскі летапісец Нестар, толькі дадаў у канцы: «Таму нелітасцівы ёсць на кровапраліцце...»
Памерла ўдава Катуніха, таму што не даваў ёй нячысцік, які ўсяліўся ў яе, ніякага продыху. Мучыў i мучыў жаласцю да згінуўшай дачкі, тачыў i тачыў сэрца. А сэрца чалавечае — яно мацнейшым бывае за валун, a i слабейшым за кацяня, якое легка прыдушыць пальцам... Раілі добрыя людзі ўдаве пайсці на далёкае капішча Перуна, што завялі выгнаныя з Полацака валхвы далека ў лясах, называлі падзейныя людзі тое месца, але не слухала нікога жанчына, глядзела тусклымі вачыма i маўчала. I перасталі людзі да яе хадзіць, таму што калі не можа сама яна пазбавіцца хваробы i нечысці, ці ж можа дапамагаць іншым? Да таго ж закінула ўдава ўсю сваю няхітрую гаспадарку, карова зімою пала з галадухі, a ўраджай жа пшаніцы ў тым годзе моцна выпекла гарачыня. І згасла кабета ў сваёй курнай чорнай хаце, a знайшлі яе праз доўгі час i хутчэй пахавалі — так страшна мучыў бедную жанчыну нячысцік. Доўга яшчэ хадзілі па вуліцы чуткі, што разгулялася нячыстая сіла не на жарт, i ўсё прылятае душа Катуніхі на старое месца, шукае, а хто ж разнёс пасля па бярвенцы яе хатку. Скуголіць па начах каля двароў... Хрысціліся людзі, каяліся, што паквапіліся на тое бярвенца, бо давялося-такі ставіць свечкі ў царкве за ўпакой душы, a свечкі, як вядома, каштуюць грошы. А дзе возьмеш лішняе? Ну a ўсё-ткі, відаць, адмалілі душу — перастала лётаць па людзях дый па селішчы. Можа, стамілася i на тым свеце...
Ды пра гэта чарнарызец не напісаў. Каму цікава пра чорную чадзь ведаць? Каму патрэбна?
Ішлі тыдні, i кожны з ix адкрываў для Алексы нешта новае. Ён навучыўся караскацца па кручах, якія здаваліся зусім непадступнымі, вісець над халоднай i непрыветнай цяснінай, трымаючыся чэпкімі i гнуткімі пальцамі за выступы скалы, а другой рукой зразаючы галінкі кустоўя, якое прасіў яго прынесці Нармурад. Навучыўся знаходзіць у пячорах горны воск, па колькасці i колеры траў, што раслі вакол пячоры, вызначаць, якія хваробы лечыць той воск. Ішлі месяцы, спачатку снежны i галаднаваты дэй, калі завеі глуха выюць цэлымі днямі i замятаюць тэрасу да самых вокнаў, падточваюць агромністыя скалы i дапамагаюць злым духам нізрынуць процьму снегу i камення ўніз, ад чаго па гарах доўга ідуць гул i трасяніна. У такія дні Алекса ўспамінаў, як расказваў яму дзед пра Лядашчыка — злога духа, што насылае на людзей хваробу i псуту. Мусіць, злыя духі тут был i свае, тутэйшыя, бо хвароба ні разу не кранула Алексу, наадварот — ён пачуваў сябе як ніколі добра. Ныла часам рука, адклікалася на змену надвор'я плячо, але затое цяпер ён спаў на падлозе, нячуйны да холаду, i цела яго нібы задубянела, бо колькі разоў выходзіў ён за дровамі для ачага басанож у той час, як пякучы мароз прыганяў да двара нават дзікіх жывёлін. Аднойчы да ix на падворак зайшла аленіха. Пярэдняя нага ў яе была скрываўленая, залаціста-рыжая поўсць на спіне звалялася i вісела збітымі пасмамі, як каўтун. Алекса, убачыўшы яе, страпянуўся — у ім ажыў паляўнічы, але Нармурад, коратка зірнуўшы на яго, падышоў да аленіхі, павёў яе ў зацішнае месца, напаіў, пасля ўмела перавязаў нагу доўгай пасмай кары, змочанай горным воскам.
Аленіха прыжылася ў ix i нават вясной, вярнуўшыся ў нейкія адной ёй вядомыя мясціны, прыходзіла колькі разоў, a зімой не з'явілася — можа, усё-ткі падстрэлілі яе дзе-небудзь у гарах ці сама змаглася, уцякаючы ад леапарда або ваўка.
Месяц спандармузд, адпаведны лютаму, запомніўся Алексу тым, што сеялі тут ячмень. Мабед — жрэц храма агню, якога з вялікай пашанай прывезлі старэйшыны, у каляровай кабе-кашулі, абвязаны свяшчэнным поясам, у лямцавым каўпаку, тройчы абышоў поле, трымаючы чашу з агнём. Рот яго быў завязаны — для таго, каб ніхто не апаганіў сваім нячыстым дыханнем бажаства. Жоўтай кашчавай рукой ён узяў з сявенькі жменю зерня, i Алекса задзівіўся — столькі пяшчотнай ласкі было ў гэтай руцэ, нібы хацеў стары перадаць зярнятам сваю надзею, хацеў даць ім сілы вырасці на гэтай камяністай, няласкавай зямлі.
Алекса напярэдадні адмовіўся араць кавалачак поля, што належаў ім.
— Я не смерд, я воін,— сказаў ён Нармураду.— лочаш, прынясу табе барана ці казла, бо вочы мне яшчэ добра служаць. Але араць зямлю? Я быў княжы збраяносца!
Нармурад задуменна паглядзеў на яго, ды не стаў пярэчыць. Раніцай, яшчэ да прыезду мабеда, ён устаў на досвітку i пайшоў ca двара. Алекса прачнуўся разам з ім i ўсё ж упарта ляжаў, стараючыся не дыхаць. Але пасля нешта стала як тачыць яго.
«Нармурад, разумны, спакойны i добры Нармурад, працуе на мяне, а я, здаровы i дужы, ляжу тут! — думаў ён.— Але ж араць зямлю... Гэта прыстойна толькі чорнай чадзі!»
Ён успомніў, што ўжо даўно не каштаваў мяса, i так нясцерпна захацелася дзічыны, смажанай, гарачай з агню, пахуткай! Як слаўна было, калі сам князь, падобрыўшыся, даваў яму ca сваіх рук такі велізарны, чырвоны, з пякучай падсмажанай скарынкай кавал! З толькі што забітага i асвежаванага вепрука! Але тут, хаця дзічыны, непалоханай, рознай, мноства — усё для яго забаронена. Не, прынесці сюды забітага звера — значыць абразіць усіх, хто жыве ў гэтым кішлаку i хто прыняў яго гэтак жа ласкава i добра, як i сам Нармурад. Праўда, неяк праз колькі тыдняў пасля прыезду Алекса нечакана пачуў, вяртаючыся з поля, адкуль нёс мяшок з зернем, размову. Гаварылі старыя, што нерухома сядзелі, падкурчыўшы пад сябе ногі, на адкрытай тэрасе-айване:
— Гэты прыезджы... ён усяго толькі гулям, раб, а наш лекар абыходзіцца з ім, як з сынам.
— Яму відней,— сказаў другі голас.— Ды i рабоў у нас няма, яны толькі пры храме. I раб не зробіць тое, што зрЬбіць сын, хай сабе i названы.
Алекса зразумеў ix, хаця гаварылі яны на старадаўняй мове, на якой усе гаварылі тут. Сам ён часам дзівіўся з гэтай сваёй здольнасці разумець другіх i хутка схопліваць тонкасці чужой гаворкі. Але тады нешта як укалола яго, i ён стаў задумвацца — ці не таму назваў яго Нармурад сваім сынам, што адчуў у ім, Алексу, здольнасць падпарадкавацца толькі дабрыні i ласцы, але не сіле? Быў бы тут рабом — уцёк бы праз тыдзень, але лепей, чым тоўстай вяроўкай, прывязаны ўдзячнасцю i павагай. Дык ці не пастка гэта? Ён пільна прыглядаўся да лекара, i часам яго ахопліваў сорам — нічым і ніколі не даў зразумець Нармурад, што ён тут чужак, наадварот, быў ласкавым з ім i добрым, як з сапраўдным сынам. І Алекса не вытрымаў — устаў i пабег на поле, i ўжо разам з гаспадаром яны аралі маленькі кавалачак свайго поля, рыхлячы непадатлівую зямлю нарогам з металічнай акоўкай на вастрыі.
І калi жрэц тройчы абышоў зямлю, сыпануў зернем i спыніўся, гледзячы, каму перадаць сявеньку, Алекса выступіў наперад.
— А цяпер — я.
Жрэц запыніў руку, доўга ўглядаўся ў яго запалымі вачыма, вострымі i цікаўнымі, пасля запытаўся:
— Саклаб?
— Мой сын,— сказаў Нармурад, узяў з рук жраца сявеньку, перадаў яе хлопцу i лаўтарыў:
— Сын.
Месяц урдзібіхішт, калі ўжо буяе на палетках зеляніна i белым цветам абсыпаны персікавыя дрэвы, таксама запомніўся Алексу. Тады нечакана захварэла дзяўчынка, тая самая, што падтрымлівала агоиь у чашы ў дзень прыезду гаспадара. Яны жыла ў лекара пасля смерці маці, прышлай жанчыны, якая не то ўцякла ад гаспадара, не то сам ён адпусціў яе перад смерцю дадому. Жанчына прабіралася на радзіму, у далёкі Іран i, трацячы апошнія сілы, яшчэ прыплялася да парога Нармурада, дзе i памерла. Цела яе двое ўдзячных лекару людзей аднеслі да дахмы, каменнай вежы ў выглядзе высокай пляцоўкі, куды звычайна клалі трупы, каб раздзяўблі ix драпежныя птушкі, бо нельга атручваць мёртвым целам ні зямлі, ні свяшчэннага агню; дзяўчынка ж засталася ў лекара. Маці клікала дачку Гульнарай, але Нармурад стаў зваць яе Апак — бяляначкай, бо ад самага свайго нараджэння была яна белавалосай i светлай,— такімі бываюць толькі патомкі старадаўніх персаў альбо людзі з чужых, туманных i далёкіх краін, дзе мала сонца, а многа вады. Апак была ціхмянай чатырохгадовай істотай, яка я, кавыляючы на кволых яшчэ ножках, старанна рабіла ўсё, аб чым прасіў Нармурад: берагла агонь, мыла чашкі, сцяліла мужчынам падушкі. Калі ж Нармурад адязджаў, то за дзяўчынкай прыглядалі суседкі, бралі яе да сябе доўгімі асеннімі начамі, але, падросшы, Апак неахвотна ішла з дому, часцей, захутаўшыся ў дзіравую коўдру, моўчкі сядзела ля ачага i глядзела на цяпельца, на кволыя, а часам магутныя языкі агню. Тут, ля агню, i ўбачыў яе Нармурад, калі разам з Алексам вярнуўся з поля: дзеўчанё ляжала, закаціўшы вочкі, на шчочках яе злавеснымі чырвонымі макамі расцвіла сыпка, лоб пажаўцеў. Яна прыадчыніла засмучаныя вочкі, але не пазнала нікога, толькі жалобна прамармытала нешта на невядомай мове.
— Маці кліча,— змрочна сказаў стары лекар, i сухія, ужо трохі вялыя вусны яго задрыжалі.