«Каб ты жыў, як ты праўду кажаш! — падумаў Гарбацэвіч.— У цябе праўды, як у жабрака грошай. Пер'ем сцелеш, а спаць мулка».
— Можа, пан чарачку возьме? Я маю...— усміхнуўся той.
— Не трэба, пане Шлёма. Пост жа цяпер. Ды я ніколі не меў прагнення да гэтай атруты.
— Пан малайчына, набожны. Хоць вас i абгаворваюць у вёсцы ўсякія шылахвосты i галякі, але вы талковы чалавек, талковы гаспадар. О, каб усе такія былі! Дык i мне зусім іншы гандаль быў. Во які мне цяпер гандаль? Самі бачыце. Веска малая, людзі асцярожныя, аглядлівыя, стараюцца жыць усім сваім, без лішніх трат, без прысмакаў. Тут жа ні адна баба ні парфумы, ні духоў не купіць. Не кожны мужчына цыгарэты возьме, смаляць свой горкі самасад. Майму сыну ў Налібаках лепш. Там мястэчка, там больш багатыя i культурныя людзі. Там большы гандаль... — уздыхнуў.— Я самы бедны з тутэйшых крамнікаў. Каб яшчэ цяпер ахвотней бралі гарэлку, дык i я меў бы, канечне, большы нажытак.
— Але ж дзяцей павывучвалі, пане Шлёма,— прамовіў Гарбацэвіч.— У вёсцы мала хто далажыў да навукі, а вы i сыноў, дачку адукавалі...
— З астатняга вучыў. У даўгах увесь... Бачыце: я такі бедны, што нават i камісіянера не маю.
«А сыны i дачка з залатымі зубамі!»
— Адно, чым магу пахваліцца, дык гэта тое, што шмат заўсёды навін ведаю... — Шлёма стаў каля стаяка, прыклаў да яго невялікія белыя, з тонкімі пальцамі рукі.— Езджу часта ўсюды, дык i бачу, чую многа. I сёння пачуў: хутка вайна будзе.
— Ды каторы час ужо людзі пра гэта балабоняць,— спакойна адказаў Гарбацэвіч.
— Каторы-то каторы! — таямніча прамовіў Шлёма.— Але я цяпер ведаю, калі іменна яна пачнецца!
— Калі ж?
— Хіба можна мне распускаць такія чуткі? Ляпнеце каму — дык мяне пасадзяць як панікёра ці правакатара.
— Скажыце, пане Шлёма. Мы з вамі ж добра, на лагодзе жывём...
— Кажу ж, пане Гарбацэвіч, то сакрэт велькі... Можна сказаць, дзяржаўная тайна. Можа, нават таго цар наш не ведае...
— Хіба я каму скажу, пане Шлёма! — склаў як у клятве рукі Гарбацэвіч.— Хай язык мне адсохне, мова адымецца, калі скажу каму што. Вы ж знаеце: я не люблю лішне лапатаць языком, як Чорныя.
— Надта ж сакрэт гэта вялікі, кажу,— заінтрыгоўваў, заманьваў Шлёма,— Не тое што пасадзяць, а можа, нават i павесяць, калі пушчу першы чутку i гэта па людзях пойдзе... Але ж я ад вас піколі не таіўся, па дружбе з вамі жыў. I вы са мною заўсюды хаўрусавалі.
— Праўда, пане Шлёма. Не бойцеся — кажэце.
— То надта важная навіна, пане. Надта для вас. A самі ведаеце, што значыць, калі загадзя ўсё ведаеш. Гэта як разведка для арміі. А разведка для арміі — гэта i вушы, i вочы. Выйграе часамі той, у каго лепшая разведка...
— Я ж аддзячу... — па-свойму зразумеў Шлёмаву казань.— Не бойцеся.
— Я бедны чалавек, дык для мяне i кожная павіна — тавар, заробак. Дык от пяць рублёў з вас, пане Гарбацэвіч.
Ён здзівіўся, відаць, вырачыў вочы: за што такія грошы?!
— Важная навіна, пане Гарбацэвіч,— запэўніў Шлёма.— Пашкадуеце пяць рублёў — страціце ўсё. А вы ж, відаць, добрую капейку сабралі!
— Якія там грошы, пане Шлёма! — прамовіў Гарбацэвіч, задумваючыся, a ці не наганяе туманоў часамі гэтая старая ліса? Можа, хоча выпытаць, колькі ў яго грошай, дзе схаваны, а потым падашле злодзея? Хітры ж i вёрткі злыдзень. Ён сам колькі разоў прыпільноўваў: уночы ўсякія людзі да яго прыязджаюць i заходзяць, i сам Шлёма са сваім Аронам нешта на сваіх санях некуды загорнутае возіць. I яшчэ, казалі, Шлёма мае хаўрус з паліцыяю.
— Не кажыце, пане Гарбацэвіч, добрую капейку маеце...
— Ды не!
— Ну, a ўсё ж, колькі сабралі? Не бойцеся, я ж нікому не скажу.
— Ды колькі там сабраў! Трошку!
— Каб трошку было, дык гэтак цяпер не пабялелі б! — усміхнуўся Шлёма.— Але такой бяды. Ваша ест ваша. Толькі вот можаце, кажу, усё страціць. Попусту, марна. За адзін дзень. У вайну ж усё знікае, даражэе, а грошы абясцэньваюцца. Ды могуць i чужыя грошы пайсці.
— Рубель хоць вазьміце за сакрэт, пане Шлёма.
— Што вы, пане! Такая навіна!