— Колькі цяпер тваё гэтае пойла? — запытаў Miхайла, не адыходзячыся ад перагародкі.
— Гляк — пяць капеек...
— Той жа раз прадаваў за чатыры! — усклікнуў Міхайла.
— Той жа раз лягчэй дастаў, а гэты раз, казаў жа, ледзьве-ледзьве знайшоў...
— Ну i драла!
— Вот бачыце, вот бачыце, якія вы! — паскардзіўся Шлёма,— ніякай падзякі за дабро! Да вас з дабром, а вы са злом.
— A гадоў пяць, таўчы яго камары, гляк лёку быў усяго тры капейкі...— уставіў сваё слова «кніжнік» Сцяпан Супраневіч.— Шкло да лямпы — пяць капеек. А цяпер шкло шэсць капеек.
— Што ж рабіць,— паскардзіўся Шлёма, беручы ад Алены грошы,— усё даражэе...
— Каму гора, а каму i нажытак...— буркнуў Miхайла i пасунуўся са сваім бязменам на сваё месца ў калейку.
— Арон,— Шлёма павярнуўся да свайго аднавокага парабка, што прысланіўся да сцяны i маўкліва назіраў за ўсім,— ідзі скажы, хай сюды ідзе Фоля. Ды варушыся ты, падла! Гультаіна! — мусіць, злосць ела Шлёму, i ён выліваў яе на сваім дужым, але паслухмяным парабку.
Прыйшоў Фоля. Здаецца, з неахвотаю, кіслы. Хмурыў лоб, сунуў на вочы рыжыя бровы.
Шлёма выйшаў з-за перагародкі.
— Пане Гарбацэвіч,— паклікаў,— хадзем да мяне, маю да вас інтэрас. Я там вам усё дам.
— Пётрык,— стаў на дарозе Сцянан. Загаварыў рахмана: — Пазыч з паўрубля. Зусім збіўся з капейкі... Адраблю ўвесну.
— Што ў мяне — банк? — схмурыўся ён. Быў злы на Пятра, дык меў нянавісць i на ўсіх Чорных,— Якую i меў капейку, дык аддаў летась усю за зямлю Свістунову. Цяпер сам голы, як бізун.
— Пане Шлёма,— пачціва загаварыў пасля да крамніка Сцяпан Супраневіч,— можа, далі б нам у доўг. Адробім ці аддадзім гатоўкаю.
— Шлёма памажы, а вы дык...— паскардзіўся той i павярнуўся да сына,— Дай. Толькі запішы, хто будзе браць у доўг...
Гарбацэвіч паціснуўся да Шлёмы. Выйшаў за ім на гаспадарову невялікую кухню, дзе грувасцілася на палову пакоя вялікая, даўно беленая ўжо печ. Ля печы стаяла хмурная, заўсёды нібы санлівая Бэйля, абапёршыся на качаргу. За сталом сядзела маладзенькая файная Шлёмава дачка, Сора. Кажуць, вельмі ўлюбчывая. Гаварылі, круцілася летась з Уладакам Дземідовічам, не зважаючы на свае законы. Так гэта ці не, але Шлёма быў звёз яе з дому ў Івянец да сваіх сваякоў. Цяпер вось вярнулася дадому.
— Бачыце, пане Гарбацэвіч, які цяпер люд,— паскардзіўся яму Шлёма.— Злы i нядобры.
— Гэтыя Чорныя век такія...— падтакнуў яму Гарбацэвіч.— Думаеце, да мяне яны лепшыя? Каб сумелі, дык у лыжцы вады ўтапілі б, усю маю гаспадарку расцягнулі б! Косткаю яна стаіць ім у горле...— паддобрываўся, бо ведаў, што размова будзе пра наймітаў i трэба Шлёмава добрая парада.— Самі гультае, п'япіцы, балбатуны, a жыць хочуць па-панску... Скажы што насуперак ім, не саступі — спаляць.
— Спаляць, пане Гарбацэвіч. Мне ўтко колькі разоў, як не пазычу яму што, крычаў Пятро: спалю!
— Гэта адпетыя зладзеі i забойцы, пане Шлёма. Ім, прыблудам, i рука не дрыгане, каб звесці са свету чалавека.
I замоўк: агледзеў, што ў цёмным кутку кухні сядзіць пажылы мужчына — чорны-чорны, як цыган. Пакланіўся яму.
Незнаемы кіўнуў галавою. I не надта прыязна.
— Гэта стрыечны брат мой, пане Гарбацэвіч,— пазнаёміў Шлёма.— Эля. З Мінска. У госці прыехаў. На свята наша. На Пурым...— паказаў рукою на яшчэ адны дзверы. У белую хату.— Хадзем сюды, пане. Пагешэфтуем троху. Бэйля зараз усё вам прыгатуе, што трэба. Панясе Сора Сяргеенку, папу, паштавіку, урадніку дадому, дык i вам па давозе падасць...
— Hi сам, пане Шлёма, занясу. Нязломак.
Шлёма адчыніў філянговыя дзверы i прапусціў яго ў белую хату — вялікі, але не зусім утульны ды чысты пакой. Справа грувасціўся старадаўні запылены камод, на ім стаялі масянджовыя падсвечнікі, медны пацямнелы самавар, у самім камодзе былі талеркі, чаркі. Пасярэдзіне пакоя вісеў на жалезным круку, прывінчаным да бэлькі, бронзавы сямісвечнік. Ён надаваў гэтай сялянскай хаце нейкую панскую пышнасць.
Фарбаваныя, белыя сцены былі голыя. Толькі злева, над старым, з абабітымі рагамі куфрам, ад усходу, вісела вялікая карціна — мізрах, як чуў ужо Гарбацэвіч. Тут Шлёма, як бачыў, маліўся тры разы на дзень. Аднойчы, як Гарбацэвіч першы раз зайшоў сюды, Шлёма сам расказаў: на гэтай карціне намаляваны далёкі адгэтуль горад з дзівоснымі дамамі i вежамi, з руінамі замка. Унізе карціны было напісана на старой яўрэйскай мове: «Ніколі цябе не забуду, Іерусалім». Уворсе карціпы нібы віселі ў паветры два крылатыя львы. У пярэдніх лапах у ix быў невялікі ліст паперы, на якім залатымі літарамі былі напісаны дзесяць наказаў.
Яшчэ лявей — цагляны стаяк, спальня. Шлёма вынес адтуль зэдлік, паставіў каля стаяка.
— Сядайце, пане Гарбацэвіч,— прамовіў,— Я пастаю, а вы садзецеся. Вы самы паважаны ў мяне чалавек.