2.
— Во спакутаваўся! — ціснучы руку, бойка сустрэў Алеся Васілевіч.— A схуднеў! Вочы запалі! Скроні пасівелі!
Алесь быў збіты з панталыку. Па-першае, перад гэтым саромеўся заходзіць у рэдакцыю (нямала часу патаптаўся вакол будынка, перш чым зайсці сюды), а Сямён атакаваў яго гэтак знянацку, па-другое, у пакоі сядзеў франтаваты дзядзька, які слухаў i з іроніяю пасміхоўваўся. З ix абодвух. А Сямён — нізкі, Алесю па плячук, кучаравісты, у шэрым даўгаватым сурдуце — не зважаў нi па што, гаварыў тое, што думаў. Ён такі — шчыры, эмацыянальны, без ніякіх хітрыкаў, можа, часамі i залішне ўжо непасрэдны,— быў заўжды.
— Ды распрані ты, балаболка, чалавека, дай яму аддыхацца,— паўшчуваў яго франтаваты дзядзька.
— Распранайся,— Сямён пачаў сцягваць з яго паліто.— У нас, праўда, не зусім цёпла, бо беражом вугаль i дровы, але ты, як i кожны вясковы чалавек, не павінен баяцца холаду...
I, як толькі ён распрануўся, прычасаўся, павалок яго з пакоя.
У пакоі, куды неўзабаве падштурхнуў яго Сямён, сядзела двое мужчын. Адзін бландзін, у сціплым, але акуратным шэрым гарнітурчыку, з невялікімі вусікамі, гадоў дваццаці пяці, гэта, відаць, i быў Янка Купала (Янку Купалу на той час было ўжо крышку за трыццаць), другі мужчына быў гадоў пяцідзесяці, мажнаваты, з буйнымі вусамі.
— Выбачайце, дзядзька Янка. Я прывёў госця, Алеся Нямкевіча,— сказаў Васілевіч.
— Прыемна,— прамовіў маладзейшы, устаў, падаў руку. Зірнуўшы зблізку, Алесь убачыў: у Янкі Купалы амаль карыя вочы, узмужалы, хітравата-насмешлівы позірк.— Янка. А гэта,— кіўнуў на старэйшага,— дарагі наш Ігнат Буйніцкі.
Той гэтаксама падняўся i падаў Сямёну i Алесю цёплую руку.
— Яшчэ раз выбачайце,— папрасіў Сямён,— не будзем замінаць, зойдзем пазней.
— Пасядзіце з намі, калі ласка,— грудным голасам прамовіў Янка Купала.— Замінаць нам вы не будзеце. Бо мы гаворым не толькі пра сваё, а пра наша агульнае. Вось дзядзька Ігнат хоча туды пад май даць такую аб'яву...— узяў са стала паперку, падаў Сямёну,— а што датычыць вас, дарагі Алесю, дык працуйце. Я веру Сямёнавай атэстацыі. Сямён пакажа вам ваша месца, дасць вам работу. А пагаварыць яшчэ пагаворым не раз.... Жыць вам у Вільні будзе нялёгка, дык прыйдзецца, можа, знайсці яшчэ які i пабочны заробак... Калі не памогуць вам знайсці яго вашы сябры, дык звяртайцеся, можа, памагу яго знайсці я...
— Дзякую,— схіліў галаву Алесь.
— Калі ласка,— усміхнуўся той. I ў яго вачах бліснуў ужо не ўсмешліва-гарэзны ці перасцерагальна-пільны, як Алесю здавалася напачатку, а спрыяльны позірк. Адчувалася: гэты бландзін-прыгажун эмацыянальны, але стрыманы, а то нават i сарамлівы чалавек.— Выбачайце, Алесю, вы з католікаў?
— У нас, у прыналібацкім краі, амаль усе католікі. Але я з праваслаўнай вёскі,— адказаў Алесь.— У праваслаўе мы трапілі пасля 1863-1864 гадоў...
— Дык ваша веска моліцца на ўсход сонца, a ўсе астатнія вакол — на заход? — усміхнуўся Купала.
— Нe. I ў нас, i ў іншых вёсках амаль усе сяляие лічаць сябе «тутэйшымі»...
— Дзякуй богу, калі так! — прамовіў Купала.— Бо нам з дзядзькам Ігнатам, на жаль, шмат дзе i тут, у Вільні, гэтаксама прыходзілася бачыць якраз адваротнае. Занепакоены, я нават думаю напісаць i надрукаваць пра гэта спецыяльны артыкул... Як, на ваш погляд, вось такія думкі? — Ён узяў са стала лісток i пачаў чытаць з яго: — «Апрача палітычнай i эканамічнай залежнасці, была i другая прычына, асляпіўшая светапогляд беларуса,— гэта рэлігійная нязгода двух хрысціянскіх абрадаў у нашым краі: каталіцтва i праваслаўя. Гэтыя дзве царквы — заходняя i ўсходняя, ведучы вечную спрэчку паміж сабою, раздзяляюць наш ядыны народ на дзве часці, адных i тых жа дзяцей сваёй маткі-зямлі водзяць паміж сабой, даводзячы нават часта да бойкі за святы знак хрысціннства — крыж... Гэта змаганне дзвюх вер не толькі дзеліць беларусаў на дзве часці па рэлігіі, але, самае важнае, забівае ў ix свядомасць i пачуццё нацыянальнай еднасці. Беларусу-католіку ўгаварваюць, што раз ён католік, то ён — паляк, i не павінны братацца з тым, хто іншай веры; беларусу-праваслаўнаму кажуць, што раз ён праваслаўны, то ён — расіец, i католіка-беларуса павінен сцерагчыся, бо ён — паляк. I што з гэтага выходзіць? Расце нязгода, расце нянавісць — рэчы, нікому не патрэбныя, апрача хіба ворагаў нашага народа...»[8]
— Дакладна ўсё i слушна,— як Купала скончыў чытаць, першы загаварыў Сямён.— Такі артыкул, дзядзька Янка, трэба мусова надрукаваць. Ён вельмі своечасовы, патрэбны.
— Добра, Сямён. Надрукуем,— усміхнуўся Купала. Зірнуў на Алеся.— Як жывуць налібачане? Пpa што ix найбольшы клопат?
— Пpa зямлю,— адказаў Алесь.— Як i ўсюды, мусіць.
— Надта не паверылі, што Сталыпін ашчаслівіць?
— Не. У нас мала хто пайшоў на хутар, узяў водруб.[9] Вельмі не асмеліліся лезці ў пятлю пазямельнага банка, браць крэдыты. Як не кінулася-рынулася шмат i ў Сібір.
— Сталыпін хацеў суцішыць вясковы люд, але не суцішыў,— пахітаў галавою Купала.— Багатыя пабагацелі, а бедныя засталіся беднымі. Але вёска разварушылася. Многія ўжо не вераць у салодкія абяцанкі, бачаць несправядлівасць... Нам трэба вельмі пільна сачыць, добра ведаць, што робіцца ў вёсцы, чаго хоча селянін. Во ў вёсках — беларускі люд[10] наш чытач. Горад наш іншамоўны[11]. Чужародны, як кажуць.
— I яшчэ ў апошні час вельмі пра вайну загаварылі...
— Порахам папраўдзе вельмі запахла...— уздыхнуў Купала.— I ў Пецярбурзе, i тут, у Вільні, таксама пра яе шмат гавораць. I калі вайна ўсім страшная, дык нам удвая. Калі нехта можа спадзявацца, што ў ліха будзе ўбаку, дык мы, на жаль, на такое спадзявацца не можам... Зямлі нашай вайна не абміне, як нiколi не абмінала... Бо нам бог чамусьці вызначыў жыць на скрыжаванні ваенных дарог...— замаўчаў, падумаў.— Ну, а «Нашу ніву» ў вас чытаюць? Вераць ёй? Ці абыякавыя?
— Чытаюць, але не ўсе...— прызнаўся Алесь.— Таму...
— Ясна,— усміхнуўся Купала.— Нy што ж, Алесю, памагайце i вы змагацца за розум i душу кожнага нашага чалавека...
Як адыходзіліся, з ветлівасцю зірнуў Алесю ў вочы i Ігнат Буйніцкі, што маўчаў увесь час. Яго з тэатрам i хорам Алесь бачыў у Нясвіжы там пазалетась, але цяпер адразу не пазнаў. Відаць, адразу ж пазнаў бы ў танцы. Буйніцкі танцаваў адмыслова — шпарка, агніста, самааддана. Як i напісана ў Купалавых радках:
Алесь i Сямён выйшлі з пакоя.
[8] Артыкул Янкі Купалы «Вера i нацыянальнасць» надрукаваны ў «Нашай ніве», 1914, № 27 пад подпісам: I. Л., а таксама — у Зборы твораў, 1970, т. 7, с. 212.
[9] Селянін пры водрубным падзеле не пераносіў сядзібу на ўчастак, a жыў у вёсцы.
[10] На 1.1.1913 года ў Беларусі (у сучасных межах) у гарадах жыло 990,0 тысяч чалавек (14%), па вёсках — 5909,0 (8(5%). «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя». БелСЭ, 1981, т. 4, с. 9.
[11] Паводле перапісу 1897 года ў Беларусі (у сучасных межах) найбольшы працэнт беларусаў у параўнанні з Мінскам, Гродна, Віцебскам быў у Магілёве i складаў 30 %.